БЕЛ Ł РУС

Высветлілі, дзе адбываўся «допыт» каліноўца Васіля Грачыхі

7.05.2025 / 13:0

Nashaniva.com

5 мая БТ паказала сюжэт пра затрыманне добраахвотніка-каліноўца Васіля Грачыхі. «Наша Ніва» вызначыла месца, куды верталёт прывёз Васіля для тэатралізаванага «допыту», а таксама бартавы нумар верталёта, які КДБ спрабаваў схаваць у сюжэце.

Геалакацыя кадра з допытам Васіля Грачыхі

Верталёт сеў у паўночна-ўсходняй частцы вайсковага аэрадрома Мачулішчы пад Мінскам. На дакладнае месца паказваюць арыенціры: вялікі жоўты рэйкавы кран у прамзоне побач з аэрадромам, раскладка бетонных авіяцыйных пліт ды іншыя.

КДБ адмыслова не паказвае бартавы нумар верталёта, на якім перавозілі Грачыху. Ва ўсіх кадрах з верталётам ён заблюраны. Аднак той нумар на імгненне ўзнікае ў адбітку аўтамабільнага шкла пры канцы сюжэта.

Гэта верталёт тыпу Мі-8МТ, б/н 36, пастаянная дыслакацыя: вайсковы аэрадром Мачулішчы.

Бартавы нумар верталёта Мі-8МТ у розных кадрах сюжэта

Верталёт Мі-8МТ у Мачулішчах, 2015 год. Фота: Дзмітрый Луцэвіч / russianplanes.net

Верталёты гэтага тыпу неаднаразова выкарыстоўваліся ў трэніроўках і вучэннях спецпадраздзяленняў Беларусі, у тым ліку групы «Альфа» КДБ.

Вучэнні спецслужбаў краін СНД «Бастыён—антытэрор, 2008». Фота: Іван Руднеў / Sputnik

Дадаткова ў сюжэце блюраць і фігуру чалавека ў цывільным, які знаходзіцца на заднім плане. Пакажам і яе, з таго ж адлюстравання ў аўтамабільным шкле.

Чалавек у цывільным на заднім плане, якога спрабавалі заблюрыць

Стан расліннасці на здымках, а менавіта голыя галінкі дрэваў, сведчыць пра тое, што здымкі адбываліся не цяпер, не ў маі 2025 года, а нашмат раней.

Нагадаем, Грачыха апошні раз быў анлайн у студзені 2025 года.

Начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак праводзіць тэатралізаваную інсцэніроўку «допыту» з парушэннем працэсуальных нормаў. Гэта гульня на камеру, пасля тое самае павінна будзе адбыцца ўжо па працэдуры.

Начальнік следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года. Тады, мяркуючы па пратаколах участковых выбарчых камісій, Аляксандр Лукашэнка прайграваў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады. Асабліва жорсткімі рэпрэсіі сталі пасля крывавага нападу Расіі на Украіну ў 2022 годзе.

Па словах намесніка начальніка Галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю Следчага камітэта Аляксандра Жукава, было зафіксавана больш за 22 500 «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць, палітычнага характару. Па многіх з гэтых крымінальных справаў праходзяць шматлікія фігуранты.

Яшчэ больш людзей папалі пад адміністрацыйны пераслед, былі звольненыя з працы ці выключаныя з ВНУ.

Згодна з інфармацыяй Паўла Латушкі, прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, з 2020 года рэпрэсіі закранулі 136 тысяч чалавек. Некалькі соцень тысяч беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну.

Чытайце таксама:

Што вядома пра былога каліноўца Васіля Грачыху, які трапіў у рукі беларускага КДБ?

Арыштаваны каліновец Грачыха пакінуў полк праз месяц пасля далучэння

Арыштаваны каліновец Васіль Грачыха

Каментары да артыкула