Меркаванні1111

Бабарыка турэмшчыкам: «У мяне было, цяпер няма, але ёсць шанец, што будзе. А ў вас не было, няма і не будзе. І ў вашых дзяцей не будзе»

У новым выпуску ТОКу Віктар Бабарыка патлумачыў, чаму называе сябе «шчаслівым няўдачнікам» і што насамрэч дазваляе яму адчуваць сябе шчаслівым. І расказаў, што адказваў сілавікам, якія злараднічалі, колькі ён страціў, колькі ў яго забралі.

Віктар Бабарыка. Фота: «Наша Ніва»

Віктар Бабарыка запэўнівае: калі ён калісьці пачне пісаць кнігу, то назаве яе «Шчаслівы няўдачнік». На яго думку, падзеі 2020 года, з аднаго боку, можна назваць няўдачай, бо не ўдалося дасягнуць таго, чаго хацелі. Аднак ён не адчувае з-за гэтага расчаравання.

«Насамрэч я шчаслівы, што ў маім жыцці быў 20‑ы год. Ва ўсякім выпадку, калі б яго ў мяне не было, мне было б шкада, што яго не было».

Падобная сітуацыя, паводле яго, і з банкам:

«У мяне быў банк, я яго вельмі любіў. Але вось, як вы кажаце, акцыянеры не падтрымалі, ніхто нібыта не падтрымаў. Дык што, выходзіць, і банк дрэнны? Ну як? Выдатны банк».

Як тлумачыць Бабарыка, такое ўспрыманне падзей — калі «з аднаго боку, няўдача, а з другога, ты жывеш як шчаслівы чалавек» — дапамагло яму псіхалагічна вытрымаць зняволенне.

«Я разумеў, што я значна свабоднейшы, чым людзі, якія мяне атачалі, у тым ліку з аховы», — даводзіць былы палітвязень і прыводзіць прыклад:

«Яны вельмі любілі казаць мне, калі прыходзілі і паказвалі паперкі пра тое, што я страціў, што ў мяне забралі. І казалі: ты разумееш? Я кажу: ведаеце, у чым розніца? Яны пытаюцца: у чым? Я кажу: у мяне было, цяпер няма, але ёсць шанец, што будзе. У вас не было, няма і не будзе. І ў вашых дзяцей будзе тое ж самае. Гэта самае страшнае».

На думку Бабарыкі, важна не тое, колькі часу чалавек валодаў нечым у жыцці, а тое, што заўсёды існуе магчымасць рухацца далей. Жыццё, паводле яго, — гэта шлях, і мэты ў ім ніколі не бываюць канчаткова дасягнутымі. Ён параўноўвае гэта з Вялікай кітайскай сцяной: калі здаецца, што дайшоў да апошняй вежы, за ёй аказваецца яшчэ адна. Так і ў жыцці — чалавек пастаянна рухаецца і пераадольвае новыя перашкоды.

«Табе здаецца: ну вось, дайду туды — і ўсё, ужо ўсё. І калі ты ўжо падыходзіш, раптам бачыш, што за гэтым ёсць яшчэ нешта. Ты ўвесь час кудысьці ідзеш. Ты ўвесь час нешта пераадольваеш. Гэта тая псіхалогія, якая дазваляла выжыць», — кажа Бабарыка.

Акрамя гэтага, другім спосабам вытрымаць турму стала адчуванне таго, што нават у зняволенні можна захаваць кантроль над уласным жыццём і распарадкам дня. Бабарыка распавядае, што стараўся арганізаваць свой час так, каб не турма падпарадкоўвала яго, а ён сам — наколькі гэта магчыма — падпарадкоўваў сабе ўласнае жыццё ў гэтых умовах.

«Ты можаш сам рабіць зарадку, можаш чымсьці займацца. У мяне дзень быў распісаны літаральна па ўсіх магчымасцях, якія ёсць. Кожныя 15 хвілін кожнай гадзіны — хаджэнне па камеры. (…) Судоку мяне вельмі моцна ратавала. Дзівосная гульня: калі б не турма, я б нават не ведаў яе назвы. Кніжку, якую табе даюць раз на тыдзень, трэба чытаць увесь тыдзень. Значыць, яе трэба чытаць. Кожныя паўгадзіны ты павінен нешта пачытаць, нешта зрабіць. Прыбраць у камеры.

Не час, не турма цябе падпарадкоўвае — ты падпарадкоўваеш яе. Ты выбудоўваеш нават у гэтых абмежаваных умовах сваё жыццё так, як хочаш. Так, у абмежаванай прасторы. Але нават у ёй ты можаш хадзіць чатыры метры ўлева, чатыры ўправа. Гэта залежыць ад цябе. Ты можаш гэта змяняць».

На пытанне, што менавіта ў жыцці дало яму адчуванне шчасця, якое ён ні на што не прамяняў бы, Віктар Бабарыка адказаў:

«Тое, што я заўсёды рабіў тое, што лічыў патрэбным. То-бок менавіта я пісаў сваё жыццё. Я не магу перакласці віну ні на каго іншага, але і поспех не магу перакласці ні на каго іншага. Я ўдзячны тым, хто мне дапамагаў, але я заўсёды быў упэўнены — мяне ніхто не зрабіў. Я зрабіў гэта сам».

Паводле Бабарыкі, многім людзям уласціва вінаваціць іншых, калі нешта не атрымліваецца, але пры гэтым прыпісваць сабе ўсе поспехі. Ён імкнуўся захоўваць баланс: прызнаваць сваю адказнасць і за ўдачы, і за памылкі.

«Усё, што са мной адбывалася, насамрэч ёсць вынік маіх дзеянняў. І гэта вельмі добра, калі ты разумееш, што сам малюеш сваё жыццё. Добрае яно ці дрэннае — але яно тваё. (…) Калі падсумоўваць, то гэта, напэўна, адчуванне творцы. Ты творца ўласнага жыцця. І гэта велізарнае задавальненне».

Каментары11

  • факт
    16.03.2026
    Бабарыка - чалавек русского мира.
  • Новае Неба
    16.03.2026
    Масква ў тэлевізары і ў газэце
  • Отец Засандалий
    16.03.2026
    Плохо они его криптофлешку искали.

Цяпер чытаюць

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона7

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона

Усе навіны →
Усе навіны

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам25

Міністр адказаў на чуткі пра скарачэнне дэкрэтнага адпачынку ў Беларусі

Аляксандр Авечкін стаў другім хакеістам у гісторыі НХЛ, які закінуў 1000 шайб3

Перад сустрэчай з Лукашэнкам Коўла забаўлялі расказамі пра зімовую рыбалку5

Беларускі мотагоншчык цудам выжыў пасля падзення са скалы 1

Заходнія дыпламаты паўдзельнічалі ў жалобных мерапрыемствах у Хатыні10

Не толькі ў Беларусі. Продажы кітайскіх аўто ў Еўропе растуць шалёнымі тэмпамі4

Пашынян у метро эмацыйна паспрачаўся з пасажыркай наконт Карабаха7

Падрабязнасці дыверсіі ў Чэхіі: падпалены завод вырабляў цеплавізары для УСУ2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона7

Сёння Мінск прачнуўся ўначы ад гучнага гука, падобнага да дрона

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць