БЕЛ Ł РУС

«Асноўны інструмент — генетычная экспертыза». У Следчым камітэце расказалі, як раскрываюць забойствы даўно мінулых гадоў

20.10.2025 / 21:58

Nashaniva.com

У апошнія гады ў інфармацыйных стужках з'яўляецца нямала навін пра раскрыццё цяжкіх злачынстваў, здзейсненых вельмі даўно — дзесяцігоддзі таму. Апошняя з іх — справа «магілёўскага ліфцёра» Юрыя Дзям'янава. Намеснік начальніка ўпраўлення аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання цэнтральнага апарата Следчага камітэта Канстанцін Глаўніцкі расказаў БелТА пра тое, як арганізаваная праца следчых па раскрыцці такіх даўніх злачынстваў і якія вынікі яна прынесла.

Маньяк-ліфцёр Юрый Дзям'янаў, якога выкрылі зусім нядаўна

Па словах Канстанціна Глаўніцкага, пры ўтварэнні Следчага камітэта ў самым пачатку 2012 года ў яго перадалі больш за 320 тысяч крымінальных спраў аб нераскрытых злачынствах з пракуратуры, МУС і органаў фінансавых расследаванняў. У 2018 годзе ў Следчым камітэце была створана адзіная база даных уліку забойстваў мінулых гадоў. 

З 2012 года да пачатку 2025‑га рэшта нераскрытых злачынстваў скарацілася амаль удвая — з 320 тысяч да крыху больш за 165 тысяч. Толькі за 2024 год яна зменшылася амаль на 10%. Цяпер у гэтай рэшце — крыху больш за 1,4 тысячы нераскрытых забойстваў, 190 фактаў наўмыснага прычынення цяжкіх цялесных пашкоджанняў, 59 згвалтаванняў, 260 разбояў і 170 рабаванняў. Пры гэтым кожнае трэцяе нераскрытае злачынства — кіберзлачынства.

Летась удалося раскрыць 1839 злачынстваў мінулых гадоў — на 296 больш, чым у 2023-м. Пры гэтым за апошнія пяць гадоў раскрыта 52 забойствы, уключаючы адно з самых старых — злачынства 1976 года ў Бабруйску.

— Як сёння раскрываюцца злачынствы мінулых гадоў?

— […] Асноўны інструмент — генетычная экспертыза. Напрыклад, у справе «магілёўскага ліфцёра» эксперты і следчыя ўзнавілі поўны геном злачынца з фрагментаў біялагічных слядоў, сабраных у розныя гады. Гэта дазволіла ідэнтыфікаваць падазраванага.

Але не ўсё залежыць ад ДНК. Возьмем, напрыклад, забойства ў Брэсце ў 2001 годзе: цела мужчыны з прывязанымі каналізацыйнымі люкамі знайшлі ў рацэ Мухавец, асобу не ўстанавілі, прычына смерці таксама засталася цьмянай. Раскрыццё стала магчымым дзякуючы атрыманай у 2024 годзе ад супрацоўнікаў органаў унутраных спраў аператыўнай інфармацыі — да забойства могуць быць датычныя двое раней судзімых за разбой. Было прынята рашэнне дэталёва вывучыць і адпрацаваць гэту інфармацыю.

Першапачаткова былі атрыманыя звесткі пра двух мужчын, якія здзейснілі забойства ў Брэсце. Не было вядома нічога: ні часу, ні месца, ні абставінаў.

Быў вывучаны круг зносін фігурантаў. Устаноўлена, што яны займаліся разбойнымі нападамі і махлярствамі, звязанымі са здачай кватэр у наём. Такім чынам, з'явілася версія, што пацярпелы таксама займаўся махінацыямі са здачай памяшканняў, ствараючы «канкурэнцыю» падазраваным. Устаноўлена яго асоба. Аказалася, што ён — грамадзянін Расіі.

Вопытныя следчыя ва ўзаемадзеянні з аператыўнікамі па крупінках збіралі доказы віны фігурантаў. Пасля, разумеючы, што адмаўляцца дарма, падазраваныя далі прызнальныя паказанні. Акрамя таго, былі выяўленыя факты разбойных нападаў, учыненых імі, якія да гэтага следству не былі вядомыя. Абодва пасля былі асуджаныя на 24 і 23 гады пазбаўлення волі адпаведна.

Яшчэ прыклад. У лістападзе 2000 года ў Рэчыцы быў знойдзены труп мужчыны са шматлікімі цялеснымі пашкоджаннямі ў вобласці галавы і грудзей. Злачынства на першапачатковым этапе не было раскрытае, а папярэдняе расследаванне — прыпыненае. Летась гэтая крымінальная справа таксама была разгледжана на пасяджэнні рэгіянальнай міжведамаснай рабочай групы.

Была звернута ўвага на тое, што па крымінальнай справе дапытаны мужчына, які дае паказанні аб здзяйсненні забойства іншымі асобамі, у якіх, як высветлілі следчыя, на той момант было алібі.

Быў распрацаваны комплекс аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў для таго, каб праверыць яго дачыненне да здзяйснення злачынства. У выніку атрыманы запіс размовы гэтага мужчыны, у якім ён сваім блізкім кажа пра тое, што здзейсніў гэтае злачынства.

Пад цяжарам сабраных доказаў ён прызнаўся ў здзяйсненні забойства. Яму выстаўлена абвінавачанне ў забойстве з асаблівай жорсткасцю. У ліпені мінулага года ён прызнаны вінаватым і асуджаны да 17 гадоў пазбаўлення волі. Гэта значыць, раскрыццё гэтага злачынства стала магчымым дзякуючы пісьменнаму планаванню расследавання, правільна абранай следчым тактыцы правядзення следчых дзеянняў і скрупулёзнаму збору доказаў.

Трэба разумець, што біялагічны след на месцы злачынства яшчэ нічога не даказвае. Праца следчых якраз і заключаецца ў тым, каб усталяваць чый гэта след і далей, супаставіўшы з іншымі аб'ектамі, якія маюць для следства важнасць, вызначыць, ці пакінуты ён злачынцам пры здзяйсненні злачынства.

— Няўжо біялагічныя сляды могуць захоўвацца дзесяцігоддзямі?

— Так, пры ўмове правільнага захоўвання. Калі матэрыял канфіскаваны і змешчаны ў належныя ўмовы — без прамога сонечнага святла, вільгаці, перападаў тэмператур — ён можа захоўвацца вельмі доўга. Нават пры частковай дэградацыі ДНК нашы эксперты цяпер ужо здольныя выдзеліць генатып з мінімальных парэшткаў. Мы строга выконваем патрабаванні па захоўванні рэчыўных доказаў і пры аднаўленні расследавання стараемся выкарыстоўваць толькі частку ўзору, каб захаваць магчымасць наступных экспертыз.

Мы таксама адсочваем развіццё тэхналогій. Ужо сёння абмяркоўваецца магчымасць вызначэння фенатыпу (знешнасці чалавека) па ДНК. Гэта колер вачэй, валасоў, асаблівасці рыс твару.

— Якая з раскрытых спраў самая старая?

— Самы працяглы прамежак часу паміж учыненнем злачынства і яго раскрыццём — справа аб забойстве вартаўніка бабруйскай школы №7 у лістападзе 1976 года. Тады следчыя не змаглі ўстанавіць асобу злачынца. Аднак з месца здарэння быў канфіскаваны след пальца рукі. У 2023 годзе яго накіравалі на даследаванне ў Расійскую Федэрацыю і атрымалі супадзенне з жыхаром Бабруйска, памерлым у 2017 годзе.

Пры ператрусе ў 2024 годзе жылля грамадзяніна ў яго знайшлі кнігі са школьнай бібліятэкі, выкрадзеныя ў дзень забойства. Скрупулёзна вывучыўшы асобу гэтага чалавека, было ўстаноўлена, што ён у 1977‑1998 гадах неаднаразова здзяйсняў падобныя крадзяжы. Такім чынам, былі сабраныя доказы. Летась справа спыненая па нерэабілітуючых падставах — у сувязі са смерцю асобы, якая ўчыніла злачынства.

Самае старое нераскрытае забойства ў рэшце — 1951 года: у Бабруйскім раёне была знойдзена забітая малалетняя дзяўчынка са слядамі згвалтавання. У свой час яго правяралі ў якасці эпізоду серыйных злачынстваў па справе «віцебскага душыцеля» Генадзя Міхасевіча (серыя забойстваў і згвалтаванняў у Віцебскай вобласці ў 1971‑1985 гадах).

— Ці бывалі выпадкі, калі чалавек праз гады сам прыходзіў з павіннай?

— Яўкі з павіннай здараюцца, але рэдка — часцей за ўсё ад асоб, якія ўжо знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. Аднак такія заявы старанна правяраюцца: не ўсе яны дакладныя.

Што тычыцца асабліва цяжкіх злачынстваў, падазраваныя амаль заўсёды спачатку ўсё адмаўляюць — гэта натуральная псіхалагічная рэакцыя. Толькі пры наяўнасці неабвержных доказаў яны ідуць на прызнанне.

Напрыклад, «магілёўскі ліфцёр» пры затрыманні цалкам адмаўляў віну. Ён прызнаўся толькі пасля прад'яўлення доказаў. Пры гэтым ён прызнаў толькі тыя эпізоды, якія ўжо былі ўстаноўленыя следчымі, — новых фактаў добраахвотна не паведаміў. […] Акрамя таго, калі злачынцу доўгі час не могуць знайсці, то ў яго развіваецца і ўзмацняецца пачуццё беспакаранасці. […]

Хачу падкрэсліць: сёння серыйным злачынцам вельмі складана дзейнічаць. Дзякуючы сучасным метадам расследавання, цеснаму ўзаемадзеянню з калегамі з розных краін і развіццю экспертных тэхналогій такія злачынцы, як правіла, выкрываюцца вельмі хутка. 

Чытайце таксама:

Справа ліфцёра. Сталі вядомыя новыя падрабязнасці справы маньяка з Магілёва

Што пагражае магілёўскаму маньяку-ліфцёру? Юрыдычны казус, але максімум за восем трупаў — 15 гадоў калоніі

«Забілі маю сястру, а праз некалькі месяцаў здарылася трагедыя са школьніцай». Беларускі — пра маньяка, якога лавілі 25 гадоў

Выпадковы сведка заспеў маньяка-ліфцёра каля ахвяры. І папрасіў яго пабыць побач з забітай дзяўчынай, пакуль не прыедзе міліцыя

Міліцыя схавала галоўнае — магілёўскі маньяк-ліфцёр ужо сядзеў за згвалтаванне. Але яго не праверылі на датычнасць да забойстваў

Як так выйшла, што магілёўскі маньяк-ліфцёр, які забіў восем дзяўчат, спыніўся пасля 1999 года?

У Магілёве злавілі маньяка-ліфцёра, які ў 1990‑я згвалтаваў і забіў восем дзяўчат

Каментары да артыкула