Нацыянальны пантэон ці пахавальня нацыі? Як дзяржаўная ідэалогія забірае ў беларусаў суб'ектнасць і будучыню
Постаці на барэльефах для новага будынка гістарычнага музея абвешчаны ўладамі нацыянальным пантэонам. Але замест адкрытай залы славы атрымаўся закрыты ідэалагічны спіс, які ўражвае сваёй парадаксальнасцю і можа расказаць пра беларускую ідэалагічную пустату больш, чым пра што-небудзь іншае. Расказваем, у чым яго глыбінная супярэчнасць і чаму ў расійскім імперскім пантэоне знайшлося месца для вялікіх князёў літоўскіх і тых, хто ваяваў супраць Масквы, а ў беларускім — не.
Праца над барэльефам новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі, прысвечаным дадзяржаўнаму перыяду. Скрыншот відэа СТБ
Ідэя нацыянальнага пантэона ў Беларусі ўзнікла з вялікім спазненнем — амаль на два стагоддзі. Найбольш вядомыя еўрапейскія прыклады, як парыжскія Пантэон і Дом інвалідаў ці нямецкая Вальгала, былі створаныя яшчэ напрыканцы XVIII — першай палове XIX стагоддзя. У канцы XIX стагоддзя ў Кракаве зрабілі спробу сфарміраваць нешта падобнае да пантэона, але замест яго з’явілася толькі некалькі разрозненых нацыянальных некропаляў.
Зала славы германскай нацыі — Вальгала, узведзеная ў 1830—1840‑я гады пад Рэгенсбургам у Баварыі, змяшчае бюсты і, калі выгляд асобы невядомы, мемарыяльныя дошкі ў гонар выбітных дзеячаў культуры, навукі і дзяржаўных кіраўнікоў. Апошняе папаўненне адбылося ў 2022 годзе: там паставілі бюст Макса Планка (1858-1947), заснавальніка квантавай фізікі і нобелеўскага лаўрэата. Папаўненне пантэона не церпіць спешкі. Фота: Wikimedia Commons
Галоўная праблема ўсіх падобных месцаў аднолькавая: заўсёды ўзнікаюць спрэчкі, каго варта ўключаць у гэтую «залю славы», а з часам грамадская думка змяняецца. Асобы, якія для сучаснікаў былі сімваламі эпохі, у наступныя пакаленні часта страчваюць сваю значнасць і сыходзяць у нябыт. Так адбылося, напрыклад, з бальшавіцкім «пантэонам» — некропалем каля Крамлёўскай сцяны, дзе сусветна вядомыя савецкія дзеячы суседнічаюць з фігурамі амаль забытымі, чые біяграфіі сёння выглядаюць нічым не прыкметнымі.
Чым мусіць быць пантэон
Прынцыповая рыса любога пантэона — яго незавершанасць. Ён заўсёды адкрыты для новых імёнаў і пераасэнсавання мінулага. Тое ж, што сёння ўзводзіцца ў сталіцы Беларусі, мае зусім іншую прыроду: гэта закрыты матрыкул асоб, адабраных уладай без шырокага грамадскага абмеркавання. Гэта завершаны і канчатковы спіс — канон, які не прадугледжвае далейшага развіцця беларускай гісторыі і з’яўлення новых дастойных людзей.
Калі гэты спіс не прадугледжвае дапаўнення, дык што гэта насамрэч — нацыянальны пантэон ці пахавальня нацыі?
Уражанне, што гаворка ідзе пра другое, толькі мацнее, калі прыгадаць, што шэсць манументальных барэльефаў даручаны аўтару мемарыяльнай «Брамы памяці» ў Трасцянцы, чые створкі па памеры і кампазіцыйным рашэнні надзвычай падобныя да гэтых барэльефаў.
Каго з сапраўды выдатных беларускіх дзеячаў няма ў гэтым «пантэоне», ужо грунтоўна паказалі гісторыкі.
На маю ж думку, любы матэрыяльны пантэон — адліты з бронзы ці высечаны з мармуру — не толькі непатрэбны, але і шкодны, асабліва ва ўмовах зацягнутага «падваення асобы» беларускай нацыі. Сёння любы пантэон ці матрыкул будзе прызначаны не для захавання памяці, а для таго, каб узвялічваць ідэалагічна блізкіх і прыніжаць ідэалагічна чужых.
Адсюль і ўсе дзіўныя, а часам і абсурдныя рашэнні ў пераліку асоб, што будуць адлюстраваныя на барэльефах.
Апошні пахаваны ў парыжскім Пантэоне — Місак Мануш'ян. Гэта армянскі паэт і камуніст, герой Французскага Супраціву, які кіраваў інтэрнацыянальнай партызанскай групай у Парыжы падчас Другой сусветнай вайны. Ён быў расстраляны нацыстамі ў 1944 годзе, а ў 2024 годзе па рашэнні прэзідэнта Францыі Эмануэля Макрона яго разам з жонкай урачыста перазахавалі ў Пантэоне. Уключэнню ў Пантэон папярэднічала шырокая грамадская дыскусія, якая цягнулася цэлае дзесяцігоддзе. Фота: Wikimedia Commons
Нацыянальны пантэон не знікае толькі таму, што ён не ўвасоблены фізічна. Ён жыве нават не ў падручніках, якія заўжды можна перапісаць, а ў нацыянальным наратыве.
Нацыянальны пантэон — гэта не героі, не святыя праведнікі, не адданыя патрыёты, не мецэнаты, не ідэалагічна правільныя палітыкі — іх былі сотні, тысячы, мільёны. Нацыянальны пантэон — гэта тыя постаці, без якіх немагчыма распавесці поўную і звязную гісторыю нацыі.
Калі паглядзець на барэльефы, што рыхтуюцца для Нацыянальнага гістарычнага музея, з такога ракурсу, іх «пантэон» літаральна рассыпаецца на вачах.
Парадокс у тым, што многія асобы, уключаныя туды беларускімі ўладамі, ніколі не былі ўшанаваныя — ні за савецкім часам, ні гэтай жа ўладай за апошнія тры дзесяцігоддзі. І ў той жа час тым, каго свядома выключылі, у Беларусі прысвечаны вуліцы, пастаўленыя помнікі, а пра іх гістарычную спадчыну спісаная не адна старонка ў акадэмічных выданнях.
Няўдалая спроба
Усіхсвяцкая царква ў Мінску, закладзеная Лукашэнкам і мітрапалітам Філарэтам, задумвалася як нацыянальны пантэон. У яе крыпце без увагі да веравызнання хаваліся парэшткі невядомых салдат, што загінулі ў войнах мінулых стагоддзяў. Фота: сайт прыхода
Магчыма, хтосьці ўжо забыў, але ў Мінску нацыянальны пантэон спрабавалі стварыць раней. Дзяржаўныя выданні так характарызавалі храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай. Гэты гіганцкі ўзор маскоўскага дойлідства, закладзены Лукашэнкам і мітрапалітам Філарэтам, з 2010 года стаў месцам перапахавання невядомых салдат, загінулых у вайне 1812 года, Першай сусветнай і Другой сусветнай войнах. Парэшткі католікаў, лютэран, мусульман і іўдзеяў без разбору складалі ў крыпце храма Рускай праваслаўнай царквы — і ніхто не бачыў у гэтым этычнай праблемы.
Але сапраўднага пантэона не атрымалася, бо не было разумення: пантэон — гэта найперш імёны, а не косці.
Барэльефы для музея ці музей для барэльефаў?
Мяркуючы па ступені прапрацоўкі архітэктуры і эскізаў барэльефаў на першых рэндарах Нацыянальнага гістарычнага музея, скульптурныя творы былі задуманыя нашмат раней за грувасткі музейны аб'ём, які фактычна стаў падстаўкай для іх
Калі вярнуцца да моманту прэзентацыі летась новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея, які выглядаў убогім у архітэктурным плане, на рэндарах можна заўважыць адну дэталь. На непрапрацаваных сценах былі пазначаны не проста шэсць плямаў пад будучыя барэльефы, а ўжо гатовыя калажы, што паўтаралі кампазіцыю эскізаў, прадстаўленых значна пазней. Гэта наводзіць на думку, што барэльефы задумваліся яшчэ да самога музея, а пасля іх даручылі хоць кудысьці прыстроіць у новым будынку.
У выніку атрымалася сітуацыя, калі не манументальнае мастацтва служыць прасторы, а прастора падганяецца пад манументальнае мастацтва — яшчэ адна беларуская навацыя, новае слова ў мастацтве.
Канчатковы спіс асоб, якія будуць прадстаўленыя на другім барэльефе «Беларусь у V — першай палове XIII стагоддзяў». Скрыншот відэа СТБ
Ідэалагічныя чысткі
Сам факт падзелу дагістарычнага і старажытнарускога перыядаў выглядае дзіўна: межы пазначаныя ад V стагоддзя да першай паловы XIII стагоддзя, хоць пісьмовыя згадкі пра нашыя землі з’яўляюцца толькі ў IX стагоддзі. Увасабленні трох плямёнаў і некалькіх рускіх князёў цалкам можна было змясціць на адным барэльефе. А вось барэльеф, прысвечаны 500 гадам гісторыі ВКЛ, лагічна было б падзяліць на два — гістарычных постацяў для гэтага перыяду больш чым дастаткова.
На першапачатковым эскізе трэцяга барэльефа, прысвечанага ВКЛ, можа пабачыць люстраную выяву вялікага князя літоўскага Гедыміна са шчытом, узятую з шырока вядомай серыі «Славутыя дзеячы Беларусi» мастакоў Варэцаў. Скрыншот відэа СТБ
Канчатковы спіс асоб, якія будуць прадстаўленыя на трэцім барэльефе «Беларусь у сярэдзіне XIII — XVIII стагоддзяў». Скрыншот відэа СТБ
На жаль, першы эскіз барэльефа, прысвечанага ВКЛ, так і не паказалі цалкам, таму прачытаць імёны немагчыма. Вядома толькі, што там была выява вялікага князя Гедыміна, пры якім княства стала магутнай усходнееўрапейскай дзяржавай і які стаў заснавальнікам яе кіруючай дынастыі. У канчатковым варыянце ні Гедыміна, ні Вітаўта, на Альгерда няма.
Цягам усіх 2010‑х гадоў найбольш значныя помнікі ў Беларусі ўзводзіліся ў гонар дзеячаў ВКЛ: помнікі Альгерду ў Віцебску, Гедыміну ў Лідзе, канцлеру Льву Сапегу ў Слоніме. У новым «пантэоне» ні для каго з іх не знайшлося месца. Варта адзначыць, што ўсе помнікі ў абласных гарадах Беларусі ўзгадняюцца асабіста Лукашэнкам
Затое прысутнічае малавядомы Войшалк, відаць, толькі таму, што ён стаў праваслаўным манахам. Увесь яго ўнёсак у гісторыю Беларусі зводзіцца да заснавання Лаўрышаўскага манастыра, ад якога не засталося нават слядоў.
Але сама біяграфія Войшалка выглядае як ідэалагічная дыверсія: пракіраваўшы ўсяго некалькі гадоў, з 1264 па 1267, ён адмовіўся ад улады і сышоў у манастыр, бо, паводле яго слоў, грахі не дазвалялі яму заставацца князем. Сённяшняму беларускім «князю» ніякія грахі не перашкаджаюць кіраваць больш за тры дзесяцігоддзі.
Дзеячы часоў расійскага валадарства
Першапачатковы эскіз барэльефа «Беларусь XVIII — пач. ХХ ст.». Крайні справа — не малады Іосіф Сталін, як палічылі спачатку некаторыя, а смалянчанін Міхаіл Мікешын, аўтар расійскага імперскага «пантэона» — помніка Тысячагоддзе Расіі, на які, відавочна, арыентаваліся беларускія ідэолагі. Фота: СБ. Беларусь сегодня
На першапачатковым эскізе чацвёртага барэльефа «Беларусь XVIII — пач. ХХ ст.» прысутнічалі наступныя асобы (тут і далей тлустым вылучаны імёны, пакінутыя ў канчатковым варыянце): Іван Грыгаровіч, Георгій Каніскі, Францішак Багушэвіч, Іосіф Сямашка, Браніслаў Эпімах-Шыпіла, Яўхім Карскі, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Ігнат Буйніцкі, Максім Багдановіч, Міхаіл Мікешын, Іосіф Гурка, Якуб Наркевіч-Ёдка, Іван Насовіч, Антон і Іван Луцкевічы, Іван Паскевіч і Аляксандр Дэмбавецкі.
Канчатковы спіс асоб, якія будуць прадстаўленыя на чацвёртым барэльефе «Беларусь у канцы XVIII — пачатку XX стагоддзяў». Скрыншот відэа СТБ
З гэтым эскізам звязаны і даволі паказальны казус, які сведчыць, што спісы былі спушчаныя зверху, а аўтары калажа не вельмі разумелі, хто некаторыя з гэтых асоб.
Першым у пераліку значыўся Іван Грыгаровіч — праваслаўны святар, які выдаў першы зборнік дакументаў па гісторыі Беларусі часоў ВКЛ. Аднак на калажы апынуўся зусім іншы чалавек — расійскі адмірал Іван Грыгаровіч, які да Беларусі ніякага дачынення не меў, але якога выдае першым у пошукавіку.
Іван Грыгаровіч, праваслаўны святар і беларускі археограф, якога мусілі змясціць на эскізе, і расійскі адмірал Іван Грыгаровіч, які не мае ніякага дачыненне да Беларусі, але трапіў на эскізы (справа за Багдановічам) праз тое, што мастакі-аўтары «пантэона» ніколі не чулі пра першага ці ён падаўся ім малазначным, каб быць адлюстраваным у бронзе. Фота: Wikimedia Commons
Летась прапагандыст і галоўны рэдактар часопіса «Гісторыя і грамадазнаўства» Аляксей Дзермант так ацэньваў гэты выбар:
«Што тут цікава? Выкананы ўмоўны сімвалічны баланс паміж рознымі элементамі нашай культурнай традыцыі: ёсць ваенныя, якія верна служылі Расійскай імперыі, ёсць «заходнерусы», але не радыкальныя, ёсць прадстаўнікі каталіцкай шляхты, але якія прынялі беларускі, а не польскі кантэкст. Відавочна і зразумела чаму няма Каліноўскага, але і Каяловіча таксама няма.
У цэлым можна сказаць, што пераважае «агульнарускі» вектар, але з мясцовымі асаблівасцямі і без радыкалізму, які адмаўляе нацыянальна-палітычную суб’ектнасць беларускага народа».
Новы, урэзаны варыянт быццам бы захаваў агульны «баланс». Але і гэты спіс выклікае пытанні, бо за апошнія дзесяцігоддзі беларускімі ўладамі не было не зроблена нічога для ўшанавання многіх з гэтых постацяў.
Беларускія ўлады доўгі час не надавалі ўвагі памяці Браніслава Эпімаха-Шыпілы і Ігната Буйніцкага: у 2006 у Залессі паставілі толькі сціплы камень на месцы сядзібы Эпімаха-Шыпілы, а музей Буйніцкага ў Празароках, пачаты яшчэ ў 1990-я, застаецца недабудаваным дагэтуль. У той жа час у цэнтры Магілёва ўзводзіцца вялікі помнік Георгію Каніскаму, хоць яго і не ўключылі ў фінальны «пантэон»
Адзіны помнік Буйніцкаму стаіць толькі на яго магіле, а музей, які пачалі будаваць яшчэ ў 1994 годзе, так і застаўся незавершаным. Івана Насовіча ўпершыню ўшанавалі толькі ў 2024 годзе, назваўшы яго імем вуліцу ў Магілёве. Пра Браніслава Эпімаха-Шыпілу нагадвае толькі сціплы валун на радзіме. І нават Іосіф Сямашка, ліквідатар уніі і фігура вельмі важная для прарасійскіх колаў, у Беларусі ўвогуле ніяк не адзначаны. Іх ушанаваннем асабліва не займаліся, але, як бачым, у афіцыёзны «нацыянальны пантэон» яны трапілі.
Тут хочацца звярнуцца да ідэолагаў, якія складалі гэтыя спісы: вы ўпэўненыя, што менавіта гэтыя асобы павінны складаць нацыянальны пантэон?
Можа, варта быць больш паслядоўнымі і ўключыць на барэльефы Уладзіміра Леніна, у гонар якога названыя вуліцы нават у самых маленькіх пасёлках і чые бюсты дагэтуль упрыгожваюць сотні дзяржаўных устаноў? Ці Аляксандра Пушкіна, імя якога носяць дзясяткі вуліц і якому толькі за апошнія дзесяцігоддзі паставілі не менш за сем помнікаў — больш, чым любому беларускаму дзеячу.
На гэтым фоне не толькі Буйніцкі і Насовіч, але і Багушэвіч з Багдановічам выглядаюць другараднымі. Ніхто дзесяцігоддзямі не задумваўся ў Беларусі пра ўшанаванне беларускіх дзеячаў, а тут адным днём яны сталі героямі нацыянальнага пантэона!
Іосіф Гурка — герой для балгар, якіх ён пад расійскім сцягам вызваліў ад асманскай няволі. Так, гэта цікавая постаць з Беларусі, але для беларускага нацыянальнага наратыву яна не мае аніякага значэння. Фота: registersofia.bg
Ці хто такі Іосіф Гурка? Расійскі генерал-фельдмаршал, які вызваліў Балгарыю пасля пяці стагоддзя валадарства асманаў, а пасля быў варшаўскім генерал-губернатарам, ініцыяваўшы будаўніцтва гіганцкага праваслаўнага сабора ў сэрцы каталіцкай Польшчы. Сабор пасля здабыцця Польшчай незалежнасці быў у хуткім часе знесены, а
імя генерал-фельдмаршала Іосіфа Гуркі ніхто не згадваў ні ў якім кантэксце, і нават у «Беларускай Энцыклапедыі» яго імя не вынесена ў асобны артыкул, задавольваючыся радком у артыкуле пра род Рамейкаў-Гуркаў, бо яго роля ў гісторыі Беларусі ніякая. Гэтая зямля яго спарадзіла, але ёй ён не даў нічога.
І нават у тэлеграм-каналах прарасійскіх дзеячаў, якія пастаянна дастаюць з забыцця альтэрнатыўных «герояў» беларусаў, Іосіф Гурка не згадваецца ні разу, у адрозненне ад імя яго бацькі Уладзіміра Гуркі, які душыў паўстанне 1830‑1831 гг.
Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства плануе паставіць у Гомелі помнік Паскевічу, душыцелю паўстання 1830—1831 гадоў, але яго выключаюць з пантэона. Як і Георгія Каніскага, якога ў апошнія гады вынеслі на хвалі славы змагара з польска-каталіцкай навалай і ў гонар якога з помпай адкрыты поўнафігурны помнік у цэнтры Магілёва.
Музей у гонар расійскага цара Мікалая II, які мусіць паўстаць на месцы замчышча і гістарычнага саду Дэмбавецкага. Але пры гэтым у афіцыёзны «пантэон» хацелі спачатку дадаць менавіта Аляксандра Дэмбавецкага, а не Мікалая II. Адной рукой ідэолагі сціраюць апошнюю памяць пра гістарычную постаць, а другой узносяць яго на верх славы. Фота: з матэрыялаў грамадскага абмеркавання
У тым жа Магілёве пад музей цара Мікалая II збіраюцца знесці гістарычны сад Дэмбавецкага і культурны слой Магілёўскага замка, але самога Аляксандра Дэмбавецкага ідэолагі ўключаюць у першапачатковы спіс. Чаму ж не Мікалая II?
Ствараецца ўражанне, што адна рука дзяржаўнай ідэалогіі абсалютна не ведае, што робіць іншая.
Гісторык Алесь Пашкевіч слушна апісаў тое, што кідаецца ў вочы: афіцыёзны пантэон складалі так, каб не ўключыць асоб, якія былі звязаныя з Польшчай і ўвогуле з Захадам, не ваявалі і ўвогуле не надта выступалі супраць Расіі, не змагаліся за незалежную Беларусь на небальшавіцкай аснове, не былі фізічна знішчаныя падчас сталінскіх рэпрэсій і не былі яўнымі антысаветчыкамі.
Гэты набор «герояў» фактычна пазбаўляе беларусаў суб’ектнасці як гістарычных актараў: нашыя продкі нібыта не перамагалі крыжакоў пад Грунвальдам, ардынцаў на Сініх Водах, не даходзілі да Масквы, не выбівалі шведаў і ніколі не браліся за меч. «Мы, беларусы — мірныя людзі». Толькі не мірныя, а пацыфікаваныя, бо Масква не зацікаўленая ў тым, каб яе сатэліт меў уласныя прыклады самастойнасці, вайсковай славы і збройнага супраціву для пераймання.
Савецкая наменклатура
Першапачатковы эскіз барэльефа «Беларусь 1917‑1991 гг.». Фота: СБ. Беларусь сегодня
Перадапошні барэльеф «Беларусь 1917‑1991 гг.» першапачаткова ўключаў наступных асоб: Янка Купала, Якуб Колас, Аляксандр Чарвякоў, Кірыл Арлоўскі, Павел Сухі, Максім Танк, Пётр Машэраў, Мікалай Барысевіч, Сяргей Прытыцкі, Вера Харужая, Кірыла Мазураў, Іосіф Лангбард, Віктар Тураў, Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч.
Канчатковы спіс асоб, якія будуць прадстаўленыя на пятым барэльефе «Беларусь у 1917‑1991 гг.». Скрыншот відэа СТБ
Нацыянальна арыентаваная частка акцэнтуе ўвагу толькі на выключэнні Быкава і Караткевіча, але за выняткам постацяў Янкі Купалы і Якуба Коласа, якіх не ссунеш нікуды,
з канчатковага варыянта была выкінута амаль уся творчая і навуковая інтэлігенцыя, але не саступілі ніводнага партыйнага дзеяча — лініі, з якой, відаць, выводзіць сваю ўладу сам Лукашэнка.
Нават пад Максімам Танкам, хутчэй за ўсё, хаваецца не паэт, а член ЦК КПБ Яўген Скурко.
Сапраўды, якая для яго ўлады карысць з Шагала, Лангбарда ці Ігнатоўскага? На фоне недаўгавечных і несамастойных савецкіх кіраўнікоў і нязначных партыйцаў ён лёгка можа адчуць сябе самым маштабным дзяржаўным дзеячам у гісторыі Беларусі. Тым больш што вялікіх князёў і канцлераў прэвентыўна з «пантэона» прыбралі.
Сучасны перыяд
Першапачатковы эскіз барэльефа «Беларусь. Сучасны перыяд». Фота: СБ. Беларусь сегодня
У шостым барэльефе «Беларусь. Сучасны перыяд» ў першапачатковым варыянце былі ўключаны: Міхаіл Савіцкі, Міхаіл Высоцкі, мітрапаліт Філарэт, Стэфанія Станюта, Уладзімір Мулявін, Міхаіл Пташук, Уладзімір Карват, Іван Шамякін, Жарэс Алфёраў, Ігар Лучанок, Аляксандр Дубко, Пётр Лысенка. У канчатковым варыянце дададзены Аляксандр Мядзведзь.
Зменаў тут значна менш. Па-першае, цяжка знайсці шмат выдатных сучаснікаў, якія б дэманстравалі поўную лаяльнасць да рэжыму Лукашэнкі.
Па-другое, ужо існаваў гатовы спіс — людзі, якім ён прысвоіў званне «Герояў Беларусі». І сам гэты спіс выглядае дзіўна: акрамя пілотаў, што сапраўды загінулі, гераічна ахвяраваўшы сабой, астатнія — гэта тыя, да каго Лукашэнка ставіўся прыязна ці хто адкрыта выказваў яму сваю пакору.
Канчатковы спіс асоб, якія будуць прадстаўленыя на шостым барэльефе «Беларусь у сучасны перыяд». Скрыншот відэа СТБ
Характэрны прыклад — Аляксандр Дубко, дырэктар калгаса-мільянера, быў на першых прэзідэнцкіх выбарах супернікам Лукашэнкі, дырэктара жабрацкага саўгаса. Прайграўшы і прызнаўшы новыя правілы, ён пакаяўся за свой удзел у выбарах і пасля смерці быў уганараваны Лукашэнкам найвышэйшым званнем.
Чалавек можа быць добры ва ўсіх сэнсах і гаспадарлівы, важная постаць рэгіянальнага маштабу, вартая памятнай дошкі ці бюста ў Гродне. Але пры чым тут нацыянальны пантэон? Нацыянальны герой толькі за тое, што прызнаў перамогу Лукашэнку над сабой?
Ці постаць Аляксандра Мядзведзя. Слава спартсменаў яркая, але недаўгавечная: яна гарыць у момант перамогі і хутка згасае, не пакідаючы пасля сябе следу, у адрозненне ад спадчыны навукоўцаў і творцаў. Спорт, па сутнасці, не ўдзельнічае ў фарміраванні нацыянальнага наратыва. Аднак імя Мядзведзя трапіла ў афіцыёзны «пантэон» — яшчэ адзін сімптом таго, што сутнасці пантэона беларускія ідэолагі проста не разумеюць.
Падглядалі ў Расіі, але зрабілі яшчэ больш кандова
Смалянчук Міхаіл Мікешын, які прысутнічаў на першых экскізах барэльефаў і якога памылкова прынялі за маладога Сталіна, адсылае нас да іншага «пантэона» — помніка Тысячагоддзю Расіі, пастаўленага ў Вялікім Ноўгарадзе ў 1862 годзе, якім, відавочна, натхняліся пры стварэнні беларускага варыянта. Фота: Wikimedia Commons
На адным з барэльефаў можна пабачыць жывапісца Міхаіла Мікешына, абсалютна невядомага ў Беларусі. І хоць нарадзіўся ён на беларускай частцы Смаленшчыны, але ў першапачатковыя эскізы ён патрапіў як адсылка таго, чым натхняліся аўтары беларускага «пантэона». Мікешын з’яўляецца аўтарам помніка Тысячагоддзю Расіі, пастаўленага ў Вялікім Ноўгарадзе ў 1862 годзе. Гэты помнік уключае ў сябе мноства фігур, уключаных у тагачасны расійскі гістарычны пантэон.
Помнік Тысячагоддзю Расіі ў Вялікім Ноўгарадзе. Фота 1862—1864. Фота: Wikimedia Commons
Калі параўноўваць яго з беларускім «пантэонам», уражвае не толькі розніца ў мастацкіх якасцях, але і дзіўныя адрозненні, якія цяжка вытлумачыць логікай. У расійскі імперскі пантэон былі ўключаныя не толькі літовец Даўмонт, які кіраваў Пскоўскай зямлёй і быў кананізаваны як праваслаўны святы, але і вялікія князі літоўскія.
На помніку 1000‑годдзю Расійскай дзяржавы рускія князі Яраслаў Мудры і Уладзімір Манамах (злева) суседнічаюць з вялікім князямі літоўскімі — Гедымінам, Альгердам і Вітаўтам (справа). Фота: Wikimedia Commons
Так, у раздзеле «Ваенныя людзі і героі» на помніку Тысячагоддзю Расіі побач з Даўмонтам знаходзіцца Кейстут, а ў раздзеле «Дзяржаўныя людзі» прадстаўленая цэлая група нашых вялікіх князёў: Гедымін, Альгерд і Вітаўт.
Сярод «Асветнікаў» на помніку можна пабачыць беларускага асветніка Георгія Каніскага — прарасійскага магілёўскага архіепіскапа, які вярнуўся ў Магілёў толькі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай фактычна на расійскіх штыках.
Кейстут і Канстанцін Астрожскі на помніку 1000‑годдзю Расійскай дзяржавы. Фота: Wikimedia Commons
Але там жа — Канстанцін Астрожскі, заступнік праваслаўя ў ВКЛ, які нямала ваяваў супраць Расійскай дзяржавы і разбіў маскоўскае войска ў бітве пад Оршай. І нягледзячы на гэты прамы канфлікт, расійскі імперскі пантэон уключае ў сябе яго як выдатнага дзеяча сваёй гісторыі.
Беларускі афіцыёзны «пантэон» аказаўся значна больш жорсткім у сваім адборы: ён не даруе ні «няправільнай» веры, ні заходняй арыентацыі, ні спробаў падняць зброю супраць «старэйшага брата». У выніку маем парадокс: вялікія князі літоўскія для расійскага імперскага наратыву — свае, а для беларускага дзяржаўнага — чужыя, нават варожыя.
Не так важнае ўключэнне малазначных асоб, як неўключэнне найважнейшых — тых нітак, якія злучаюць у адзінае цэлае пярэстую гісторыю Беларусі — і гэта галоўная бяда афіцыёзнага «пантэона». Калі гэтыя ніткі выдзіраюць, усё палатно пачынае распускацца.
Чытайце таксама:
Гігін: Міф аб Каліноўскім шкодны — яго ідэі супярэчаць духу беларускай нацыі
У афіцыйным Пантэоне герояў ёсць князь, пра існаванне якога многія пачуюць першы раз
Дзе Сапега? А Луцкевічы? Гісторыкі — пра зацверджаных уладамі нацыянальных герояў