БЕЛ Ł РУС

Паўстанцы ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга захапілі беларускія беспілотнікі

4.02.2025 / 1:32

Nashaniva.com

Руандыйскае інфармагенцтва апублікавала фота захопленай паўстанцамі з групоўкі М23 у аэрапорце Гомы (найбуйнейшы горад на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга) вайсковай тэхнікі, у тым ліку ўпакаваных у драўляныя скрыні новых БПЛА. Яны не адрозніваюцца ад беспілотнага лятальнага апарата Беркут-ВМ беларускай вытворчасці, піша Reform.news.

На фота бачна, што адна са скрынь была ўскрытая і ўнутры знаходзіцца беспілотнік з рэактыўным рухавіком. Крылы здымаюцца і спакаваныя асобна.

На дне ляжыць кніжыца з выразным надпісам на рускай мове «Этикетка» і размашыстым подпісам. Усяго ў ангары можна заўважыць каля 20 зялёных скрынь з новымі БПЛА.

Аналагічны апарат паказаў тэлеканал Мінабароны Беларусі ў маі 2020 года. Выраб шмат разоў дэманстравалі публічна на выставах, у тым ліку прэзентавалі Лукашэнку.

«Беркут-ВМ» — беларускі беспілотны лятальны апарат, распрацаваны КБ «Індэла». Першапачаткова ўяўляў з сябе паветраную мішэнь, здольную імітаваць крылатую ракету і транспартны самалёт. У СМІ была інфармацыя аб пастаўках беспілотніка ў Анголу ў лютым 2019 года.

27 студзеня паўстанцкая групоўка «Рух 23 сакавіка» (M23), якая прадстаўляе інтарэсы этнічнай меншасці тутсі, пры падтрымцы вайскоўцаў з суседняй Руанды ўстанавіла кантроль над Гомай, ключавым адміністрацыйным і эканамічным цэнтрам на ўсходзе Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, сталіцай правінцыі Паўночнае Ківу. Быў захоплены мясцовы аэрапорт, дзе захоўвалася вайсковая тэхніка. 

У 2021 годзе ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга пасля сустрэчы з былым прэзідэнтам Жазэфам Кабілам затрымлівалі беларускіх праўладных бізнэсменаў Аляксандра Зінгмана і Алега Водчыца, якія прасоўваюць інтарэсы рэжыму Лукашэнкі ў Афрыцы. Тады іх западозрылі акурат у незаконных здзелках, звязаных з гандлем зброяй. Аднак жа праз некаторы час абодвух беларусаў адпусцілі.

Чытайце таксама:

У Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга паўстанцы захапілі буйны горад

«Устойлівае ўражанне, што фуфло». Эксперт у беспілотніках расказаў пра «канструктарскі цуд», якім пахвалілася прапаганда

Беларусь паказала ў Расіі макет рэактыўнага ўдарнага беспілотніка

Расійскія абароннікі занепакоеныя тым, што Беларусь пачала экспарт уласных беспілотнікаў

Беларускія бізнэсмены прадстаўлялі на міжнароднай канферэнцыі Зімбабвэ

Каментары да артыкула