Выпускніца, якая набрала 400 балаў па ЦТ у 2021-м, пераехала ў Расію і нахвальвае Маскву
Ураджэнка Жлобіна Анастасія Савасцёнак у 2021 годзе набрала 400 балаў падчас уступнай кампаніі. Як пісалі тады СМІ, дзяўчына падала дакументы на факультэт міжнародных адносін у БДУ. Але доўга яна там не правучылася. Чым цяпер займаецца рэкардсменка, даведалася «Люстэрка».

Анастасія Савасцёнак вучылася ў школе №13 у Жлобіне, а пасля пятага класа перавялася ў гімназію №1. Скончыўшы дзявяты клас, школьніца паступіла ў Ліцэй БДУ ў Мінску.
На ЦТ-2021 абітурыентка атрымала па 100 балаў за тэсты па беларускай і англійскай мовах. Яшчэ па «сотцы» прынеслі залаты медаль і дыплом з рэспубліканскай алімпіяды па грамадазнаўстве.
З такімі вынікамі (400 з 400) дзяўчына паступіла на факультэт міжнародных адносін БДУ. Тады Насця расказвала, што «ў будучыні плануе пабудаваць кар'еру дыпламата».
На першым курсе дзяўчына сапраўды вучылася ў беларускай ВНУ. У кастрычніку 2021-га як першакурсніца яна павіншавала БДУ са стогадовым юбілеем. А ўжо наступным летам спрабавала трапіць на валанцёрскую праграму Інстытута рускай мовы імя Пушкіна «Паслы рускай мовы ў свеце!». Мэта яе — папулярызацыя рускай мовы, культуры і літаратуры ў Расіі і за мяжой.
Ці атрымалася ў Анастасіі трапіць туды, яна не расказвала. Затое дзяўчына стала студэнткай Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін (МГІМО). Мяркуючы па ўсім, гэта адбылося восенню 2022-га (цяпер яна на трэцім курсе).
Беларуска вучыцца па спецыяльнасці «Міжнародныя адносіны». Чаму дзяўчына вырашыла памяняць беларускую ВНУ на расійскую, невядома.

Рэкардсменка па ЦТ і ў Расіі вучыцца добра. Напрыклад, сёлета яна атрымала стыпендыю ад рэктара МГІМО. Да гэтага, у красавіку 2024-га, Савасцёнак заняла другое месца на конкурсе студэнцкіх праектаў «Найлепшы статыстычны агляд на тэму Мэтаў устойлівага развіцця». Яшчэ дзяўчына ўдзельнічае ў жыцці ўніверсітэта: у маі 2023-га Савасцёнак выступіла ў якасці спявачкі на фестывалі MGIMO Stars.
У Расіі беларусцы відавочна падабаецца. Так, летам 2024 года яна выклала ролік, у якім хваліла Маскву. Верагодна, гэта быў флэшмоб або конкурс — пад відэа хэштэг «ЅТОлица». Гэта «моладзевая супольнасць Масквы», праект мэра расійскай сталіцы.
«Масква — гэта горад мары, — гаворыць на камеру Анастасія. — Найбуйнейшы мегаполіс, які адкрывае шырокія магчымасці для ўсебаковага развіцця моладзі. Велізарны лік універсітэтаў даюць шырокі выбар адукацыйных праграм. Канцэнтрацыя вялікай колькасці буйных кампаній, міжнародных карпарацый і дзяржаўных арганізацый прапануе разнастайныя магчымасці для працаўладкавання і пабудовы кар'еры».
З нагоды вайны, якую Расія развязала ва Украіне, дзяўчына не выказваецца, як не гаворыць і пра палітычную сітуацыю ў Беларусі.
Каментары