Паводле міжнародных нормаў, рэкрэацыйныя зоны нацпаркаў не павінны перавышаць 10% агульнай плошчы, а ў праекце яны займаюць амаль 26%.
Прадугледжваецца таксама пракладка 20 км аўтадарог і 26 км пешаходных і роварных дарожак, што аўтаматычна павялічыць нагрузку на лес. Эколягі і лагойцы крытыкуюць праект нацпарку «Белая Русь».
У беларускіх падручніках па геаграфіі 1985 г. выданьня расказвалася, што ў хуткім часе ў Лагойскім раёне будзе створаны першы ў рэспубліцы нацыянальны парк «Белая Русь». Прайшло 20 гадоў, у краіне створаны чатыры нацыянальныя паркі, а падручнікі не памяняліся, і чуткі пра парк па-ранейшаму бянтэжаць мясцовых жыхароў.
29 кастрычніка ў Лагойску прайшлі грамадзкія слуханьні, ініцыяваныя Міністэрствам прыроды, аб стварэньні нацыянальнага парку. Упершыню ў Беларусі праводзілася працэдура грамадзкіх слуханьняў адпаведна патрабаваньням міжнародных інструкцый — апытваліся і інфармаваліся мясцовыя жыхары, на жыцьці якіх у першую чаргу адаб’ецца стварэньне парку.
Агульная плошча нацыянальнага парку, паводле праекту, складзе больш за 25 тысяч га. Мяркуецца, што ў яго склад увойдуць землі Лагойскага лясгасу, калгасаў «Плешчаніцкі», «Кастрычніцкі», імя Машэрава, «8 сакавіка» і мэмарыяльнага музэю «Хатынь».
Паводле падлікаў праектантаў з Акадэміі навук, чысты прыбытак ад турызму складзе 90—95 тыс. у.а. штогод. Аднак пачатковы капітал, неабходны для стварэньня парку, складае 6,5 мільёна у.а.
Вераніка Дзядок, Лагойск
Каментары