«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»
Нагодай для гутаркі з гісторыкам Паўлам Церашковічам у падкасце «Радыё Свабода» стала актуальная сітуацыя ў сістэме адукацыі Беларусі. У перадачы былі агучаныя пагрозлівыя лічбы: Расія ў 17 разоў павялічыла квоты для беларускіх абітурыентаў у сваіх ВНУ. Акрамя таго, міністр адукацыі Андрэй Іванец анансаваў прыезд у Беларусь па абмене паўсотні расійскіх прафесараў. Не кажучы ўжо пра тое, што зараз ідуць спробы напісання расійска-беларускіх падручнікаў па гісторыі. «Салідарнасць» цытуе некалькі момантаў інтэрв’ю.
Павел Церашковіч
«Маштаб інтэрвенцыі сапраўды беспрэцэдэнтны»
«У Беларусі дзейнічае некалькі інстытутаў так званай «мяккай сілы». Гэта офісы дзяржаўнай карпарацыі «Рассупрацоўніцтва», прадстаўніцтвы фундацыі «Русский мир», а таксама прадстаўніцтва фундацыі публічнай дыпламатыі імя Гарчакова», — зазначыў гісторык.
Па яго словах, адна толькі колькасць прапанаваных расійскіх стыпендый у мінулым годзе пакрыла ўвесь беларускі бакалаўрыят. Але найбольшую небяспеку ўяўляе сабой менавіта шырокая прадстаўленасць вышэйпамянёных структураў.
Павел Церашковіч прывёў канкрэтны прыклад: звычайна Расія мае ў замежных краінах не больш за два «рускія дамы», а ў Беларусі іх ужо чатыры — у Мінску, Гродне, Брэсце і Гомелі. Акрамя таго, у Магілёве дзейнічае так званы інфармацыйны цэнтр, які паводле сваёй дзейнасці мала чым ад іх адрозніваецца.
Гісторык нагадаў, што ў 2014-м офісы «Рассупрацоўніцтва» ў Крыме і на ўсходзе Украіны сталі галоўнымі падбухторшчыкамі да сепаратыўных дзеянняў.
А ў артыкуле расійскага паліттэхнолага Цімафея Сяргейцава (люты 2022-га) «Што Расія павінна рабіць з Украінай» офісам «Рассупрацоўніцтва» адводзілася роля акупацыйных цэнтраў на захопленай тэрыторыі.
Небяспека ад гэтых структур у тым, што яны нацэленыя на адукацыю, падкрэслівае Церашковіч — ад школьнай да вышэйшай. Яны ладзяць для школьнікаў паходы на прапагандысцкія выставы і кінапрагляды, адсочваюць таленавітых і перспектыўных маладых даследчыкаў.
У чым моц расійскай прапаганды
Павел Церашковіч нагадвае, што сучасная пуцінская прапаганда сваімі каранямі ідзе ў мінулае стагоддзе. Роўна сто гадоў таму пачалося радыёвяшчанне на замежных мовах у СССР. Гэты момант і стаў пунктам адліку існавання савецкай прапаганды.
Сённяшняя прапагандысцкая машына ў Расіі напоўніцу задзейнічала сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, уключна з сацсеткамі.
«У гэтую прапаганду ўкінутыя каласальныя рэсурсы. Мы нават да канца не ўяўляем, наколькі яны моцныя.
Розніца паміж савецкай асновай і сучаснай прапагандай у тым, што сёння пуцінскі рэжым мае несупастаўна большыя і магутныя тэхнічныя магчымасці.
І калі ў савецкай прапагандзе асноўным складнікам была ідэалогія, а на палітычныя тэхналогіі прыпадала каля 10%, то сённяшнія прапорцыі выглядаюць дакладна наадварот.
Ідэалогія ў пуцінскай прапагандзе неструктураваная, невідавочная, нібы заблюраная. Але дзякуючы татальнай вазе паліттэхналогій усё працуе звышэфектыўна», — кажа гісторык.
І гэтаму ў сучасным свеце проста няма аналагаў:
«Па тэхнічных магчымасцях гэта далёка пераўзыходзіць Савецкі Саюз і нацысцкую Германію».
Наколькі глыбока «русский мир» пранік у беларускую душу
Гісторык пагаджаецца з думкай пра тое, што прапагандысцкія інстытуты Беларусі і Расіі фактычна сінхранізаваліся за апошнія гады.
Але пакуль захоўваюцца ідэалагічныя адрозненні. Галоўны стрыжань «русского мира» — ідэі еўразійства. А ў Беларусі на сёння лічаныя адзінкі ягоных адэптаў. З чаго можна зрабіць выснову, што гэты кампанент не прыжываецца сярод беларусаў.
Даходзіць да таго, што некаторыя адданыя прыхільнікі Лукашэнкі, выключна лаяльныя да яго, выступаюць супраць ідэй еўразійства.
Не замацаваўся у Беларусі і другі кампанент — класічная геапалітыка канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, адроджаная ў сённяшняй Расійскай Федэрацыі: «Той апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма».
А вось яскравае супадзенне назіраецца ў кульце Перамогі, які ператварыўся ў культ вайны, адзначае гісторык. У апошнія гады ў Беларусі актыўна запазычваюцца расійскія практыкі культа Перамогі, чаго раней практычна не было.
У тым ліку выкарыстанне дзяцей у ваенізаваных шэсцях, што ўсё больш нагадваюць карнавал.
Што ратуе беларускую свядомасць
Наяўнасць дзяржавы, дзяржаўнасці — нават у тым выглядзе, у якім яна існуе сёння — адыгрывае вялікую ролю ў захаванні агульнабеларускай свядомасці, перакананы Павел Церашковіч: «Безумоўна, гэта ўплывае вельмі пазітыўна».
Гісторык падкрэсліў, што нават у сённяшняй наскрозь залежнай ад Масквы Беларусі сярод людзей, што прымаюць рашэнні, ёсць тыя, хто супраціўляецца экспансіі «русского мира».
Па яго словах, вышэйпамянёныя 1300 стыпендый для беларускіх бакалаўраў выклікалі пратэст у ведамстве Іванца. Пра гэта ў мінулым годзе заявілі ў «Рассупрацоўніцтве», папракнуўшы беларусаў тым, што іх студэнты тысячамі едуць на вучобу ў Польшчу.
А колькі год таму ў Акадэміі кіравання была абароненая дысертацыя на тэму таго, што ідэалогія «русского мира» не пасуе беларусам, што яны яе не прымаюць. Таксама як і ідэю рускага месіянізму.
Ці выстаіць беларуская ідэнтычнасць
Гісторык Церашковіч даволі аптымістычна глядзіць на будучыню беларускай ідэнтычнасці, зважаючы на тое, што адбывалася ў апошнія гады існавання СССР.
«У 70-80-я гады быў падручнік па гісторыі БССР, але не было дысцыпліны ў школах па гісторыі Беларусі. І настаўнік вымушаны быў уводзіць у курс гісторыі СССР асобныя заняткі па гісторыі Беларусі. Сёння такая дысцыпліна ёсць».
Сюды ж гісторык дадае існаванне курса гісторыі беларускай дзяржаўнасці для ВНУ: «Гэта таксама садзейнічае захаванню беларускай ідэнтычнасці».
І які б ні быў змест гэтага курса, уключна са спробамі выставіць русіфікацыю больш пазітыўнай, чым паланізацыю, сам факт існавання яго раздражняе Расію. Адсюль і спробы стварыць супольны падручнік гісторыі.
Ці знікне Беларусь, калі знікне беларуская дзяржава?
Інкарпарацыя Беларусі ў Расію магчымая, кажа Церашковіч. Пры гэтым ён упэўнены, што ў такім разе не будзе ніякага ўваходжання шасцю абласцямі ці новай федэральнай акругі.
«Фармальна дзяржаўнасць захваецца, будзе захаваная і дзяржаўнасць беларускай мовы. Праўда, гэта нічога не будзе значыць. Ва Удмурціі ўдмурцкая мова мае дзяржаўны статус, і што гэта азначае? Нічога не азначае, апроч наяўнасці двухмоўных шыльдаў. Магчыма, будзе варыянт такі».
Паводле гісторыка, вонкава Расія дэкларуе роўнае развіццё для ўсіх нацыянальных меншасцяў і народаў. Але на практыцы ўсё зводзіцца да кулінарна-танцавальнай формы. Таму ансамбль «Харошкі» і дранікі ў Беларусі застануцца, сумна іранізуе Церашковіч.
І ўсё ж гісторык лічыць, што інкарпарацыя не адбудзецца. Бо існаванне нацыянальнай рэспублікі ў складзе сучаснай Расіі найперш датычыць пытанняў улады, а не гісторыі і культуры. Там даўно прызначаюць кіраўнікоў з цэнтра, адмяніўшы выбары, што ладзіліся ў 90-х:
«Перад рэжымам Лукашэнкі стаіць такое пытанне. Ці пагодзіцца нават не ён, а ўсё яго атачэнне, уся ягоная бюракратыя, на тое, што кіраўніка будуць прызначаць з Масквы? Прывязуць там з якога-небудзь Хабараўска, напрыклад, і паставяць кіраваць. Мне падаецца, што гэтага ўсё ж не адбудзецца».
Чытайце таксама:
Без візы і апастылю. Паступіць ва ўніверсітэт у Еўропу прасцей, чым вы думалі
Выпускніца, якая набрала 400 балаў па ЦТ у 2021-м, пераехала ў Расію і нахвальвае Маскву
Як паступіць у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт у 2025 годзе? Расказваем