Архіў

Аляксандар Фядута. Тыя ж. Бяз Мэган Фіцджэральд

№ 34 (296), 13 верасьня 2002 г.

спэцыяльна для “НН”

Тыя ж. Бяз Мэган Фіцджэральд

Адмова ў візе апошняй супрацоўніцы КНГ АБСЭ, якая прадстаўляла ў гэтай арганізацыі эўраатлянтычную супольнасьць, прадэманстравала, што беларускія ўлады па-ранейшаму ня здольныя на гульню. Наагул — ні на якую гульню, бо дагэтуль яны дзейнічалі выключна ломам і фінкай, як і належыць нармальнаму бандыту з Брынскіх лясоў, — выганялі са сваіх пушчаў і балотаў усіх прыхадняў, незалежна ад аргумэнтаў, якімі тыя спрабавалі абгрунтоўваць сваё права прысутнічаць у нашай краіне.

Адмова ў працягу візы спн.Мэган Фіцджэральд была папросту бессэнсоўнай. Гэтая маладая прывабная паненка — амэрыканка, але больш ніякіх адмоўных з гледзішча беларускае ўлады якасьцяў яна не дэманстравала. За тыдзень да адмовы яна з сумам сказала мне: “Я ж разумею, калі гэта адбудзецца, дык зусім не таму, што я такая важная пэрсона”. Мелася на ўвазе, што яе выкінуць зь Беларусі па інэрцыі. Так усё і адбылося. Думаю, прэзыдэнту пра такое рашэньне маглі і не дакладаць: у яго сёньня спраў і так хапае, няма чаго за нашае дыпляматычнае хамства адказнасьць на ягоныя плечы перакладаць. Бо нашым замежнапалітычным ведамствам і без таго ўпэўнена кіруюць дыпляматы, якія валодаюць тонкасьцю пітэкантрапаў і вытанчанасьцю дубаломаў.

Наяўнасьць у Менску апошняга заходняга супрацоўніка КНГ адкрывала перад беларускім МЗС шырокае поле для гандлю з Захадам. Тым больш — вялося пра амэрыканскую грамадзянку, якая безь пяці хвілінаў як выходзіла замуж за грамадзяніна Беларусі. Я пэўны, што шлюб міс Фіцджэральд адбудзецца нягледзячы на ўсе намаганьні спадара Сhvаstoff’а. Але нам ад гэтага не лягчэй. Гэтая мілая паненка магла сьпісаць у вачах Захаду ўсё. Вось як Пуцін, уступіўшы ў антытэрарыстычную кааліцыю, прадэманстраваў, што Расея з “імпэрыі зла” ператварылася ў зразумелага і цалкам таварыскага мядзьведзя, які танчыць яшчэ не навучыўся, але на людзей ужо ня кідаецца. Так і мы — схаваліся б за амэрыканку. Не, маглі сказаць мы, гэта ўсё Вік папутаў, гэта ад прасякнутых ягоным атрутным духам супрацоўнікаў мы пазбаўляліся. А Мэган зь ім не працавала, таму няхай сядзіць у Менску і спакойна рыхтуецца да вясельля. А наўзамен, калі ласка, усё ж перагледзьце мандат гэтай вашай КНГ.

Цяпер ніхто мандат пераглядаць ня будзе. Яго перагледзелі б, каб хоць які крок зь беларускага боку дэманстраваў наяўнасьць добрай волі ў афіцыйнага Менску. Цяпер, нават калі галава беларускага МЗС на сустрэчы ў Нью-Ёрку з партугальскім калегам (ён жа — старшыня АБСЭ) прачытае лекцыю аб тым, як мы тут будуем дэмакратычную дзяржаву, — не павераць. Няма як схавацца і за сьпіну Расеі. Тамтэйшае кіраўніцтва ўжо выказалася вуснамі сп.Сванідзэ, як яно будзе дзейнічаць. Для тых, хто забыўся, нагадаю: Сванідзэ з шчырасьцю нашчадка старых бальшавікоў (ён жа з тых самых Сванідзэ, сталінскіх сваякоў) заявіў: Расея стамілася ад таго, што экстравагантны саюзьнік увесь час псуе ёй рэпутацыю. А ўлічыўшы, што галасаваньне ў АБСЭ ідзе па формуле “аднагалосна мінус адзін”, мы гэтым “мінус адзін” якраз можам і аказацца. Тым больш, налета старшыняваць у АБСЭ будуць галяндцы, якія лёгка могуць паставіць пытаньне аб прыпыненьні сяброўства Рэспублікі Беларусі ў арганізацыі з-за невыкананьня стамбульскай рэзалюцыі. За ўсю гісторыю АБСЭ такую меру выкарыстоўвалі толькі да Югаславіі. І мы ведаем, чым для Югаславіі гэтая мера скончылася.

Цікава, дзе менавіта спадар Сhvаstoff прапануе кіраўніку нашай очань гордай дзяржавы шукаць другі голас? У дзяржавах СНД? Але ж сам Аляксандар Рыгоравіч у панядзелак у жывым этэры НТВ фактычна абразіў СНД: прыгадайце ягоны выпад з нагоды аморфнасьці гэтай арганізацыі і г.д. Варта ўлічыць і тое, што апошнім адказным супрацоўнікам КНГ зьяўляецца якраз грамадзянка адной зь дзяржаў СНД — малдаванка Аліна Жасан. І ў спадарыні Жасан акрэдытацыя сканчаецца ў кастрычніку. Гэта для ЗША Мэган Фіцджэральд была толькі пясчынкай у дыпляматычным моры, а дэ-факта кіраўнік КНГ АБСЭ грамадзянка Малдовы Аліна Жасан падвышае ранг сваёй краіны ў вачах усёй Эўропы.

Пасьля высылкі спадарыні Жасан разьлічваць на голас малдаўскай дэлегацыі ў Вэне не давядзецца.

Наперадзе ў нас доўгія й цяжкія перамовы з Расеяй, дзе трэба сапраўдная дыпляматыя. Чым меней нітачак лучыць нас з астатнім сьветам, тым болей шанцаў з размаху выканаць мару сп.Ярашука і ўляцець-такі ў склад Расейскай Фэдэрацыі. Цікава, Ярашук з Сhvаstoff’ым кансультаваліся ці не? І чаму ім абодвум так не падабаецца беларускі сувэрэнітэт? І няўжо беларускаму МЗС выгодней апынуцца ў поўнай ізаляцыі, чым прыадчыніць для сябе фортку на Захад, каб хоць голас было чуваць. І потым: калі вы так ня любіце амэрыканцаў, няўжо вы ня здольныя зразумець, што выгнаньне КНГ АБСЭ толькі ўзмоцніць іх пазыцыі па беларускім пытаньні?

Я шчыра зайздрошчу Мэган Фіцджэральд. Вельмі хутка яна пазбавіцца ад непрыемнага абавязку бачыць і беларускія ўлады, і беларускую апазыцыю. Адзіны беларус, які зь ёй застанецца, будзе любіць яе шчыра, як толькі могуць любіць сапраўдныя беларускія мужчыны. Дарэчы, а спадар Сhvаstoff, ён — беларус?

Аляксандар Фядута


Каментары

Цяпер чытаюць

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі: Беларусь аддала Украіне яшчэ пяць асуджаных украінцаў2

На свабодзе Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі8

Лукашэнка памілаваў 123 зняволеных9

Марыя Калеснікава выйшла на свабоду5

У Крычаве пасля аварыі пачалі аднаўляць ацяпленне

Бізнэсовец Сяргей Ботвіч, якога асудзілі за «агентурную дзейнасць» і «шпіянаж» у Беларусі, абвясціў галадоўку4

У Італіі злачынца спрабаваў схавацца, выдаючы сябе за пастуха ў дэкарацыях каляднай батлейкі

Грэйпфрут, хурма і іншае на Камароўцы. Як правільна выбіраць мандарынкі?

Коўл: Лукашэнка мае вялікую гісторыю адносін з Пуціным, мае магчымасць даваць яму парады18

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні73

На волі Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Марына Золатава, Алесь Бяляцкі, Максім Знак! Агулам вызвалены 123 палітвязні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць