Нерухомасць1111

Знаёмая аддала мінчуку стары вясковы дом на хутары — той ператварыў яго ў шэдэўр

Вёска Расходна амаль вымерла, стала хутарам. Аляксандр Гутоўскі, які там жыве, называе сябе свабодным мастаком. Памяняўшы мінскую кватэру на домік у глушы, ён ужо некалькі гадоў стварае за горадам маленькі казачны свет: упрыгожвае сваю хату ў карункі кафляў, робіць унікальную мэблю і дэкор з усяго, што трапляецца пад руку… Праўда, любуецца гэтай прыгажосцю пакуль толькі ён сам, адзін-адзіны сусед і некалькі мясцовых коцікаў.

Яго гісторыю расказвае «Анлайнер». Прыводзім з невялікімі скрачэннямі.

Фота тут і далей: «Анлайнер»

Пазнаць дом Аляксандра можна яшчэ на пад'ездзе да хутара: здалёку віднеюцца фігуры з дрэва, каменя, бетону… У адных угадваюцца сілуэты птушак і звяроў, у іншых — чыстая абстракцыя.

Аляксандр рухаецца жвава, вочы блішчаць — ні за што не дасі яму 71 год. Дзядулем такога энергічнага чалавека ўжо сапраўды не назавеш.

Калісьці Расходна было вялікай вёскай. Да вайны тут стаялі дзясяткі дамоў, а потым прыйшлі немцы — і спалілі палову хат. Хацелі расстраляць людзей за сувязь з партызанамі. Але мясцовых выратаваў адзін чалавек: падчас Першай сусветнай ён апынуўся ў нямецкім палоне, вывучыў мову і здолеў угаварыць афіцэраў пашкадаваць жыхароў вёскі.

Сёння тут амаль нічога (і нікога) не засталося: людзі даўно раз'ехаліся. Аляксандр нават паставіў памятны знак — на вялікім валуне залатымі літарамі напісаў «Тут была вёска». Побач — інсталяцыя з камянёў з крыжам і чыгуннымі птушачкамі, знойдзенымі ў адной з закінутых хат.

— Кафлі я раблю з дрэва. Хваёвых дошак пайшло ўжо вельмі шмат. Я іх знаходжу ў старых хатах — проста абдзіраю тыя, што лепш захаваліся. Дамы гэтыя ўжо паміраюць, там жыве смерць. Таму хай лепш яны служаць людзям.

Цікавасць у Аляксандра не толькі да дрэва, але і да камянёў. Нядаўна знайшоў пад ганкам цэльны кавалак граніту. Вырашыў выпілаваць з яго яшчэ адзін крыж. Працаваў доўга — інструмент увесь час ламаўся, пакуль мужчына не купіў магутную балгарку, на якую ўсталяваў круг з алмазным напыленнем.

Ужо на ўчастку разрозненыя валуны становяцца паўнавартаснымі інсталяцыямі. Хтосьці ўбачыць у іх проста груду камянёў, хтосьці — ні на што не падобнае мастацтва.

Адкуль такая цікавасць? Усё проста: Аляксандр скончыў гістарычны факультэт БДУ і адразу пасля выпуску пачаў працаваць у Акадэміі навук. Займаўся каменным векам, удзельнічаў у археалагічных раскопках па ўсёй Беларусі. Калегі называлі такіх супрацоўнікаў «мулярамі». Дома ў яго нават была калекцыя: сякеры, наканечнікі стрэл, крамянёвыя нажы. Пазней ён аддаў яе аднаму краязнаўцу.

З юнацтва таксама захапляўся фатаграфіяй. Працаваў друкаром у БелТА, а пасля фатографам у гістарычным музеі: здымаў экспанаты да рэстаўрацыі, у працэсе і пасля.

— А потым стаў вольным мастаком і з'ехаў на радзіму маці, у Стоўбцы. Сродкі меў ад здачы кватэры і паволі ўладкоўваў стары дом. Мне хапала. Грошы для мяне не важныя. Не хачу кожную капейку лічыць, як іншыя. Галоўнае, што жыву цікава.

Менавіта там Аляксандр і захапіўся кафлямі. А пачалося ўсё з часопіса «Драўляныя карункі Томска», які ён выпадкова дзесьці купіў. Доўга разглядаў старонкі і разважаў, як жа гэта зроблена. Потым вырашыў сам паспрабаваць. І панеслася.

— З фізічнай працай жыццё мяне ніколі шчыльна не звязвала —хутчэй я заўсёды быў чалавекам умелым. Працаваць рукамі прывучылі дома. Мама была мадысткай: у пасляваенныя гады яна шыла на заказ, але не проста адзенне, а «апошні шык» па модных польскіх часопісах, якія нейкім чынам даходзілі да Заходняй Беларусі. Абыходзіцца са швейнай машынкай умеў і я: сам мог вырабіць спальнік, палатку. Тады іх яшчэ нельга было купіць.

Бацька быў чалавек захоплены: рыбалка, паляванне, пчолы — усё яму было цікава. 

— А ўжо па-сапраўднаму працаваць рукамі я пачаў, калі ў вёску пераехаў. Калі жывеш на сваім падворку, без справы сядзець не будзеш.

У Стоўбцах дагэтуль стаіць першы «казачны» дом Аляксандра. Праўда, ужо без гаспадара. Мужчына вымушаны быў адтуль з'ехаць: частку дома яго сваякі прадалі іншай сям'і, і ўжыцца з новымі суседзямі не атрымалася.

— Я не хацеў сварыцца. Я хацеў тварыць.

Праз час знаёмая прапанавала Аляксандру пераехаць на хутар Расходна, у хату памерлай маці. Мужчына бываў тут раней у гасцях, добра ведаў гэтае месца.

— Яна сказала: «Жывіце тут, інакш дом загіне». Сама прыязджае раз на год — на Радаўніцу, на могілкі схадзіць, парадак навесці.

Хата ў Расходне сапраўды змянілася. Дах і вокны зайгралі кафлямі, на фасадзе пасяліліся жар-птушкі, совы, анёлы. Над будынкам цяпер «узыходзіць» сонца, ручка ўваходных дзвярэй ператварылася ў залатую рыбку, а на даху з'явіўся флюгер са звычайных алюмініевых чарпакоў.

— Вось гэта маё летняе працоўнае месца, — паказвае майстар на стол пад адкрытым небам. — Зімой працую на верандзе, у мяне тут варштат стаіць. Калі вельмі холадна, пілую на кухні.

На сваё новае тварэнне Аляксандр выдаткаваў крыху больш за год. Як выглядаў гэты працэс? Спачатку мужчына зачышчае дошку гэблем, затым — шліфуе. Пасля гэтага малюнак можна выразаць.

— Працую ў асноўным электралобзікам. Свідрую дзірачкі, а потым ужо праразаю ўвесь ўзор. Далей апрацоўваю дрэва антысептыкам, пакрываю лакам. Затым мацую усё на шрубы.

Але перш за ўсё трэба зрабіць лякала. Калі Аляксандр бачыць дзесьці цікавы ўзор — у часопісе або кнізе, — фатаграфуе. Потым пераносіць на камп’ютар, павялічвае, проста прыкладвае ліст паперы да экрана і абводзіць проста на маніторы. Затым выразае і прыляпляе на кардон.

— У мяне свой пастаўшчык кардону ёсць — мой сябар у Мінску. Ён, як плюшкіны, цягне ў дом усё, што знаходзіць на вуліцы. Бачыце карціну? — ківае на палатно з летнім пейзажам, прыбітае да фасада. — Думаеце, сам маляваў? Не, гэта ён у смецці адшукаў. І самае выдатнае — ён не скнарнічае: калі папросіш, усё аддасць. А вось з роднымі братамі, якія спрабуюць нешта выкінуць, б'ецца смяротным боем за кожную рэч.

Калі шаблон гатовы, Аляксандр пераносіць узор на дрэва —абводзіць алоўкам кожную лінію. Што будзе далей, вы ўжо ведаеце.

Веранда стала для Аляксандра майстэрняй. Яго стыль адгадваецца ў дэталях: тут вісяць драўляныя ключніцы, разьбяны леў, які нагадвае лагатып Versace, пра які мужчына ніколі і не чуў, дзясяткі падкоў, падораных сябрамі, — яны часта прывозяць яму матэрыялы для працы.

— А вось вешалка з рагамі жывёл. Гэта рог каровы, а гэта — казулі. Выпадкова наступіў на яго ў лесе, збіраючы ягады і грыбы. А вось гэты чый, адгадаеце? Гэта зуб кашалота. У гаспадыні дома быў сваяк, які працаваў на кітабойным судне. Ён і падарыў ёй.

У асноўнай частцы дома ўсё па-вясковаму проста. І ўсё ж такі ёсць і ўнутры хаты нешта такое, што вылучае яе сярод іншых. Куды ні паглядзіш, усюды знойдзецца дэталь, за якую чапляецца погляд. На кухні — вітражы ручной працы. У спальні — падгалоўе ложка з чырвонага дрэва з украпінамі чорнага моранага дуба, пакрытае залацістай фарбай. На сцяне — рама для люстэрка з тонкай разьбой. На камодзе — ваза, зробленая з ствала бярозы.

— Ідэі я часта падглядаю ў іншых майстроў, калі хаджу на розныя выставы ў Мінску. А яшчэ бяру іх з кніг. Тэлевізар я выкінуў, калі пераехаў, стараюся адсякаць ад сябе непатрэбную інфармацыю. Толькі музыку слухаю — у асноўным аўтарскую песню. Сам касеты запісваў. А яшчэ радыё, — паказвае на стары савецкі агрэгат Аляксандр. 

Многія рэчы, зробленыя сваімі рукамі, мужчына падарыў сябрам, на памяць засталіся толькі фатаграфіі.

— Часам аўтамабілісты памылкова сюды заедуць, выйдуць з машыны, цікавіцца пачынаюць. Я для іх экскурсію праводжу. Але ад прапаноў зарабіць заўсёды адмаўляюся. Не хачу, каб мяне абмяжоўвалі ў фантазіі. Ды і грошы, як я ўжо казаў, мне не патрэбныя. Я на хутары трачу ў тры разы менш, чым у Мінску. Тут няма спакус, як у горадзе: кава, марозіва… У аўталаўцы — прымітыўны набор прадуктаў: кефір, малако, батон, чорны хлеб, соль, цукар… Для ўсяго астатняга я разбіў маленькі гародзік, яблыкаў сёлета таксама шмат будзе. Не галадаю!

На хутар Аляксандр канчаткова перабраўся некалькі гадоў таму. У Мінск прыязджае толькі па справах — з'ездзіць у паліклініку або па матэрыялы на Ждановічы. Жыве тут мужчына зусім адзін. Ні жонкі, ні дзяцей — так ужо склалася. У апошні час задумваецца, што будзе з домам, калі яго не стане. 

— Вось бы знайсці якую-небудзь захопленую маладую сям'ю, якая б сюды пераехала, даглядала дом. Але дзе такую сустрэць, не ведаю, — уздыхае мастак. — Без людзей вёска проста загіне.

Каментары11

  • В зямлю закопал, надпись написал
    06.08.2025
    Сымбалічна, што помнік вёсцы па-руску
  • Сава
    06.08.2025
    Нiбыта ў казку трапляеш, гледзячы на прыгожае аздабленне, шкада, што няма суседзяў i што памерла вёска. Хочацца пажадаць, каб жыццё ў яе iзноў вярнулася - як мага хутчэй.
  • Ку-ку
    06.08.2025
    З густам у чалавека цяжка.

Цяпер чытаюць

Сустрэча Уіткафа з Пуціным была больш прадуктыўнай, чым чакалася. Трамп неадкладна сазваніўся з Зяленскім і лідарамі Еўропы6

Сустрэча Уіткафа з Пуціным была больш прадуктыўнай, чым чакалася. Трамп неадкладна сазваніўся з Зяленскім і лідарамі Еўропы

Усе навіны →
Усе навіны

Новы мост з боку рынку Ждановічы ўвойдзе ў тройку самых доўгіх у Мінску9

Мастаку Алесю Пушкіну сёння магло споўніцца 60 гадоў2

У беларускай вёсцы на Смаленшчыне знайшлі жудасную шасціпальцую руку, якой каля 7 тысяч гадоў12

«Нёман» прайграў фарэрскаму «Клаксвіку» ў першым матчы трэцяга раўнду Лігі канферэнцый9

«Дудзя глядзеў? А Дудзь — шпіён». Беларусы расказалі, як цяпер праходзяць праверкі тэлефонаў і апытанні на мяжы16

«Мне літоўцы сказалі не свяціцца, таму што спецслужбы шукаюць, як падабрацца». Франак Вячорка пра пагрозы10

У Барысаве выдзяляюць больш чым мільён даляраў на «адраджэнне яўрэйскіх традыцый»1

У Зэльвенскім раёне начальнік прасіў прабачэння пасля роліка ў TikTok1

Стала вядомая прычына смерці Озі Осбарна1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сустрэча Уіткафа з Пуціным была больш прадуктыўнай, чым чакалася. Трамп неадкладна сазваніўся з Зяленскім і лідарамі Еўропы6

Сустрэча Уіткафа з Пуціным была больш прадуктыўнай, чым чакалася. Трамп неадкладна сазваніўся з Зяленскім і лідарамі Еўропы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць