Украіна прапанавала Расіі сустрэцца дэлегацыямі на наступным тыдні
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што Украіна прапанавала Расіі правесці новую сустрэчу на ўзроўні дэлегацый ужо на наступным тыдні. Пра гэта ён расказаў у сваім вячэрнім відэазвароце 19 ліпеня.
Уладзімір Зяленскі. Фота: Jonathan Raa NurPhoto via Getty Images
Паводле слоў Уладзіміра Зяленскага, цяпер працягваецца праца над чарговым абменам палоннымі, пра які дамовіліся падчас папярэдніх перамоў у Стамбуле. Зяленскі адзначыў, што над гэтым працуюць спецыяльныя каманды.
Толькі ўчора прызначаны на пасаду новы сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Рустэм Умераў, які быў раней міністрам абароны і кіраўніком украінскай дэлегацыі ў Стамбуле, прапанаваў расійскаму боку правесці новую сустрэчу ўжо на наступным тыдні.
Зяленскі падкрэсліў, што «патрэбна павялічваць перамоўную дынаміку», і заклікаў Расію «перастаць хавацца ад рашэнняў» — спыніць забойствы, вярнуць дзяцей і працягваць працэс абмену палоннымі. Ён таксама заявіў, што патрэбная сустрэча на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, каб дамовіцца пра сапраўдны мір.
Раней, 16 мая і 2 чэрвеня, адбыліся дзве сустрэчы ў Стамбуле, але, паводле ўкраінскага боку, Расія толькі паўтарала свае ультыматумы і патрабавала перадачы ёй часткі ўкраінскай тэрыторыі як умову для пачатку сур’ёзных перамоў.
Пасля гэтага прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 14 ліпеня паставіў Расіі ультыматум: калі на працягу 50 дзён Масква і Кіеў не дамовяцца, то супраць Расіі і яе саюзнікаў ды гандлёвых партнёраў будуць уведзеныя новыя жорсткія санкцыі.
Чытайце таксама:
Зяленскі расказаў пра «мегаздзелку» з ЗША па ўзбраеннях
Мерц змог пераканаць Трампа пры дапамозе «дыпламатыі чэкавых кніжак»
Пуцін адхіліць ультыматум Трампа і рыхтуецца да новай эскалацыі ва Украіне
Трамп адгаварыў рэспубліканцаў ад падтрымкі закона аб «пякельных санкцыях» супраць Расіі
«Патэлефануйце Пуціну»: Рутэ папярэдзіў Кітай, Індыю і Бразілію пра другасныя санкцыі