«45 гадоў ішла да таго, каб стаць калгасніцай. І ганаруся гэтым». Мінчанка з’ехала са сталіцы ў вёску і пачала вырабляць мэблю
Марыя Багук жыла ў звычайнай мінскай панэльцы і бегала на працу на абцасах. Але ў нейкі момант вырашыла: трэба мяняць сталіцу на вёску. Завяла курэй і паўлінаў, пачала вырабляць мэблю на замову.
Марыя Багук. Скрыншот відэа ў тыктоку
У тыктоку жанчына распавядае, што шмат гадоў марыла пра ўласны дом у вёсцы, які пабудуе муж. У марах былі і куры — каб зранку можна было збіраць яйкі.
У 37 гадоў Марыя другі раз пабралася шлюбам. Здавалася, наперадзе толькі шчасце. Але ўсяго праз паўтара месяца пасля вяселля каханы нечакана памёр.
Не скаціцца канчаткова ў дэпрэсію дапамагло хобі. Хацелася пачаць рабіць нешта сваімі рукамі — на прасторах інтэрнэту Марыя знайшла анлайн-школу, дзе вучылі рабіць нейкія простыя рэчы. У хуткім часе тая школа абвясціла конкурс прац, і жанчына вырашыла паўдзельнічаць. Як вынік — выйграла фрэзер.
Што з ім рабіць, Марыя не ведала, але проста закінуць прыз у шафу неяк не хацелася. Таму жанчына пачала глядзець адукацыйныя ролікі на ютубе. Паспрабавала пілаваць — і зрабіла паднос.
Так крок за крокам дайшла і да вырабу мэблі. Першую замову зрабіла сяброўка, якой спадабалася зробленае Марыяй крэсла. Брацца адразу за чатыры крэслы жанчыне было страшна. Яна зноў набыла адукацыйны курс і рабіла для сяброўкі мэблю з дапамогай настаўніка. А далей панеслася…
Мару пра ўласны дом у вёсцы Марыя не кінула — вырашыла будавацца ў Самахвалавічах, што недалёка ад Мінску. На гэта сышло ажно пяць гадоў: жанчына прызнаецца, што то была сапраўдная школа выжывання. Будаўнікі зрывалі ўсе тэрміны, халтурылі. Першы падрадчык скраў грошы і збег, не дабудаваўшы каркаснік. Праз тое, што будаўніцтва ішло надта павольна, чыноўнікі ледзь не адабралі ўчастак. Але абышлося.
Спачатку гэта было месца для адпачынку, але з цягам часу Марыя зразумела: для яе мала прыязджаць у вёску толькі на выходныя, яна хоча тут жыць.
Жанчына жартуе, што працаваць рукамі аказалася цікавей за любы карпаратыў. Таму завод, дзе Марыя была вядучым інжынерам, застаўся ў мінулым. А акрамя курэй ды пеўняў яна завяла ў вёсцы яшчэ і паўлінаў — парачку завуць Марцін і Марта.
Цяпер жанчыне 45 гадоў. Яна займаецца тым, што робіць на замову розныя рэчы з дрэва: ад цацак на ялінку ды падносаў да крэслаў. На яе вырабы ёсць чарга, а адпраўляе іх жанчына не толькі па Беларусі, але і за яе межы.
На акаўнт Марыі ў тыктоку падпісана больш за 30 тысяч чалавек, у інстаграме яна мае каля 56 тысяч падпісчыкаў. Паказвае ў асноўным сваю працу.
Нядаўна беларуска зноў удзельнічала ў конкурсе майстроў у Расіі. Да перамогі ёй не хапіла некалькі балаў. Але праз дадатковую ўвагу да Марыі ў каментарыі прыйшлі хейтары:
— І вось мне пішуць: «Куды ты лезеш, калгасніца? Сядзі ў сваёй вёсцы і не рыпайся». Ведаеце што? Так, я калгасніца. Я жыву ў вёсцы. І я гэтым вельмі ганаруся. Я ўсе 45 гадоў да гэтага ішла.
Чытайце таксама:
Хлопцы са Смілавіцкага каледжа са сталёвымі ружамі ўзарвалі тыкток
Беларуска вярнулася з Польшчы і купіла сельскую школу, дзе раней вучылася — што яна там робіць?
Знаёмая аддала мінчуку стары вясковы дом на хутары — той ператварыў яго ў шэдэўр