БЕЛ Ł РУС

«Па-першае, беларусы трохі ніжэйшыя». Маладая палячка наведала Беларусь і дзеліцца ўражаннямі

13.05.2025 / 16:8

Nashaniva.com

Дзяўчынка з Польшчы наведала Беларусь у красавіку і так натхнілася, што завяла тыкток-акаўнт, дзе расказвае пра свае ўражанні. Вось што яе зачапіла.

Фота: скрыны з тыкток-акаўнта musztarda.i.przyg

Уладальніца акаўнта musztarda.i.przyg у сярэдзіне красавіка паехала ў Беларусь на чатыры дні, адкуль прывезла багата ўражанняў.

Яе самы папулярны ролік — на 156 тысяч праглядаў — пра тое, чым беларусы адрозніваюцца ад палякаў.

«Па-першае, яны трохі ніжэйшыя, хаця і ненашмат. Мой рост 170 см, я — дзіця, але большасць дарослых кабет не вышэйшыя за мяне. Наступная рэч — тое, што ў Беларусі часцей можна сустрэць жанчын у спадніцах, у Польшчы бачу жанчын толькі ў штанах. У Беларусі таксама ёсць падлеткі ў шырокіх дзіравых штанах, але вялікая частка людзей апранаюцца вельмі элегантна», — дзялілася дзяўчынка.

Ежа ў падарожжы — асобная гісторыя. Дзяўчынка кажа, што беларускае марожанае смачнейшае за польскае: маўляў, у Беларусі проста іншыя стандарты і таму наша марожанае — натуральнае і без лішніх хімічных дадаткаў.

Не абышлося і без параўнання цэн:

«Ці ў Беларусі ўсё таннейшае? Таннейшыя тыя прадукты, якія там вырабляюцца, мясцовыя прадукты, бо не трэба іх імпартаваць, яны вырабляюцца на месцы. Таму адпадаюць выдаткі на мыты і транспарт. Адзенне, электроніку ці сыры часта ўвозяць, таму яны могуць каштаваць столькі, колькі ў Польшчы, ці нават болей».

Выглядае, што палячка — вялікая аматарка піцы, ёй яна прысвяціла ажно два ролікі. У цэнтры Гродна яна пакаштавала італьянскую піцу коштам 50 рублёў, але не была зачараваная — маўляў, няблага, але каштавалі і лепшае. Затое ёй спадабалася свежая піца з «Еўраопта» коштам 7,5 рубля — гэтая піца каштавала сваіх грошай.

Што да прыгодаў, дзяўчынка наведала заапарк у Гродне і параўнала яго з заапаркам у Варшаве. Канечне, заапарк у Гродне меншы па памерах, але і ў ім ёй было цікава.

Верагодна, недзе ў Польшчы дзяўчынка пачула думку, што ў Беларусі за гутарку па-польску адпраўляюць за краты. Гэты міф яна выкрывае, хаця і не ўсе гледачы ёй паверылі:

«Палякі, якія наведваюць Беларусь, размаўляюць па-польску ў рэстаранах, гатэлях і на вуліцы, і ніхто не робіць з гэтага праблемы. Польская мова там не забароненая».

Каментатары пакінулі пад ролікамі дзяўчынкі багата цёплых словаў пра беларусаў. Былі і скептыкі, але паважлівы тон маладой блогеркі натхніў шмат каго на пазітыўныя словы:

«Беларусь прыгожая. Калі б не палітычная сітуацыя, сам бы хацеў наведаць».

«Беларусы — самы культурна блізкі і прыязны да нас народ».

«Можам памяняць украінцаў у нас на беларусаў».

«Беларусы — цудоўныя людзі. Па працы з імі трохі сутыкаўся, яны цудоўна інтэграваліся і былі вельмі прыязныя».

Чытайце таксама:

«А трэцяй ночы прачынаемся ад удараў у столь». Мінчане купілі кватэру і ўжо 12 гадоў ваююць з суседам

«Атмасфера свята»: самы вялікі чырвона-зялёны сцяг неслі па Мінску ў грабавой цішыні ВІДЭА

У Выгалавічах святар ашаляваў сайдынгам старую капліцу

Каментары да артыкула