Заязджае ці не? Аўтобусны перавозчык заблытаў беларусаў з-за прыпынку ў віленскім аэрапорце
У адным з памежных чатаў беларусы паскардзіліся на рэйс аўтобуснага перавозчыка Eurolines з Вільні ў Мінск а 9‑й раніцы. Некаторым у службе падтрымкі перавозчыка адказалі, што аўтобус больш не заязджае ў аэрапорт пасля выезду з аўтавакзала. Пры гэтым беларусы пішуць у чатах, што гэты рэйс у аэрапорт усё ж заязджае, і перавозчык пацвярджае гэта на сваім сайце. У выніку атрымалася блытаніна, піша BGMedia.
Аўтобус Eurolines у дарозе
Ці спыняюцца аўтобусы Eurolines у аэрапорце Вільні?
Праблемай у адным з памежных чатаў падзялілася Таццяна. Яна прымацавала да паведамлення скрыншот адказу службы падтрымкі Eurolines на англійскай мове. У ім гаворыцца, што аўтобус не спыняецца ў аэрапорце, а адпраўляецца толькі ад аўтавакзала.
Скарга на службу падтрымкі Eurolines. Скрыншот з памежнага чата
А вось і сама скарга жанчыны:
«Зноў хачу паскардзіцца на падтрымку Eurolines. На мой мэйл з білетам Вільня — Мінск на 09.00 14 кастрычніка і скрыншотам маршруту аўтобуса, дзе пазначана, што ў 09.12 аўтобус спыняецца ў аэрапорце, мне адказалі, што прыпынку ў аэрапорце няма. Вось што гэта за шкодніцтва такое?! Яны сапраўды не заходзяць у аэрапорт больш? Хто ездзіў нядаўна Вільня — Мінск на аўтобусах Eurolines на 09.00 або іншы дзённы час, адпішыцеся, калі ласка, ці заходзіў аўтобус у аэрапорт?»
Беларусы адгукнуліся на скаргу і падзяліліся сваім досведам. Аўтобус гэтага перавозчыка спыняецца ў аэрапорце:
«Добры дзень, ездзіла гэтым аўтобусам 4 кастрычніка, ён заязджаў у аэрапорт»;
«Сёння [11 кастрычніка] аўтобус Вільня — Мінск на 09.00 ад вакзала ў 09.12 быў у аэрапорце».
Адной з жанчын гэта пацвердзіла служба падтрымкі: «Гэта іх адказ на аналагічнае пытанне».
Паведамленне ад Eurolines карыстальніцы памежнага чата
Так сітуацыя стала яшчэ больш заблытанай. Бо на сайце Eurolines пазначана, што аўтобус, які адпраўляецца а 9‑й раніцы, заязджае ў аэрапорт і выязджае адтуль у 09.12. Гэты рэйс выконваецца штодня.
Аўтобусы ў аэрапорце Вільні. Ілюстрацыйнае фота з памежнага чата
Аўтобусы Eurolines з лістапада перастануць заязджаць у аэрапорт Вільні?
Беларусы ў памежных чатах спрабуюць растлумачыць гэтую блытаніну.
Адной з дзяўчат у службе падтрымкі адказалі, што з лістапада аўтобусы Eurolines не будуць заязджаць у аэрапорт Вільні:
«Не ведаю, як цяпер, але мне ў падтрымцы адказалі, што з лістапада ў аэрапорт аўтобусы заязджаць не будуць. Прасіла іх перанесці 02.11 пасадку з аўтавакзала на аэрапорт».
«Дзіўна, навошта ім наогул гэта спатрэбілася».
Іншыя таксама выказваюць версіі, што з лістапада Eurolines не будзе заязджаць у аэрапорт:
«Напэўна, вы куплялі даўно свой білет, таму што цяпер яны не прадаюць квіткі з пасадкай у аэрапорце на сваім сайце.
На Infobus [сайт па продажы квіткоў] ёсць квіткі Eurolines з аэрапорта толькі на 5 раніцы, але іншых іх рэйсаў няма ў продажы з аэрапорта. Хоць гэта не адмяняе факту, што аўтобусы Eurolines па-ранейшаму заходзяць у аэрапорт (па водгуках тут у суполцы)».
«Магчыма, яны плануюць у будучыні прыбраць пасадку пасажыраў у аэрапорце, таму цяпер адказваюць такім чынам усім і не прадаюць квіткі з аэрапорта.
Калі хтосьці раней яшчэ паспеў узяць квіткі з аэрапорта на даты ў кастрычніку-лістападзе, то яны абавязаныя заходзіць і забіраць пасажыраў. Але гэта толькі мае здагадкі. Магчыма, кіроўцы Eurolines ведаюць больш, калі хто-небудзь задасць ім такое пытанне».
«І ў мяне такія здагадкі. Білет купляла ў першых чыслах верасня і ўжо з аэрапорта квіткоў не было. З аэрапорта з чамаданам зручна было выязджаць, але прыйдзецца ехаць на аўтавакзал. За пару дзён да выезду напішу яшчэ раз у падтрымку».
Проста цяпер на сайце Eurolines можна купіць квіток з выездам з аэрапорта Вільні ў Мінск у 09.12 у лістападзе. Але там пазначана, што квіток не прадаецца праз інтэрнэт.
У прэс-службе Eurolines пакуль блытаніну не каментавалі.
Чытайце таксама:
Перавозчыкі зніжаюць цэны на квіткі на аўтобусы ў Польшчу і Літву
60‑гадовая п’яная беларуска ператварыла палёт з Парыжа ў Вільню ў кашмар
«Ужо сіл няма глядзець на гэтыя цэны». Беларусы скардзяцца на кошт аўтобусных білетаў у Літву
Беларуска перад вылетам з Вільні забылася дакументы ў аўтобусе з Мінска. Як скончылася гісторыя