Грамадства99

Знакамітую крывую царкву ў Кажан-Гарадку рамантуюць сайдынгам і шлакаблокамі ФОТЫ

На 200-гадовым храме ў Лунінецкім раёне разабралі адзін з нахіленых купалоў. Але тое, як вядзецца рэстаўрацыя царквы, выклікае шмат пытанняў. «Наша Ніва» звярнулася да спецыяліста, які патлумачыў, ці дапушчальна тое, што адбываецца на помніку архітэктуры.

Свята-Мікалаеўская царква ў Кажан-Гарадку да рамонту. Фота: Wikimedia Commons

Змены ў выглядзе царквы выпадкова заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына».

Цяпер у царквы адсутнічае цэнтральны шмат'ярусны купал. Зруб, на якім ён стаяў, ашалёўваюць не традыцыйнай драўлянай шалёўкай, а ярка-сінім сайдынгам. Драўляныя сцены месцамі рамантуюць шлакаблокамі.

Свята-Мікалаеўская царква ў Кажан-Гарадку — драўляны храм, пабудаваны ў 1814—1818 гадах. Сёння яна мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэспубліканскага значэння. На думку гісторыкаў архітэктуры, Кажан-Гарадоцкая царква вылучаецца з шэрагу крыжова-цэнтрычных пяцізрубавых храмаў сваімі пяццю барочнымі вярхамі, хоць у час яе будаўніцтва ў прафесійнай архітэктуры ўжо панаваў стыль класіцызм.

Абывацелям храм больш вядомы сваімі нахіленымі вярхамі — нахіл некаторых частак дасягаў да 20 градусаў — што рабіла яго сілуэт яшчэ больш яскравым і запамінальным. Менавіта каб выправіць гэтую небяспечную крывізну, і быў задуманы рамонт храма.

Зруб, на якім стаяў цэнтральны купал, ашалёўваюць сайдынгам, а замест барочнага купала, як сцвярджаюць відавочцы, паставяць залатую цыбуліну. Фота з сацсетак 

Мяркуючы па старонцы прыходу, работы на Свята-Мікалаеўскай царкве, абазначаныя як рэстаўрацыя, пачаліся ў снежні 2023 года за кошт добраахвотных ахвяраванняў вернікаў. Тады былі заменены ніжнія, струхлелыя вянцы зруба і заліты новы падмурак. Улетку 2024 года быў разабраны цэнтральны купал, а на цяперашніх фота не бачна ўжо і шатровага даху. 

Антырэстаўрацыя?

Мы звярнуліся да спецыяліста ў рэстаўрацыі з просьбай пракаментаваць сітуацыю.

На яго думку, работы на храме не варта ўспрымаць як нейкую аказаную грамадству ласку, за якую мы мусім дзякаваць прыходу, бо даглядаць і захоўваць святыню — гэта абавязак, які ўзяў на сябе ўладальнік.

Працы на цэнтральным купале ўлетку 2024 года. Фота: старонка прыхода
Свята-Мікалаеўская царква без шмат'яруснага купала і шатровага даху. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Што тычыцца цэнтральнага купала, то, па словах суразмоўцы, гэта класіка антырэстаўрацыі драўляных храмаў з прымяненнем сайдынгу. Разабраны ж быў не толькі купал, але і шацёр, на якім ён стаў. Спецыяліст сумняваецца, што іх форму змогуць дакладна паўтарыць.

«Тут будзе страта не толькі формы, але і аўтэнтычнасці канструкцыі. Мы не ведаем, ці была зроблена нейкая фотафіксацыя, інвентарызацыя элементаў, каб можна было сабраць усё назад, якое там было дрэва — двухсотгадовае ці замененае ў час папярэдніх рамонтаў».

Спецыяліст згаджаецца, што тое, што падмурак зрабілі маналітным, замянілі старыя камяні на бетон — гэта паўбяды. Тэарэтычна такі падыход на помніках можа быць, але ў ідэале варта было б пакідаць бутавы падмурак. 

Шлакаблокі для зруба

Куды больш пытанняў выклікае тое, як рамантуюць драўляны зруб храма — старыя струхлелыя бярвенні проста замянілі на шлакаблокі. Пры тым у некаторых месцах не толькі замянілі ніжні вянец, але і выклалі блокі на вышыню на паўтара метраў.

Шлакаблокі замест драўлянага зрубу. Фота: старонка прыхода
Шлакаблокі замест драўлянага зрубу. Фота: старонка прыхода
Шлакаблокі замест драўлянага зрубу. Фота: старонка прыхода

Па словах спецыяліста, праз розны матэрыял сцяна будзе па-рознаму прамярзаць, будзе ўтварацца вільгаць і цвіль, якія яшчэ больш нашкодзяць помніку.

Выправіць гэта можна толькі ўцяпленнем халодных шлакаблокаў звонку, але гэта немагчыма без змянення архітэктуры фасадаў.

«Гэта трэш. На помніку 2-й катэгорыі, я лічу, гэта недапушчальна. У нас багата лесу. Гэта не ўнікальная тэхналогія — выняць струхлелае бервяно ці выразаць кавалак, паддамкраціць будынак і ўставіць на гэтае месца новае. Мужыкі ў вёсках паўсюль так хаты рамантуюць, гэта не Васілеўскую ў космас запусціць. Нармальная рэстаўрацыйная тэхналогія і аўтэнтычны матэрыял».

«Тут няма ніякай праблемы, ёсць майстры, ёсць цэлы музей драўлянага дойлідства ў Строчыцах, ёсць тая ж няшчасная «Белрэстаўрацыя». Папы маглі б па сваіх запытацца, як правільна рэстаўраваць такі храм — у тых жа Жыровічах зараз рэстаўруецца драўляная Георгіеўская царква».

Адзін з бакавых алтароў царквы. Фота з сацсетак
На час рамонту з царквы было дэмантавана ўсё ўнутранае аздабленне, але практыка апошніх гадоў паказвае, што яно можа назад і не вярнуцца. Фота: старонка прыхода

Яшчэ адна праблема — інтэр'еры. Рэстаўратар таксама звярнуў увагу на тое, што гэта адзін з нешматлікіх храмаў, які захаваў першапачатковыя элементы інтэр'ераў, у тым ліку старыя, яшчэ ўніяцкія бакавыя алтары, а цяпер, мяркуючы па фота, усё ўнутранае аздабленне дэмантавалі, засталіся толькі рэшткі цэнтральнага алтара. 

«Застаецца спадзявацца, што ўсё гэта вернуць назад пасля рамонту, хоць я, шчыра, у гэтым сумняваюся».

Усё ведалі – і нічога не рабілі?

Хутчэй за ўсё, мясцовыя ўлады, на які ўскладзены кантроль за выкананнем заканадаўства на такіх помніках, у курсе таго, што на царкве даўно і з размахам вядуцца будаўнічыя работы — тут працуюць мужыкі ў спяцоўках (відаць, задзейнічаны трэсты) і падганяюць тэхніку з немалым вынасам стралы пад 30 м.

Выкарыстанне спецтэхнікі пры бетанаванні падмуркаў. Фота: старонка прыхода

«Два гады работы вядуцца — а мы толькі цяпер пра іх даведаліся, дый тое выпадкова. Гэта гаворыць пра ўзровень аховы спадчыны ў краіне, пра тое, як у нас працуе нагляд.

Спадзяюся, што гэтыя рашэнні Міністэрства культуры не ўзгадняла, бо інакш можна заканчваць з рэстаўрацыяй у краіне».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары9

  • Андрусь
    21.04.2025
    Бацюшкі жэ хацят здзелаць красіва, а не так, как пад панамі была. Залатыя купала душы іхні радуюць, а шчас сінія ані і ні грама золата! Усё здзелают па канонам РПЦ - заталыя лукавічкі над яркім сінім сайдзінгам. Будзет саўрамённая цэркаў, а не эта стар'ё!
  • Скажыце мне,
    21.04.2025
    Імя, у каго няма грошай на нармальную рэстаўрацыю?

    Няма дык не псуй.
    Бярвенні замяніць грошай няма?
    Каб сапсаваць помнік грошы знайшліся.
    Праблемы ў галаве.
  • Спадар
    21.04.2025
    Для рпц і гэтак занадта файна...

Цяпер чытаюць

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара11

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара

Усе навіны →
Усе навіны

«Петэн Нацыянальнага Адраджэння». Баркоўскі адказаў Пазняку ад імя «псеўдаапазіцыі»102

Былога міліцыянера, які вярнуўся з Кеніі і вёў блог пра Афрыку, асудзілі за «распальванне варожасці»1

Выпускніца, якая набрала 400 балаў па ЦТ у 2021-м, пераехала ў Расію і нахвальвае Маскву22

З'явілася новае ВІДЭА спецаперацыі СБУ «Павуцінне»: з камеры, замацаванай на самім дроне1

«Мы зноў сутыкаемся з маніпуляцыямі». Украінцы адказалі на расійскія абвінавачванні ў зацягванні абмену целамі і палоннымі

Беларуская блогерка крыкам і лаянкай рэкламуе брэнды — затое збірае мільёны праглядаў10

Расіяне вязуць у Беларусь тысячы целаў забітых вайскоўцаў для абмену3

На полі пад Барысавам заўважылі пад сотню буслоў ВІДЭА3

Астравецкі раён абышоў Мінск па заробках

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара11

На абедзе Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна прысутнічала і адзіная дачка кітайскага лідара

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць