Гісторыя1717

Пабралася шлюбам з паўстанцам, нарадзіла шасцярых дзяцей, а пасля прыйшлі бальшавікі — гісторыя аднаго помніка на Кальварыі

На сайце «Нашай Нівы» быў апублікаваны цікавы артыкул аб мінскіх Кальварыйскіх могілках, у якім краязнаўца Павел Дзюсекаў распавядаў журналісту пра выбраныя помнікі на ім.

Вельмі прыгожы і цікавы манумент, на які звярнуў увагу сп. Дзюсекаў, стаіць на магіле Марыі Віткоўскай з Янчэўскіх. Ён называе яго «помнікам-эпохай» і самым трагічным помнікам. І сапраўды, пэўная рацыя ў гэтым ёсць. А вялікая праўда ёсць у тым, што за такімі помнікамі хаваюцца лёсы і постаці людзей, глыбока і спрадвечна звязаных з беларускай зямлёй, яе гісторыяй, падзеямі, традыцыямі. Таму важна, так бы мовіць, «ачалавечыць» гэты помнік, напоўніць яго фактамі жыцця асабістага і сямейнага лёсу той, хто пад ім спачывае. 

З тэксту артыкула «Нашай Нівы» вынікае, што краязнаўца Павел Дзюсекаў пакуль яшчэ не надта знаёмы з асобай Марыі Віткоўскай. Што ж, давайце крыху разгадаем гэтую загадку і дадзім колькі сведчанняў аб асобах, чые сляды дагэтуль засталіся ў велічных гранітных абелісках на мінскіх могілках. 

Марыя паходзіла з шляхецкага роду Янчэўскіх гербу «Ястрабец», які атрымаў сваё прозвішча ад вёскі Янчэва, што ў Плоцкім ваяводстве Польшчы. Гэты род меў шмат разгалінаванняў, адно з якіх вяло і ў Вялікае Княства Літоўскае. Аднак вялікімі магнатамі на Літве Янчэўскія не зрабіліся і займалі на велікакняжацкай службе адносна сціплыя пасады павятовых суддзяў, каморнікаў, войтаў, а некаторыя і парафіяльных святароў.

Пасля мерапрыемстваў па т.зв. разборы шляхты пасля паўстання 1831 года род Марыі (як, дарэчы, і шмат іншых) нават не здолеў давесці расійскім уладам сваё шляхецтва і быў вымушаны лічыцца гэткім толькі негалосна. Афіцыйна ж яны лічыліся мяшчанамі ці нават сялянамі. Месцам жыхарства Янчэўскіх у 19 стагоддзі было мястэчка Ракаў, але потым, ужо ў 20 стагоддзі, яны здолелі набыць сабе ўласны фальварак Дудкі (сучасная в. Дудка) пад Івянцом. Цікава, што Марыя Янчэўская магла б нарадзіцца ў праваслаўнай сям’і, калі б не стойкасць яе бацькоў у каталіцкай канфесіі. У 1868 годзе настаяцель ракаўскай праваслаўнай царквы Якаў Мацкевіч загадаў, каб будучыя бацька і дзед Марыі — Юльян і Людвіг Янчэўскія — кожную суботу і нядзелю завітвалі да яго для пераконвання ў неабходнасці пераходу ў праваслаўную веру. Гэта было выклікана тым, што Янчэўскія лічыліся ў Ракаве сям’ёй выключна «нядобранадзейнай» з пункту гледжання расійскіх уладаў, якія ў той час, пасля паўстання 1863—1864 гадоў, нястомна вышуквалі ў краі рознага кшталту «ворагаў айчыны». Паводле рапарта ваеннага начальніка Мінскага павета М. Бальшова ад 1866 года, Янчэўскія вылучаліся сваім «фанатызмам, нянавісцю да ўсяго расейскага і палітычнай нядобранадзейнасцю». Будучы бацька Марыі Юльян Янчэўскі быў нават раней аштрафаваны на 25 рублёў за нейкае «спакушэнне праваслаўных». Таму і былі прыдуманыя ўладамі такія дзіўныя штотыднёвыя сустрэчы з праваслаўным святаром, аднак, відавочна, што ён Янчэўскіх так і не пераканаў.

Родавы герб Янчэўскіх «Ястрабец»

Але ўсе гэтыя праблемы былі яшчэ невялікім ліхам у параўнанні з тым, што давялося перанесці сям’і яе будучага мужа Вінцэнта Віткоўскага. Усю сям’ю ягонага бацькі шляхціча Менскай губерні Антонія Віткоўскага за падтрымку паўстання 1863 г. выслалі ў горад Тара, што ў сучаснай Омскай вобласці Расіі. Вінцэнту Віткоўскаму было у той час крыху больш за 20 гадоў. Толькі ў самым канцы стагоддзя, ужо ў пачцівым узросце, за 50 гадоў, Вінцэнт здолеў вярнуцца на радзіму, сустрэў тут Марыю Янчэўскую, якой было толькі крыху за 25, ды ажаніўся з ей. У сям’і Вінцэнта і Марыі нарадзілася шасцёра дзяцей — Юзэфа (1900), Марыя (1902), Агнешка (1904), Антоній (1905), Ядвіга (1909) і Алена (1911). Жанчына занядужала і памерла ў 1914 годзе. І была пахаваная пад сценамі мінскага Кальварыйскага храма.

Павел Дзюсекаў ва ўзгаданым артыкуле пытаўся: а што ж яе муж? Дык вось, яе муж, нягледзячы на тое, што яму было на той час за 70 гадоў, ажаніўся з малодшай сястрой Марыі Антанінай Янчэўскай! Праўдападобна, каб яму было лягчэй гадаваць дзетак, сярод якіх былі і даволі яшчэ малыя.

Як вядома, у краіне на той час віравала Першая сусветная вайна. Нягледзячы на тое, што немцы ў той час адносна талерантна ставіліся да мясцовага насельніцтва, менавіта ад нямецкіх рук у той вайне загінуў бацька Марыі Янчэўскай, які на тры гады перажыў сваю дачку. Што з ім здарылася дакладна — невядома, мо надта супраціўляўся рэквізіцыям ад нямецкага войска?…

А ў 1919 годзе загінулі ужо ад рук бальшавікоў Вінцэнт і Антаніна Віткоўскія. Над імі не злітаваліся, палічылі «польскімі буржуямі», нягледзячы нават на дзяцей і тое, што Вінсэнту было ўжо пад 80 гадоў. І пахаваць іх на загадзя падрыхтаваным месцы на Кальварыі не было каму, ды і не выдавалі родным целы з тагачасных чэкісцкіх засценкаў. Малодшых дзяцей Вінцэнта і Марыі накіравалі ў дзіцячы дом, а старэйшыя здолелі ўцячы ды прыядналіся да польскага войска. 

Мы сапраўды не ведаем, як выглядала Марыя Віткоўская з Янчэўскіх пасля таго, як вандалы апаганілі яе помнік. Але мы можам убачыць, як выглядалі яе дочкі. На гэтым фотаздымку мы бачым, адпаведна злева направа, Марыю, Юзэфу і Агнешку Віткоўскіх. 

Марыя Віткоўская ў будучыні стане жонкай славутага навукоўца-матэматыка Альфрэда Тарскага, які з’яўляецца адной з найбольш выдатных постацяў у навуцы ЗША і, бадай што, усяго свету! Дарэчы, і іх сын (унук Марыі з Янчэўскіх) Ян Тарскі таксама стаў выбітным навукоўцам-фізікам, прафесарам універсітэта ў Сан-Дыега, а дачка Іна стала жонкай таксама вядомага матэматыка Анджэя Эрэнфехта.

Юзэфа Віткоўская (на фота ў цэнтры) стала жонкай Баляслава Загорскага (мужчына на фота), шляхціца з Вілейскага павета, таксама выгнанага са сваёй зямлі бальшавікамі. Баляслаў быў паэтам і публіцыстам, падчас вайны з бальшавікамі ён працаваў у польскім вайсковым штабе, а пасля вайны стаў загадчыкам аддзела перыядычных друкаў у Варшаўскай бібліятэцы. Ён загінуў трагічна і недарэчна: праваліўся скрозь шкляны дах сваёй бібліятэкі, калі намагаўся выявіць у ім працечку. На руках у Юзэфы застаўся іх маленькі сын.

Нашчадкі Марыі Віткоўскай з Янчэўскіх дагэтуль жывуць у Амерыцы і ў Польшчы. Апошняя з яе дачок, Марыя, памерла ў 1990 годзе. Магчыма, хтосьці зможа калі-небудзь іх адшукаць, распавесці пра помнік. Можа быць, у каго-небудь з нашчадкаў у сямейным архіве захоўваецца фота іх пахаванай у Мінску бабулі і можна будзе зрабіць для помніка новы медальён. І тады цудоўным чынам мы даведаемся, як выглядала Марыя Віткоўская, пра лёс сям’і якой мы ўжо крышачку ведаем.

Каментары17

Цяпер чытаюць

Як у Беларусі вышукваюць «дармаедаў» і што ад іх хочуць3

Як у Беларусі вышукваюць «дармаедаў» і што ад іх хочуць

Усе навіны →
Усе навіны

Змены ў закон: бяспраўнікаў падзеляць на некалькі катэгорый, а п'яных пешаходаў пачнуць штрафаваць без папярэджання3

У міліцыі пракаментавалі дзіўнае відэа з «дзявяткай» на беларускіх нумарах9

У Якуцку забітыя ўдава і малы сын мясцовага палітыка, які загінуў ва Украіне — падазраюць 16‑гадовую дачку3

Новы сімвал супраціву пакалення зумераў: «Вясёлы Роджэр» з анімэ3

У жывым эфіры загінуў вядомы 23‑гадовы скалалаз2

Чаму ўсё больш жанчын цяпер носяць доўгія валасы?15

Рэпер Пі Дзідзі атрымаў чатыры гады турмы1

На Данбасе ад удару дрона загінуў французскі журналіст

ХАМАС прыняў асноўныя палажэнні плана Трампа і пагадзіўся адпусціць усіх закладнікаў4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як у Беларусі вышукваюць «дармаедаў» і што ад іх хочуць3

Як у Беларусі вышукваюць «дармаедаў» і што ад іх хочуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць