БЕЛ Ł РУС

Праз «пагрозу жыццю і здароўю грамадзян». У Мінску да канца года перакрыюць вуліцу Галадзеда

27.04.2025 / 16:39

Nashaniva.com

Выехаць па ёй з Чыжоўкі аўтамабілісты не змогуць ужо з 10 мая.

Мост цераз Свіслач па вуліцы Галадзеда ў Мінску. Фота: Мінск Навіны

Рашэнне Мінгарвыканкама пра перакрыццё руху па вуліцу Галадзеда з'явілася на нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. 

Участак руху ад скрыжавання з вуліцай Убарэвіча да вуліцы Свіслацкай будзе закрыты з 10 мая і на даволі працяглы перыяд: зноў ездзіць па гэтым участку дарогі цераз Свіслач у Чыжоўку можна будзе толькі з 13 снежня.

Гарадскія ўлады афіцыйна адзначылі, што перакрыццё звязана з «пагрозай бяспецы дарожнага руху, у тым ліку жыццю і (або) здароўю грамадзян».

За пачварным чынавецкім канцылярытам хаваецца трывіяльны капітальны рамонт моста цераз Свіслач.

Яшчэ ў кастрычніку 2024 года дырэктар прадпрыемства «Гардарбуд» Сяргей Панёў паведамляў пра рамонт моста на вуліцы Галадзеда:

«Мост на вуліцы Галадзеда будзе рамантавацца, хутчэй за ўсё, з поўным перакрыццём руху. Паколькі існуюць мясцовыя шляхі аб'езду без значнага павелічэння маршруту. Такія меры дазволяць паскорыць тэрміны выканання работ», — тлумачыў летась Панёў.

Мост па Галадзеда не адзіны аб'ект інфраструктуры ў Мінску, які плануюць адрамантаваць у 2025 годзе. 

Нядаўна гараджане ўжо сутыкнуліся з сур’ёзнымі зменамі руху ў цэнтры: з 8 лютага з-за рамонту пуцеправода па вуліцы Маскоўскай раніцамі горад стаіць у корках. Работы тут працягнуцца да 1 снежня.

Паралельна рыхтуецца рамонт яшчэ прыкладна 10 аб’ектаў, сярод якіх пост цераз Свіслач па вуліцы Пуліхава, два пуцеправоды на вуліцы Даўгабродскай — праз вуліцу Ванеева і праз чыгунку Масква — Мінск і пуцеправод праз чыгунку на вуліцы Брэст-Літоўскай.

Чытайце таксама:

У сядзібе Агінскіх аднаўляюць дзве барочныя капліцы

Знакамітую крывую царкву ў Кажан-Гарадку рамантуюць сайдынгам і шлакаблокамі ФОТЫ

Новыя дзіцячыя сады і паліклініка: што пабудуюць у Першамайскім раёне

Адкрыццё самага доўгага падвеснога моста Беларусі зноў перанеслі — па незвычайнай прычыне

Каментары да артыкула