«А трэцяй ночы прачынаемся ад удараў у столь». Мінчане купілі кватэру і ўжо 12 гадоў ваююць з суседам
Для многіх уласная кватэра — гэта сімвал стабільнасці, утульнасці і жыцця па сваіх правілах. Менавіта так думала маладая сям’я, купіўшы жытло ў звычайнай панэльцы на ўскрайку Мінска. Праўда, іх марам перашкодзіла суровая рэальнасць у асобе не менш суровага мужчыны, што жыве паверхам ніжэй. Падазраючы сужэнцаў у вытворчасці зброі і некаторых іншых грахах, ён абвясціў ім сапраўдную вайну. І яна цягнецца ўжо 12 гадоў, піша Onliner.by.

«Ён вам жыцця не дасць, папярэдні гаспадар прадаў кватэру з-за яго»
Карына з мужам пераехалі ў гэты дом 12 гадоў таму. Шукалі нешта на замену сваёй аднапакаёўцы на вуліцы Асаналіева: сям’і хацелася жытла больш прасторнага.
— Натрапіла на аб’яву ў інтэрнэце пра продаж двухпакаёвай кватэры, адразу ж патэлефанавала — ужо праз гадзіну сустрэліся з уласнікам. Паглядзелі — усё спадабалася. Праз пару дзён аформілі здзелку, — успамінае дзяўчына.
— Мы былі так задаволеныя: у доме насупраць такое ж па памеры і планіроўцы жытло каштавала на $5000—6000 даражэй. Навошта пераплачваць? Цяпер бы, вядома, дзесяць разоў падумалі і, можа, зрабілі б інакш.
А тады не нарадаваліся сваёй пакупцы: кватэра з рамонтам, на зручным паверсе — што можа быць лепш?
— Пра суседзяў загадзя не распытвалі, не лічылі гэта неабходным. А дарэмна. Цяпер ужо навучаныя горкім досведам: калі набывалі жытло для майго бацькі, наводзілі даведкі пра суседзяў, размаўлялі з участковым, каб больш не рабіць такіх памылак.
Дзіўнасці пачаліся адразу ж. Суседка па лесвічнай клетцы, заўважыўшы новыя твары, здзіўлена ўсклікнула:
— Вы што, не ведаеце? Ён вам жыцця не дасць, папярэдні гаспадар прадаў кватэру з-за яго.

Загадкавы «ён» — гэта пажылы мужчына, які жыве паверхам ніжэй.
— Высокі, вялікі, з доўгай барадой… Ні з кім не вітаецца і не размаўляе. Дзверы таксама нікому не адчыняе: быццам у яго нават дамафона ў кватэры няма, — апісвае дзяўчына.
Пару папярэджанне суседкі толькі насмяшыла.
«Глупства. Калі будзе дакучаць — напішам заяву ў міліцыю», — заявіла тады Карына.
«У вас нічога не атрымаецца», — загадкава адказала суразмоўца. Так, яна дакладна нешта ведала…
«Вы думаеце, я не ведаю, што вы па начах робіце?..»
Праз тыдзень пасля пераезду таямнічы мужчына сам даў пра сябе ведаць.
— Прачынаемся раніцай — святла няма. Падумалі, можа, аварыйнае адключэнне ў раёне. Вярнуліся ўвечары — святла ўсё яшчэ няма. Звярнуліся ў камунальныя службы — электрычнасць аднавілі. Праўда, ненадоўга: святло ўсё роўна прападала некалькі разоў на тыдзень. Мы ніяк не маглі зразумець, у чым справа, пакуль падчас чарговай размовы супрацоўніца ЖЭСа, не вытрымаўшы, эмацыйна не закрычала ў слухаўку: «Хопіць нам тэлефанаваць. Гэта ваш сусед драты рэжа!»
Паводле слоў Карыны, мужчына прыцэльна абразаў менавіта іх кабель. Ён дакладна ведаў, які дрот ідзе ў кватэру, і кожны раз акуратна яго «надкусваў».
— Камунальшчыкі нават вешалі амбарныя замкі на электрашчыток, але ён іх спілоўваў.

Спачатку не было зразумела, чым мы яму не даспадобы. Ніякіх размоў, званкоў, пісьмовых ці вусных прэтэнзій. Калі сям’я паспрабавала высветліць, у чым справа, ён сказаў: «Ваша дзейнасць незаконная».
— Я здзіўлена спытала: «Якая дзейнасць?» У адказ пачула: «Вы думаеце, я не ведаю, што вы па начах вырабляеце зброю?»
Я была ў ступары. Пачала яго пераконваць, што нічога такога мы не вырабляем, прапанавала зайсці ў кватэру і асабіста ў гэтым пераканацца. Ён падняўся да нас, усё агледзеў. Убачыў пусты пакой і пацікавіўся: «Чаму пусты?» «Няма каму ў ім жыць (дзяцей у іх яшчэ не было)», — патлумачыла я.
Але ён не паверыў: «Значыць, тут у вас вытворчасць». Раптоўныя адключэнні святла працягваліся ўсе гэтыя гады. Пік актыўнасці прыпадаў на вясну і восень, улетку і зімой гэта адбывалася радзей.
— Глядзім увечары кіно, а ён пачынае шчоўкаць рубільнікамі — святло мігае, усё адключаецца. Гэта даводзіла да роспачы. Нават на выхадныя нельга было спакойна з’ехаць: вяртаешся — халадзільнік не працуе, прадукты сапсаваныя.
Адны суседзі прыдумалі на гэты выпадак лайфхак: калі адпачывалі на дачы, перыядычна тэлефанавалі на хатні тэлефон. Калі ён недаступны, значыць, і электрычнасці няма — трэба ехаць назад. Так, пад прыцэлам мужчыны аказалася не толькі сям’я Карыны, але і іншыя людзі.
— Суседку, якая жыла пад ім, ён падазраваў у вытворчасці наркотыкаў. Яна не вытрымала і прадала кватэру. Цяпер там замежнікі жывуць.
Гэтай вясной пенсіянер пераключыўся на інтэрнэт і тэлебачанне — цяпер у некаторых жыхароў перабоі з Wi-Fi або ТБ-сігналам. Карына кажа, што з самага пачатку спрабавала дзейнічаць па законе. Звярталася ў ЖЭС, міліцыю, раённую адміністрацыю. Пісала разам з суседзямі калектыўную скаргу.
— Да яго прыходзілі з праверкай, але ён проста не адчыняў дзверы. А прамых доказаў, што гэта менавіта ён рэжа драты, у нас няма. Ніводзін чалавек не заспеў яго за гэтым заняткам. Бывае, стаіш у калідоры і чуеш, як ён ляпае дзверцамі. Толькі выходзіш у пад’езд, а ён ужо бяжыць уніз па лесвіцы. Такую карціну назіралі многія. Але сам момант, калі ён адключае электрычнасць, злавіць немагчыма.
— А калі ўсталяваць відэакамеру? — прапануем рашэнне.
— Можна, вядома. Але ён жа разумны, ён яе дакладна заўважыць. Адключыць або зламае…
Сусед адказвае «ўзаемнасцю»: таксама піша скаргі ў розныя інстанцыі.
— Адзін раз да нас прыйшла цэлая дэлегацыя: прадстаўнікі раённай адміністрацыі, ЖЭСа, міліцыі… Пыталі, усміхаючыся, дзе наша вытворчасць, агледзелі кватэру і сышлі.
Аднойчы пенсіянер пакінуў для Карыны асабістае пасланне. У запісцы ён сцвярджае, што сям’я штодзённа парушае правілы карыстання жылым памяшканнем. Што менавіта яна робіць не так, аўтар ліста наўпрост не тлумачыць. Але, судзячы па ўсім, гаворка ідзе пра нейкае магутнае электрамагнітнае выпраменьванне.
Даслоўна прыводзім некалькі абзацаў:
«Магутнае э/магнітнае выпраменьванне, УКХ, ультрагук і гукі іншых частот недапушчальныя, як і выкарыстанне «0» праз арматуру. Гэта крымінальна каральна; гэта прывяло многіх да страты здароўя і смерцяў!
Пра верагоднасць такіх наступстваў я раней папярэджваў міністраў МУС і ЖКГ і пра механізмы такога негатыву.
Улічыце, я буду дзейнічаць рашуча! Небяспечна — надакучыла!»

Што за загадкавае выпраменьванне ідзе з яе кватэры, гаспадыня не ведае. Але кажа, што сусед, здаецца, адчувае яго на фізічным узроўні.
— Часам ён, трымаючыся за галаву, выбягае ў пад’езд і крычыць: «Выключыце гэты шум, я больш так не магу!»
У пенсіянера ёсць і іншыя спосабы камунікацыі з навакольнымі, сцвярджае суразмоўца. Раней дакладна а трэцяй гадзіне ночы, быццам па будзільніку, ён пачынаў грукаць па батарэях.
— Да нас нават прыходзілі людзі, што жывуць паверхам вышэй: «Што ў вас здарылася, чаго вы грукаеце?» А гэта не мы.
Кожны раз клаліся спаць і думалі, а ці заснём мы сёння? Некалькі разоў на тыдзень, у перапынках паміж ударамі па батарэі, ён яшчэ і біў у столь. Так моцна, што здавалася — гэта землятрус.
Спачатку мы выклікалі міліцыю. Прыязджаў нарад — цішыня. Толькі сыдуць, ён зноў пачынае біць. Аднойчы супрацоўнікі ўсё ж пачулі гэты шум — нават на лесвічнай пляцоўцы ўсё гудзела. Тады яму выпісалі штраф. На што менавіта так бурна рэагуе сусед, дзяўчына не ведае.
— Побытавыя шумы яму зусім не перашкаджаюць. Дзеці бегаюць, нешта кідаюць пасля 23:00 — звычайны чалавек адразу б раззлаваўся, а ён не рэагуе. Нават пральную машыну магу спакойна ўключыць ноччу — ён не скардзіцца.
Відавочна, цішыня мужчыну турбуе больш: занадта яна падазроная.
— Бывае, па начах ён адкрывае кран у ванным пакоі, і вада шуміць да самай раніцы. У такія дні ён не грукае. Магчыма, шум вады яго супакойвае.
Паводле слоў Карыны, пенсіянер не ідзе на кантакт ні з ёй, ні з іншымі суседзямі.
— Да яго часта прыязджаюць у госці сын з унукам. Спрабавалі размаўляць з яго сынам, але ён толькі адказваў «А вы проста не шуміце» або маўчаў. Мы хутка зразумелі: канструктыўнага дыялогу не атрымаецца.
Пагутарыць з мужчынам або яго сваякамі хацелі і журналісты Onlíner. Праўда, дзверы ў кватэру так ніхто і не адчыніў.
Выпадкова сутыкнуцца з мужчынам у пад’ездзе або на вуліцы нам таксама не пашчасціла. Карына кажа, што проста так ён з дому выходзіць нячаста.
Каментары