Архіў

Тацяна Сьнітко. Царыца палёў

№ 38 (195), 18 — 25 верасьня 2000 г.


 

Царыца палёў

Месяц пад знакам бульбы: сёлета яе можа ўрадзіць 13 млн. тон, у 1,5 разы болей, чым летась

 

Верасень – месяц, які прымірае ворагаў, часова яднае нацыю і нагадвае ёй аб уласнай зямлі ды аб сапраўдных каранях. Месяц, які праходзіць у Беларусі пад знакам бульбы.

Ролю бульбы як часткі жыцьця, зьявы, фактару і нават крыніцы беларускага мэнталітэту цяжка па-сапраўднаму ацаніць, калі маеш гарадзкое дзяцінства. Ня дужа таму спрыяе і студэнцкі пэрыяд зь ягонай добраахвотна-“прынудзіцельнай” рамантыкай. Але вось студэнцкія гады забыліся, а малалетнія нашчадкі павырасталі зь пялюшак. На мове вясковых сваякоў ты цяпер завешся “вольнай гарадзкой істотай, якая бадзяецца безь пяці сотак, працоўных мазалёў, меху бульбы й чыстага паветра”. Самы час выдаткаваць некалькі дзён для вандроўкі на вёску!

Мой прыяцель, былы вайсковец, бульбы ніколі не выбіраў, а таму працягвае лічыць “царыцай палёў” сваю артылерыю. Той, хто прыдумаў гэткі афарызм, таксама ня бачыў асалоды жыцьця на мірных абшарах палеткаў. Бульба й толькі яна – каралева восені, валадарка розуму й душы, карэкціроўшчыца жыцьцёвых плянаў, наводчыца на мэту й выклікальніца азарту.

У школе трэба сіламі бацькоў клеіць вокны? “Толькі не ў выходныя!” – абвяшчае бацькоўскі сход. Бо ў пятніцу вучні, маткі з татамі, настаўніцы, усе, акрамя, мо, аднаго вартаўніка – капаюць бульбу. У сяброўкі дзень нараджэньня? “Сьвята пераносіцца: спачатку трэба на вёску!” І так амаль скрозь.

Восеньскі бульбазбор – “нацыянальнае паляваньне” са станоўчым вынікам, асаблівасьці якога пачынаюцца яшчэ ў Менску, за дзясяткі й сотні кілямэтраў ад картапляных палеткаў глыбінкі. Квіткі на аўтобусы разыходзяцца, як квіткі на адзіны канцэрт сусьветнага турнэ эстраднае зоркі. Чэргі на аўтазапраўках пасьля абеду ў верасьнёўскую пятніцу. “Хвасты” на кожным скрыжаваньні са сьвятлафорам: чым бліжэйшая кальцавая аўтатраса, тым даўжэйшыя калёны рознакалібарных і разнамасных сродкаў перамяшчэньня. Уражаньне, што, усьсеўшы на колы, на выезьдзе з гораду выстраіўся ледзь ня ўвесь наш двухмільённы мэгаполіс. Выбрацца зь Менску займае амаль столькі ж часу, як даімчаць да жаданай правінцыі! Сталіца з цэнтрабежным рухам машын у бок правінцыі – люстэрка краіны, што згадала пра карані ды імкнецца на палеткі. Амаль суцэльны паток транспарту ў напрамку ад гораду. Вырваўшыся на волю зь сеткі гарадзкіх кварталаў, броўнаўскага руху натоўпаў, будзённых раскладаў, раптам разумееш: уся краіна зараз гэтак жа адпачывае вокам на прыдарожных краявідах, гэтак жа любуецца панаваньнем жоўтых фарбаў і прыкладна тым жа чынам нечакана да глыбіні душы асэнсоўвае незваротны прыход чарговай беларускай восені…

А вёска сустракае цішынёй, радаснымі “авацыямі”, багатым сталом і пытаньнем: “Чаму позьнішся?”

Гаспадарам цяжка ўявіць калёны аўтамабіляў пры сьветлафорах. Яны за сёньня ўчатырох прайшлі восем радкоў. Учора і заўчора яны зрабілі прыблізна тое самае. Беларусь капае бульбу апантана і ўпарта, бо ведае, што працуе на сябе й сваю будучыню, а не на “дзядзьку”, і ведае, што ніхто тут не дапаможа. Ніхто, акрамя сваіх.

З гэтай жа прычыны вёска капае бульбу натхнёна і душэўна. Штоверасьня я зноў зьдзіўляюся ўзаемадапамозе вяскоўцаў. Як бы цяжка ні было, сям’я цёткі Веры абавязкова дапаможа выбраць картоплі свайму швагру дзядзьку Івану; потым дзядзька Іван прыедзе з суседняга раёну ды, не чакаючы, пакуль цётка Вера дамовіцца з калгасам, выгарэ ейную бульбу ўласным канём. Выбраўшы бульбу цёткі Веры, абедзьве сям’і пойдуць на помач сяброўцы цётцы Каці, бо, па-першае, яна свая, а па-другое, ёй цяжэй: адзін сын у арміі, другі – год як загінуў…

Але мы трапляем у вёску якраз пад час вечаровага перапынку ў працы, час стомы. Людзі паджыўляюцца і ажыўляюцца ад вясковых напояў: хатняе віно пад назвай тыпу “мацаваны ігрушавы сок” ды “буракоўка” (самагнёт з буракоў). Гэта могуць быць і “жытнёўка” альбо шляхетнае віно з малінаў ці нават зь вінаграду (разьлі ў якія “фірмовыя” пляшкі – трасцу здагадаешся, што сваё, вясковае!). Беларуская вёска прадукуе й ажынавую настойку, ад якой займае дух, і лікёр зь вішнёвага лісьця — незвычайнага водару, а сям-там не забыты й зёлкавы крупнік, гатаваны яшчэ, здаецца, з часоў Астроскага. Беларуская вёска ўмее піць і закусваць уласнымі вясковымі стравамі – ня горш, чым, скажам, якая грузінская; беларускую вёску ўсё часьцей абвінавачваюць у п’янстве й параўноўваюць з расейскай; тым ня менш ужо назаўтра вы на сабе адчуеце, што на бульбе не пачаставацца хоць бы “мацаваным ігрушавым сокам” – немагчыма.

Вёска капае бульбу, забыўшыся на ўсё, нават на розныя цялесныя балячкі, да пераможнага канца. Як бы ні заламала сьпіну, вы ня зрушыце з дыстанцыі, бо вунь побач грабуцца ў зямлі малыя пляменьнікі, ня ўседзела ў горадзе маці з хворай нагой, а дзядзька, у цемры саскочыўшы з возу, зусім падвярнуў нагу, але ўпарта паўзе па радзе ўверх, па схіле Васілеўскай гары: “Нічога! Гэтую вышыньку мы возьмем-такі штурмам!”

На абед, як звычайна ў час бульбакапаньня, ня пойдзе ніхто, і вясковы стол, па-восеньску багаты, з крынічнай вадой і хатнім віном з буракоўкай на выбар будзе ўзгадвацца гэтак жа, як абедныя перапынкі пры зборы грыбоў у далёкім дзяцінстве пад час летніх канікулаў. Як печаная бульба й смажанае на вогнішчы сала ў паходзе з двума начлегамі пад намётам.

Бульба – амаль як вясельле ці іншае сямейнае сьвята: тут сустрэнеш усіх блізкіх сваякоў. А вось сябрам дзяцінства толькі здалёк памахаеш. Пагаварыць пайсьці няма калі, пад вечар разам пасядзець – таксама. Бульба – не сяброўскі клюб, а збор радні. Больш свой бульбе той, з кім яе капаеш, а потым яшчэ трэба перабраць… Вы можаце стаміцца, заснуць у прыдарожнай траве ад буракоўкі, ірвацца ў лес па апенькі — абавязку капаць бульбу ніхто з вас ня здыме, не зважаючы на любыя абставіны, а цяжкасьці толькі прыдадуць падзеям кіношнага шарму і аздобяць іх прыгодамі.

“Вось прыеду – пагутару зь вясковымі пра блізкія выбары”, — думала я, едучы зь Менску перад выходнымі. “Пойдзеце на выбары?” – “Вядома”. – “А вы хоць ведаеце, хто ў вас балятуецца?” – “Ну, нехта балятуецца…” А потым яны запытаюць, што гэта там у нас у Менску за байкот… Так я ўяўляла сабе гэтую размову. Але на шляху назад, у гэткім жа суцэльным патоку машын, але цяпер – у бок Менску, я раптам узгадала, што ні пра якія выбары я на вёсцы так і не распытала. “Не дуры галавы, якія яшчэ парлямэнты?” – а потым само забылася. Гэткі вось картапляны байкот атрымаўся.

…Сядзелі мы пару год таму зь сябрамі на кухні. Песьням пад гітару падпявалі. Гаворка зайшла пра вёску: што яна нічога ня цяміць у палітыцы.

— Яна й не павінна цяміць у палітыцы! – раптам абарваў адзін прыяцель нашыя стогны пра народ і енкі пра будучыню. – Бульба, што на тваім стале – зь вёскі? Ну дык пакуль ты будзеш мець яе й не забудзешся, адкуль яна… — Ён узьняў келіх і скончыў нечакана для нас усіх: — Датуль – Жыве Беларусь!

Штоверасьня мне здаецца: мой сябра, мусіць, меў рацыю.

Тацяна Сьнітко


Каментары

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра14

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

Кіеўскі суд падоўжыў арышт Іны Кардаш, якую падазраюць у шпіянажы на КДБ. Яна паскардзілася на ўмовы ўтрымання4

Адну з жанчын па справе «дваровых чатаў» асудзілі на 10 гадоў6

ДАІ: Калі аўто, выязджаючы з двара, саб'е самакат, то вінаватым прызнаем самакатчыка11

Па справе Гаюна асудзілі Настассю з Віцебска, якая рабіла кар'еру ў вялікіх кампаніях у Расіі5

Гарналыжны комплекс «Лагойск» закрываецца пасля 22 гадоў працы8

У Беластоку адбыўся мітынг-канцэрт да Дня Волі2

Легендарныя «Хутка-Смачна» яшчэ існуюць і карыстаюцца папулярнасцю1

Што рабіць з кнігамі, якія трапілі ў спіс забароненых у Беларусі? Адказалі ў Мінінфармацыі13

Колькі каштуе дарослай жанчыне зрабіць прышчэпку ад ВПЧ у Беларусі і дзе яе шукаць?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра14

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць