Грамадства

«Каб мы ведалі, што гэта зацягнецца надоўга». Ужо год, як бацька і сын Кузнечыкі жывуць у шведскай амбасадзе ў Мінску

«Калі б мы ведалі, што ўсё гэта так зацягнецца надоўга, вядома, разглядалі б іншы варыянт, але не факт, што ён быў бы лепшы», — кажа Уладзіслаў Кузнечык.

6 верасня 2020 года ў Віцебску міліцыя жорстка затрымлівала ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Віталя Кузнечыка тады збілі, а Уладзіслаў разам з іншымі ўдзельнікамі акцыі заступіўся за бацьку і адабраў яго ў міліцыянтаў.

Кадры разгону мітынгоўцаў растыражавалі СМІ. Пасля акцыі на Кузнечыкаў завялі крымінальную справу паводле артыкула 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

«Вярнуўшыся на год таму, у сітуацыі з бацькам, калі яго збівалі, паступіць па-іншаму мне б не дазволіла сумленне, гэтак жа як і не хадзіць на пратэсты», — упэўнены Уладзіслаў.

11 верасня 2020 года мужчыны прыехалі ў дыппрадстаўніцтва, каб папрасіць палітычнага прытулку, патэлефанавалі ў дамафон, але ім адказалі, што нічым дапамагчы не могуць. Тады Кузнечыкі пералезлі праз плот і адмовіліся пакідаць тэрыторыю амбасады.

МЗС Швецыі кажа, што законы краіны не прадугледжваюць працэдуру атрымання палітычнага прытулку ў пасольстве. Але і выдаць Кузнечыкаў беларускім уладам пасольства не можа.

Яшчэ ў верасні 2020 яны звярнуліся ў Камітэт супраць катаванняў са скаргай на Швецыю. Яны заявілі, што, калі ў выніку дзеянняў або бяздзейнасці ўладаў Швецыі, яны будуць затрыманыя ўладамі Беларусі, то сутыкнуцца з рэальнай рызыкай катаванняў. У лістападзе 2021 года Камітэт разгледзіць прымальнасць скаргі на Швецыю. Гэта значыць, што Віталь і Уладзіслаў змогуць знаходзіцца на тэрыторыі амбасады, як мінімум, да вынясення Камітэтам рашэння па гэтым пытанні, а ў выпадку, калі скаргу палічаць прымальнай, то і да яе разгляду па сутнасці.

Віталь і Уладзіслаў распавялі Deutsche Welle, як яны жывуць.

У пасольстве Віталю і Уладзіславу выдзелілі пакой, дзе ёсць ложкі, душ, туалет, пральная машына, мультыварка, халадзільнік, посуд. Для занятку спортам — турнік, штанга, гіры. Раней мужчынам прыносілі гатовую ежу, цяпер яны гатуюць самі.

«Гэта вялікі плюс, час ідзе хутчэй, неабходныя прадукты нам купляюць, — распавядае Уладзіслаў. — На свежае паветра выходзім у любы час. Усе ўмовы для жыцця ёсць. Адносіны з супрацоўнікамі амбасады добрыя. Праўда, тут не дазволены тэлевізар і камп'ютар, але ў нас ёсць смартфон».

Раней у СМІ з'яўлялася інфармацыя, што мужчынам неабходна медыцынскае абследаванне, у прыватнасці, ва Уладзіслава ў 2019 годзе выявілі злаякасны наватвор, таксама ёсць праблемы са зрокам, перыядычна ён павінен назірацца ў лекараў. Медыцынская дапамога, сапраўды, патрэбна, пацвердзіў Уладзіслаў, але пытанне зараз вырашаецца.

Кузнечыкі год не бачыліся з роднымі — наведванні ў пасольстве забароненыя, камунікацыя толькі па відэасувязі.

«Думаеш і перажываеш не пра сябе, а пра іх, што б яны ні ў чым не мелі патрэбы, але дапамагчы не можаш. Вядома, сям'і цяжка ў фінансавым плане, бо грошы я зарабляў. За год маці і жонка перахварэлі на каранавірус, але, у цэлым, трымаюцца.

Дзеці сумуюць, кожную нашу размову пытаюцца, калі прыедзем дадому.

Ідэальны выхад для нас — жыць у сваёй краіне, не баяцца за будучыню, але гэта стане магчымым, калі пройдуць новыя сумленныя выбары і вернецца закон», — кажа Уладзіслаў Кузнечык.

Каментары

Цяпер чытаюць

Шалёныя штрафы і праца нон-стоп: беларусы расказалі пра пякельныя ўмовы на складах Wildberries і Ozon13

Шалёныя штрафы і праца нон-стоп: беларусы расказалі пра пякельныя ўмовы на складах Wildberries і Ozon

Усе навіны →
Усе навіны

Галоўны мост Магілёва хочуць назваць у гонар савецкага разведчыка. Але ёсць гістарычная нестыкоўка5

«Мы пайшлі на шмат кампрамісаў». Зяленскі выказаўся пра саступкі пад ціскам ЗША4

Фігурыст з Казахстана Міхаіл Шайдораў сенсацыйна выйграў золата Алімпіяды3

У гэтым вулкане тэмпература ніколі не падымаецца вышэй за нуль. Як такое можа быць?3

Трамп: Змена рэжыму ў Іране — найлепшае, што можа адбыцца4

Навукоўцы стварылі парашок, які адбельвае зубы пад уздзеяннем вібрацыі зубной шчоткі

«Залічаная па нестандартнай працэдуры». Стала вядома, як шчодра падмазваў Эпштэйн універсітэт, у якім вучылася Карына Шуляк15

15 тысяч еўра на лячэнне Юрася Юркевіча сабралі за два дні2

У Мінску і Дзяржынску зніклі два 35‑гадовыя мужчыны. Праз некалькі дзён іх знайшлі мёртвымі9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Шалёныя штрафы і праца нон-стоп: беларусы расказалі пра пякельныя ўмовы на складах Wildberries і Ozon13

Шалёныя штрафы і праца нон-стоп: беларусы расказалі пра пякельныя ўмовы на складах Wildberries і Ozon

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць