Архіў

Велікоднае пасланьне айца Аляксандра Надсана

Няхай тое ў вас думаецца, што ў Хрысьце Ісусе (Філ. 2:5)

Адной з найбольш урачыстых сцэнаў у Эвангельлі ёсьць без сумневу ўваход Хрыста ў Ерусалім. Адчуваецца сьвяточны настрой, атмасфэра радаснага чаканьня нечага новага і вялікага: натоўп, што выйшаў насустрач Хрысту, вітаў Яго воклікамі “Гасанна! Блаславёны той, хто прыходзіць у імя Госпада”. Сярод гэтай радаснай мітусьні адзін Хрыстос застаецца спакойны, засяроджаны: магчыма, Ён думаў, колькі з гэтых людзей, якія яго так радасна сустракаюць, будуць празь пяць дзён на іншым месцы крычаць: “Укрыжуй Яго!”

Ён ня меў ніякіх ілюзіяў адносна вартасьці людзкой славы, бо ведаў, як спрытны дэмагог можа пакіраваць настроем натоўпу ў патрэбным яму кірунку, а пасьля казаць, што выконвае “волю народу”.

Тыя, што падбухторылі народ дамагацца Ягонай сьмерці, уважалі сябе духоўнымі правадырамі народу. Гэта былі ўсе “прыстойныя” людзі, пабожныя, якія строга выконвалі ўсе патрабаваньні закону. Ім было незразумела, як Той, каго яны чакалі як Збаўцу, “еў з мытнікамі і грэшнікамі”, а ім казаў: “Гора вам, кніжнікі і фарысэі, крывадушнікі, што даеце дзесяціну зь мяты, кропу і кмену, а забыліся пра найважнейшае ў законе: справядлівасьць, міласэрнасьць і веру” (Мц 23:23). Так самаўпэўненасьць у сваёй праведнасьці прывяла да забойства Праведнага.

У сваіх намаганьнях зьнішчыць Хрыста духоўныя правадыры знайшлі супольную мову са сьвецкімі ўладамі. Іхні “саюз” быў замацаваны магілаю Хрыста, на якой адны паставілі свае пячаткі, а другія прыставілі варту да яе.

Але і адны, і другія памыліліся. Яны разважалі па-зямному. А Валадарства Хрыстова было “не ад гэтага сьвету” (Ян 18:36), і таму змаганьне за яго вялося не з дапамогай зямной зброі. Яно мела месца на Крыжы, калі Хрыстос, які вісеў на ім, здавалася б, у хвіліну сваёй найбольшай паразы, выйшаў пераможцам, споўніўшы волю свайго Айца Нябеснага. Гэтая Ягоная перамога зьяўляецца быццам новым актам тварэньня, узнаўленьнем усяго сусьвету ў Богу і асновай нашай надзеі жыцьця вечнага зь Ім.

“Хадзеце да мяне, усе прыгнобленыя і спрацаваныя, і я супакою Вас” (Мц 11:28). Гэтыя словы Хрыста павінны быць для нас усіх асноваю нашай непахіснай надзеі. Хрыстос сваёй перамогай на Крыжы адчыніў нам дарогу да Божага ўсынаўленьня. Ён нікога не адкідае, у ягоным сэрцы ёсьць месца для ўсіх. Аднак Ён таксама не прымушае нікога сілаю, але хоча, каб мы самі прыйшлі да Яго на кліч нашых сэрцаў. Гэта варта памятаць усім нам, асабліва духоўным правадырам, каб не паддацца спакусе шукаць падтрымкі з боку, у сьвецкіх уладаў, за кошт іншых. Трэба спадзявацца, што часы, калі “айцы дубінай заганялі нас у рай”, як казаў Якуб Колас, ужо мінулі. У нас павінны быць тыя самыя пачуцьці, што і Госпадзе Ісусе Хрысьце. Нашыя рэлігійныя перакананьні не павінны перашкаджаць шанаваць і старацца зразумець іншых, ведаючы, што іхнія перакананьні ёсьць такія дарагія для іх, як нашыя для нас. Таму мы ня маем права зьневажаць іх, нават калі мы зь імі не пагаджаемся. А Хрыстос, які памёр за нас усіх і ўваскрос, каб нам даць дарогу да Божага ўсынаўленьня, залечыць нашыя раны і зробіць у сваім часе, каб была “адна аўчарня і адзін пастыр” (Ян 10:16).

а.Аляксандар Надсан,

апостальскі візытатар для беларусаў замежжа, Лёндан

Каментары

Цяпер чытаюць

Алімпійскі чэмпіён Арамнаў: Нам выгадная працяглая вайна, і Вова ды Саша ў ёй перамогуць12

Алімпійскі чэмпіён Арамнаў: Нам выгадная працяглая вайна, і Вова ды Саша ў ёй перамогуць

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусі пабудуюць другі крэматорый3

Суд у Маскве прыгаварыў да пажыццёвага тэрарыстаў, якія напалі на «Крокус»2

У Віцебску 17‑гадовая дзяўчына біла тварам аб стол і зламала нос сваёй сяброўцы9

Рамонт за свой кошт. Каля метро «Каменная Горка» прапануюць дзіўную арэнду — ці выгадна?

Севярынец напісаў, як яму ў турме прапаноўвалі супрацоўніцтва10

Улады Ірана прызналі, што новы вярхоўны лідар паранены — пералом ступні і парэзы на твары5

Ці будзе Расія здымаць вяршкі з нафтавага крызісу праз вайну ў Іране? Выглядае, што так18

У Маскве тыдзень не працуе мабільны інтэрнэт, бізнэс страчвае мільярды20

Самай дарагой кватэрай Міншчыны ў лютым стала кватэра ў панэльцы

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алімпійскі чэмпіён Арамнаў: Нам выгадная працяглая вайна, і Вова ды Саша ў ёй перамогуць12

Алімпійскі чэмпіён Арамнаў: Нам выгадная працяглая вайна, і Вова ды Саша ў ёй перамогуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць