Беларуска ў Турцыі пазнаёмілася з «ідэальным мужчынам». У выніку страціла грошы і выплачвае чужую растэрміноўку
Лета ў Турцыі здавалася Амаліі (усе імёны змененыя) казкай. Пасля вымушанай эміграцыі з Беларусі яна нарэшце сустрэлася з найлепшай сяброўкай. А яшчэ пазнаёмілася з ідэальным мужчынам — мясцовым дыджэем, з якім яны ўжо планавалі сумесную будучыню. Цяпер ад таго кахання засталася хіба што растэрміноўка на дарагі тэлефон, які Амалія купіла каханаму. Магамед аказаўся звычайным ашуканцам, у якога ўвесь час знаходзіліся падставы папрасіць у жанчыны грошай. Сваёй гісторыяй Амалія падзялілася з выданнем Most.
Фота з архіва Амаліі
«Прыстойны хлопец у светлых штанах»
Амалія разам з сям'ёй выехала з Беларусі пасля падзей 2020 года — на яе і маці там завялі крымінальныя справы.
Дзяўчына пасялілася ў Польшчы. Прызнаецца, што адчувала адзіноту і выгаранне: жыццё быццам падзялілася на «да» і «пасля», і гады да эміграцыі здаваліся бесклапотнымі.
«Часам мне здаецца, што я замерла знутры і не ажыву зноў», — расказвае яна.
Калі нарэшце з'явілася магчымасць сустрэцца з сяброўкай, якую Амалія не бачыла тры гады, гэта здавалася пачаткам чагосьці добрага. Дзяўчаты сустрэліся ў Кемеры і сталі шукаць, чым заняцца ў вольны час. Так яны апынуліся ў турагенцтве, дзе ім прапанавалі бясплатны начны тур на яхце — такія акупляюцца за кошт дарагіх алкагольных напояў і страў, якія пасажыры заказваюць на борце.
Там Амалія ўпершыню ўбачыла «прыстойнага хлопца ў светлых ільняных штанах і кашулі». Ён здаваўся упэўненым, абыходлівым, «галоўным сярод усіх», яшчэ і дыджэем. Сяброўкі трохі патанцавалі, сфатаграфаваліся з дыджэем і разышліся.
«Адчула сябе асаблівай»
На наступны дзень дзяўчаты адправіліся на шпацыр па горадзе, і сяброўка заўважыла кампанію хлопцаў у кавярні. Сярод іх быў той самы дыджэй — Магамед. Дзяўчаты далучыліся да кампаніі.
«Магамед ужо быў п'яны, але размова ішла пра сям'ю, дзяцей, пра ўсё. Мне здавалася, што ў нас сувязь», — успамінае Амалія.
Пазней ён павёў сябровак на «дарагі прыватны пляж».
«Ён размаўляў з уладальнікам як з падначаленым, паводзіў сябе дамінантна. Заказаў нам віно, паклікаў прадаўца з двума бярэмямі руж і падарыў усё мне. Гэта было эфектна, як ўспышка. Я адчула сябе асаблівай», — расказвае дзяўчына.
Сяброўка пайшла, Амалія засталася з новым знаёмым. Той жа вечар скончыўся сэксам.
«Ён паводзіў сябе як гаспадар жыцця — з таксістамі, з сябрамі. На развітанне — пяшчотны пацалунак. Раніцай паведамленне: «Дай ведаць, ці ўсё ў цябе добра, сонейка», — успамінае беларуска.
Часам у Амаліі ўзнікалі сумневы, але ў такія моманты мужчына паўтараў, што калі б хацеў яе проста выкарыстоўваць, то ўжо перастаў бы пісаць, таму што ўсё атрымаў у першы ж вечар. Але Магамед здаваўся не з такіх — казаў пра сумесную будучыню, пра дзяцей, пра знаёмства з бацькамі. Пры сябрах захапляўся беларускай, паўтараў, што яна «можа на яго спадзявацца, бо ён моцны мужчына».
Цяпер Амалія прызнае, што яго ўпэўненасць і абыходлівасць рабілі сваю справу. І дзяўчына не заўважала трывожных сігналаў — занадта хуткіх прызнанняў і нестыковак у расказах.
Першыя трывожныя званочкі — айфон і рахунак у рэстаране
Яшчэ ў дзень знаёмства Магамед сказаў, што ў Турцыі дзейнічае правіла: калі не зарэгістраваць тэлефон, яго блакуюць. Таму ён папрасіў Амалію ўзяць айфон у растэрміноўку ў Польшчы на сваё імя, а ён будзе плаціць, пераводзячы ёй грошы праз Western Union. Тлумачыў, што «ў Турцыі тэлефоны моцна даражэйшыя», а ў яго «часова няма сродкаў».
«Ён паводзіў сябе вельмі праўдападобна, рабіў жэсты-заляцанні, і я падумала, што ёсць нейкая тэхнічная прычына, чаму ён не можа купіць тэлефон сам. Ён казаў, што прыехаў працаваць дыджэем з іншай краіны і выглядаў упэўнена — вось я і не засумнявалася», — кажа Амалія.
Пазней у рэстаране, дзе яны вячэралі разам з сябрамі, Магамед папрасіў яе аплаціць рахунак.
«Карты заблакаваныя, потым аддам, калі прыеду праводзіць цябе ў аэрапорт», — успамінае яго тлумачэнне Амалія.
Але праводзіць яе ў аэрапорт Магамед не прыехаў і грошы не вярнуў.
Папрасіў пазычыць 1000 еўра і заказаў дэвайс для курэння
Аднак, нягледзячы на сумненні, Амалія праз месяц вырашыла паехаць да Магамеда зноў.
«Тады мне здавалася, што я абавязаная пераканацца, што не памыляюся ў ім — быццам ад гэтага залежала, ці магу я наогул зноў давяраць людзям», — кажа дзяўчына.
Квіткі туды-назад каштавалі 1900 злотых, плюс за некалькі дзён да вылету ён папрасіў пазычыць 1000 еўра, тлумачачы гэта тым, што ўсе рахункі заблакаваныя і ён не можа скарыстацца сваімі сродкамі. Акрамя гэтага, каханы замовіў ёй прыладу для награвання тытуню IQOS.
Першае, пра што ён спытаў у аэрапорце, — ці прывезла дзяўчына тэлефон, грошы і IQOS. Тэлефон і грошы яна прывезла, а вось прыладу не купіла. Пачуўшы гэта, ён захацеў забраць яе ўласную за паўцаны.
«Я адмовілася — і пачаліся сваркі. Ён два дні капаў на мазгі, казаў, што я яму не патрэбная, што я павінна выбірацца з кватэры», — успамінае Амалія.
«Цэлы дзень хадзіла з чамаданам і не ведала, што рабіць»
Самалёт назад быў праз 10 дзён, а грошай на гатэль не засталося. Ды і дапамогі прасіць, здавалася, не было ў каго: перад паездкай Амалія пасварылася з мамай і бабуляй, якія яшчэ з 1990‑х чулі гісторыі пра турэцкіх мужчын, якія ўмелі ўваходзіць у давер да жанчын, завальваючы іх кветкамі і абяцаннямі.
«Я цэлы дзень хадзіла з чамаданам па Кемеры, не ведала, што рабіць, пакуль не зайшла ў рэстаран, дзе гаспадар — знаёмы мужчына з Азербайджана. Ён сказаў: «Патэлефануй маме, папрасі дапамогі», — успамінае Амалія.
Мама перавяла грошы, і Амалія зняла гатэль — ён абышоўся ў суму каля 400 еўра. А Магамед не знік — наадварот, пачаў пісаць абразы. Сярод іх былі такія: «Ты гуляшчая, ты спіш з усімі мужчынамі Кемера, табе важныя толькі грошы». І чамусьці пастаянна нагадваў пра не куплены для яго IQOS.
Усяго за два месяцы знаёмства Амалія выдаткавала каля 820 еўра на квіткі і пражыванне, аддала 1000 еўра «у доўг» і працягвае выплачваць крэдыт за тэлефон, аформлены на сябе.
Сорам, злосць і палёгка
Амалія прызнаецца, што распазнала махляра, калі той выгнаў яе з кватэры. Гэта было на трэці дзень яе другой паездкі.
«У той момант я зразумела: гэта быў скамер. Сапраўдны махляр, які жыве за кошт даверлівых дзяўчат — уваходзіць у хуткі кантакт, робіць шчодрыя жэсты, вядзе размовы пра будучыню, затым просіць пра часовую дапамогу з-за заблакаваных картак, а пасля атрымання грошай абясцэньвае і знікае», — кажа Амалія.
Пазней Амалія даведалася ад таго самага знаёмага ўладальніка рэстарана, што Магамед рэгулярна прыводзіць ва ўстанову новых турыстак, а потым яны дасылаюць яму грошы. Гэта пацвердзіў і саўладальнік яхты, дзе яны пазнаёміліся.
«Ува мне змяшаліся злосць, сорам, страх, сум. У канцы я проста адчула сябе поўнай дурніцай», — кажа Амалія.
Першымі, каму яна расказала гісторыю, былі мама і сяброўка.
«Для іх гэта было чакана, і ад гэтага стала яшчэ больш балюча: быццам усё было відавочна, а я не ўбачыла», — дадае дзяўчына.
І маці, і сяброўка падтрымалі дзяўчыну пасля прыезду. Амалія не звярталася ў паліцыю, банк або да аператара сувязі: баялася, што ёй не павераць, а распісак ці нават перапіскі, дзе гаварылася б пра доўг, не было. А яшчэ ёй было страшна, што грамадства ўспрыме яе як «наіўную турыстку», а не як ахвяру.
«Я проста трапіла ў рукі дасведчанага маніпулятара. Але, прамовіўшы гэта ўголас, я адчула страшэнную палёгку», — кажа Амалія.
«Гэта не каханне — гэта схема»
Пасля здарэння Амалія змяніла стаўленне да знаёмстваў. Але прызнаецца, што ўсё яшчэ лёгка верыць людзям. Аднак базавыя парады, як распазнаць махляра, дае.
«Калі мужчына ўжо на першых сустрэчах скардзіцца, што ў яго заблакаваныя карты ці тэлефон хутка адключаць, — гэта не каханне, гэта схема. Трэба быць скептычнай да гучных слоў і паказной шчодрасці», — раіць Амалія.
Працуе такая схема, на яе погляд, таму што дзяўчаты хочуць верыць у казку і многія «любяць вушамі». Поспех махляроў абапіраецца на давер ахвяр, адзіноту і культурныя адрозненні.
«Цяпер я ўжо не плачу, калі думаю пра яго. Але кожны раз, калі чую слова «Кемер», у мяне перад вачыма той пляж, ружы і мой твар — наіўны і шчаслівы. Тады я не ведала, што казкі часам пішуць ашуканцы», — рэзюмуе Амалія.
Псіхолаг: «Калі чалавек доўга жыве ў стрэсе, мозг літаральна чапляецца за крыніцу цяпла»
Псіхолаг Дар'я працуе з беларусамі за мяжой. Яна адзначае, што love scam часта звязаны не з наіўнасцю, а з эмацыйным вычарпаннем і патрэбай у падтрымцы.
«Калі чалавек доўга жыве ў стрэсе і ізаляцыі, мозг літаральна чапляецца за крыніцу цяпла — нават калі гэта пастка», — каментуе яна.
Чытайце таксама:
Беларуска хацела адпачыць у Турцыі, але зрабіла памылку з самага пачатку
У Турцыі выкрылі буйное махлярства з замежнымі турыстамі. Іх возяць па славутасцях, якіх не існуе
Жыхар Навагрудка паспрабаваў купіць у фэйсбуку кватэру ў Турцыі. Але ўсё пайшло не так