Архіў

Раман Станкевіч. Біржа

№ 6 (163), 7 — 14 лютага 2000 г.


 

Біржа

Чаму гэтае месца называюць «Біржай», ня ведаю, але і па сёньня кожны доўгажыхар Грушаўкі скажа: «Пайшоў на біржу» альбо: «Быў учора на біржы».

Калі збочыш з вуліцы Чыгуначнай у праезд аўтабазы, пройдзеш паўз нагрувашчаньне гаражоў, узьнімесься па раструшчаных бэтонных прыступках стромкае лесьвіцы альбо па сьцежцы ўздоўж яе, і калі ўрэшце ўбачыш трохі зьлева амаль сярэднявечнага выгляду парэшткі муроў былога ДК камбінату сылікатных вырабаў, ведай — ты на Біржы. Дакладней, на яе ўскрайку.

Менавіта гэтай сьцяжынаю маці вадзіла нас некалі зь меншым братам у дзіцячую паліклініку, якая колісь месьцілася тут у адным з баракаў. Страшнавата было крочыць між цёмных і нібы ўрослых у зямлю гаражоў, збудаваных з рознага ламачча. Затым караскацца, хапаючы рукамі траву, па схілах высознага ўзгорку і блукаць між старых і чорных надмагільных камянёў з выбітымі на іх крыжамі і незразумелымі нам тады лічбамі і літарамі. Амаль заўсёды на паваленых гэтых камянях, у розных кутках былых могілак нейкія зашмальцаваныя дзядзькі — хутчэй за ўсё, рабочыя зьмешчаных паблізу прадпрыемстваў сац. гаспадаркі — з выгодамі пілі «Солнцедар» альбо «Лучистое» з рыльцаў вялікіх і чорных бутэлек.

А трохі пазьней, у школе, наш настаўнік маляваньня Антон Іванавіч прыводзіў нас сюды на свае ўрокі. І як жа прыемна было ў сонечны верасьнёўскі альбо кастрычніцкі дзень зьбіраць тут такія вялізныя і прыгожыя кляновыя лісты, маляваць іх потым у альбом, а лепей за ўсё — проста дурэць, сьмяяцца і насіцца між дрэваў і магільных камянёў, паваленых, і таму зусім ня страшных, па такой зялёнай яшчэ траве. А калі супакоіцца раптам на хвілінку, павярнуцца ў бок роднай Грушаўкі, дык можна было ўбачыць ня толькі свае брудна-шэрыя цагляныя і брудна-жоўтыя блочныя хрушчоўкі, але і там, далей, недасяжна-вабныя гмахі на пачатку праспэкту Пушкіна, якія яшчэ толькі будаваліся тады. А з прачыненых вокнаў неразбуранага яшчэ ДК чуваць былі ня вельмі ўпэўненыя гукі нейкіх музыкаў...

Цяпер ужо даўно і знаку няма, што тут некалі былі тыя могілкі. Толькі ацалелыя старыя дрэвы пакуль яшчэ вартуюць спачылыя пад імі душы. Ды нейкім дзіўным прывідам стаяць рэшткі муроў ДК.

А самы цэнтар Біржы — скрыжаваньне вуліц Мініна і Папова — амаль не зьмяніўся. Як і даўней, пад’ехаць сюды з «гораду» можна на аўтобусе 6-га маршруту, здаецца, тым самым старэнькім «ЛАЗе» з майго дзяцінства. Тут па-ранейшаму стаіць прадуктовая крама, у якой і сёньня гандлююць «чарніламі», толькі ўжо зь «незалежнымі» назвамі кшталту «Падвячорак» ды «Крыжачок», а зашмальцаваныя дзядзькі часьцяком ужываюць іх тут жа, на прыступках ля дзьвярэй, бо ня могуць стрываць, каб адысьціся колькі крокаў хоць бы да былых могілак.

Раман Станкевіч


Каментары

Цяпер чытаюць

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі22

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Ці будзе Расія здымаць вяршкі з нафтавага крызісу праз вайну ў Іране? Выглядае, што так18

У Маскве тыдзень не працуе мабільны інтэрнэт, бізнэс страчвае мільярды20

Самай дарагой кватэрай Міншчыны ў лютым стала кватэра ў панэльцы

У мінскім заапарку будзе жыць ільвіца

«Адсячэш адну галаву — вырастаюць новыя». Як кіраўніцтва Ірана пабудавала сістэму, якая дазваляе ўтрымліваць уладу10

Дэлегацыі РФ і ЗША правялі перамовы ў Фларыдзе

Кэці Пэры супраць Кэці Пэры. Аўстралійская дызайнерка выйграла пазоў супраць спявачкі, з якой судзілася з-за імя

Трамп: ЗША ўжо атрымалі перамогу над Іранам9

У Магілёве з'явіўся «мост імя Героя Савецкага Саюза М.І. Яшына». Назва тройчы парушае заканадаўства5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі22

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць