Архіў

Алег Гардзіенка. Невядомыя старонкі беларускага паходу

№ 38 (195), 18 — 25 верасьня 2000 г.


 

Невядомыя старонкі беларускага паходу

 

17 верасьня — дзень узьяднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі. Летась да 60-й гадавіны падзеі былі перавыдадзеныя плякаты, што выяўляюць палкія абдымкі беларускага вяскоўца і савецкага жаўнера: “Ты з Заходняй, я з Усходняй нашай Беларусі, Больш з табою ўжо ніколі я не разлучуся…”. 17 верасьня пачаўся беларускі паход Чырвонага войска, які цягнуўся да 25 верасьня. Дзевяць дзён, якія зьмянілі назаўжды жыцьцё цэлага рэгіёну. Ня будзем сёньня абмяркоўваць, што несьлі “вызвольнікі з Усходу”. Сёньня ў “НН” – пра ваенныя падзеі таго часу.

 

Савецкі Саюз пачаў рыхтавацца да вайны яшчэ ўвесну 1938 г., калі сканцэнтраваў на заходніх рубяжох значную колькасьць войска. 1 верасьня 1939 г. нападам нямецкай арміі на Польшчу распачалася другая сусьветная вайна, а ўжо 3 верасьня наркам абароны Клім Варашылаў выдаў дырэктыву “Аб павышэньні баявой гатоўнасьці ў заходніх вайсковых акругах: Ленінградзкай, Маскоўскай, Калінінскай, Кіеўскай, Менскай”. На наступны дзень абвесьцілі мабілізацыю маладых людзей, народжаных у 1918—21 г., у Чырвоную Армію.

7 верасьня 1939 г. на базе вайсковых груповак на заходніх межах былі створаныя Беларускі і Ўкраінскі франты. Камандарм Міхаіл Кавалёў стаў камандуючым Беларускага фронту, які складаўся з чатырох армій, стралковага корпусу, кавалерыйска-механізаванай і авіяцыйных групаў і шматлікіх спэцаддзелаў. На 17 верасьня ён налічваў 200 тыс. чалавек, а на пачатак кастрычніка — 700 тыс.

Польскае вайсковае кіраўніцтва да апошняга моманту ня верыла ў магчымасьць нападу Савецкага Саюзу. Naczelny wodz польскага войска Рыдз-Сьміглы ў сваіх дырэктывах яшчэ летам 1939 г. рэкамэндаваў сваім падначаленым засяродзіць ўвагу на абароне заходніх межаў. А ў сярэдзіне верасьня, калі нямецкія войскі захапілі большую частку этнічнай Польшчы, краіна рыхтавалася да вайны з гітлераўцамі на сваіх ўсходніх крэсах: ствараліся адмысловыя вайсковыя групы, якія мусілі абараняць Вільню, Горадню, Беласток, Берасьце, Пінск, нават стаўка Рыдз-Сміглага дзеля гэтага была перанесеная ў Берасьце, Пінск, потым — у Давыд-Гарадок.

Аднак у 4 раніцы 17-га войскі Беларускага і Ўкраінскага франтоў перайшлі мяжу. У ноч на 17 верасьня ў Маскве ў наркамат замежных спраў быў выкліканы польскі пасол Гжыбоўскі, каб атрымаць ноту савецкага ўраду, у якой адзначалася: “Польская дзяржава перастала існаваць, і Савецкі Саюз перайшоў усходнюю польскую мяжу, каб узяць пад сваю абарону заходнебеларускія і заходнеўкраінскія землі”. Усхваляваны амбасадар ня здолеў і слова выціснуць зь сябе, аднак катэгарычна адмовіўся прыняць ноту.

Другая Рэч Паспалітая была асуджаная на паразу, ваяваць на два франты было немагчыма. Трэ было рашаць, што рабіць далей. Пад вечар 17 верасьня Рыдз-Сьміглы разаслаў дырэктыву, у якой казалася: „Саветы перайшлі мяжу. Загадваю агульнае адступленьне ў бок румынскай і вугорскай мяжы найкарацейшымі шляхамі. З бальшавікамі ў баі не ўступаць, хіба толькі ў выпадку нападу зь іхнага боку альбо спробы раззбраеньня імі нашых аддзелаў”.

Польскія фармаваньні паводзілі сябе па-рознаму. Адны змагаліся з чырвонымі войскамі. Іншыя выконвалі загад Рыдз-Сьміглага і прабіваліся да румынскай і мадзярскай межаў — найперш гэта тычылася аддзелаў, разьмешчаных на ўкраінскай тэрыторыі. Вайсковыя часткі, што знаходзіліся на Заходняй Беларусі, аказаліся закладнікамі сітуацыі: сысьці на паўднёвыя межы яны не пасьпявалі, таму перад імі было тры варыянты: ці скласьці зброю, ці змагацца з новым акупантам, ці адыходзіць у Літву. У баёх з Саветамі ўдзельнічалі батальён “Клецак”, полк “Вялейка”, кавалерыйскі эскадрон “Краснае”, батальён “Будслаў”.

Фактычна бяз бою была здадзеная Вільня. У горадзе на 17 верасьня сабралася 14 тыс. жаўнераў, дзевяць няпоўных батальёнаў пяхоты, эскадрон кавалерыі, эскадрон вэлясыпэдыстаў, сапёрнае падразьдзяленьне і дзьве батарэі артылерыстаў. Толькі 7 тыс. жаўнераў былі ўзброеныя. На нарадзе вайсковых камандзіраў было вырашана падпарадкавацца дырэктыве Рыдз-Сьміглага, зьберагчы жаўнераў і адступіць з войскамі ў яшчэ незалежную Літву. Толькі невялікая колькасьць жаўнераў аказала супраціў савецкім войскам.

Два дні абаранялася Горадня. Напачатку горад быў без абаронцаў — раскватараваных тут жаўнераў на пачатку верасьня ўсіх накіравалі на нямецкі фронт, і толькі ў другой дэкадзе месяца ў Горадню пачалі прыбываць войскі. Напачатку гэта былі два неўкамплектаваныя батальёны і некалькі дзясяткаў афіцэраў, што пазьбеглі нямецкага палону. 17 верасьня кіраўніком абароны Горадні (натуральна, ад немцаў!) быў прызначаны генэрал Юзаф Ольшын-Вільчынскі, праз два дні яго зьмяніў генэрал Сядлецкі. У ноч з 19 на 20 верасьня ў горад прыбылі 101-шы і 102-гі палкі ўланаў, ужо былі сфармаваныя абарончыя групы з вучнёўскай моладзі, найперш з навучэнцаў гімназій імя Адама Міцкевіча і Генрыка Сянкевіча. 19 верасьня стала зразумелым, што абараняць горад прыйдзецца ад бальшавікоў.

Раніцай наступнага дня першыя танкавыя савецкія аддзелы перайшлі мост церазь Нёман. Добраахвотніцкая група з гімназістаў закідала іх бутэлькамі з запальнай сумесьсю; гледзячы на посьпех вучняў, да іх далучыўся атрад з паліцыянтаў і жаўнераў. Савецкія танкі былі зьнішчаныя на Дамініканскай вуліцы, вуліцы Гувэра, пляцы Батуры. Агулам было зьнішчана каля 20 танкаў, а некалькі танкістаў былі ўзятыя ў палон. Танкавая калёна мусіла часова адступіць. Пасля палудня пачаліся больш рэгулярныя атакі на горад. З 20 на 21 верасня баі ішлі ўздоўж Нёмана. Да вечара 20 верасьня ў Горадню прыбылі два цягнікі з польскім войскам (часткамі 19 запаснай дывізіі пад кіраўніцтвам Зыгмунта Блюмскага), якое далучылася да абароны. Але сілы былі няроўныя. З раніцы 21 верасьня камандаваньне абаронай гораду пастанавіла эвакуавацца. Значная частка жаўнераў адступіла на аўтамабілях і цягніках ў бок Літвы. Насельніцтва ж гораду адрэагавала на такія дзеяньні крайне нэгатыўна. Вайсковыя часткі, якія засталіся ў горадзе, працягвалі абараняцца ў старым каралеўскім замку, у кашарах 81 полку стральцоў. Толькі 22 верасьня супраціў Горадні быў зламаны.

Да 25 верасьня ўся Заходняя Беларусь апынулася пад савецкай уладай. У выніку тыднёвага паходу Саветы на 25 верасьня захапілі, па мінімальных падліках, каля 60 тыс. чалавек палону. Гэта былі ня толькі жаўнеры, але і паліцыянты, студэнты, харцары і інш. Найбольш іх трапіла ў палон каля Вільні, Ашмяны, Баранавічаў. 21 верасьня Міхаіл Кавалёў выдаў загад пра арышт усіх польскіх афіцэраў і жаўнераў. Многія зь іх навечна лягуць у зямлю пад Катыньню і Асташкавам. Агулам за паўтара году пад рэпрэсіі ў Заходняй Беларусі, паводле вельмі прыблізных падлікаў, падпала больш за 120 тыс. чалавек.

Страты Чырвонай Арміі на беларускім фронце склалі 316 чалавек забітымі, 916 параненымі. 22 верасьня 1939 г. у Берасьці адбыўся сумесны парад нямецкіх і савецкіх войскаў. Польскай дзяржаве 5 гадоў прыйдзецца існаваць у падпольлі.

Алег Гардзіенка


Каментары

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра14

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

«Так людзі і жывуць»: шакавальныя кадры з гомельскага інтэрната10

Кіеўскі суд падоўжыў арышт Іны Кардаш, якую падазраюць у шпіянажы на КДБ. Яна паскардзілася на ўмовы ўтрымання4

Адну з жанчын па справе «дваровых чатаў» асудзілі на 10 гадоў6

ДАІ: Калі аўто, выязджаючы з двара, саб'е самакат, то вінаватым прызнаем самакатчыка11

Па справе Гаюна асудзілі Настассю з Віцебска, якая рабіла кар'еру ў вялікіх кампаніях у Расіі5

Гарналыжны комплекс «Лагойск» закрываецца пасля 22 гадоў працы8

У Беластоку адбыўся мітынг-канцэрт да Дня Волі2

Легендарныя «Хутка-Смачна» яшчэ існуюць і карыстаюцца папулярнасцю1

Што рабіць з кнігамі, якія трапілі ў спіс забароненых у Беларусі? Адказалі ў Мінінфармацыі13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра14

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць