Лі Куан Ю: як за адно пакаленне цвёрдай рукой вывесці маладую краіну ў сусветныя лідары
Насельніцтва Сінгапуру ўдвая меншае за насельніцтва Беларусі. Сінгапур не мае карысных выкапняў, краіне даводзіцца імпартаваць нават пясок. У момант атрымання незалежнасці ў 1959 годзе Сінгапур быў беднай краінай. Перавярнуў хаду гісторыі прэм’ер-міністр Лі Куан Ю, які ўзначальваў Сінгапур з 1959 да 1990 года. Лі Куан Ю жорсткай рукой арыентаваў краіну на «калектыўны Захад» і павёў востраў да цывілізаванага жыцця. Была рэгламентаваная не толькі палітыка: забаронена было нават пляваць. Гэта быў вялікі эксперымент, і ён аказаўся паспяховым.
Прэм'ер-міністр Сінгапура Лі Куан Ю, 1984 год. Фота: Robert Nickelsberg / Getty Images
Лі Куан Ю нарадзіўся 16 верасня 1923 года ў Сінгапуры, які тады быў брытанскай калоніяй. Ягоныя бацькі належалі да розных народнасцяў — хака ды перанканан. Яны не разумелі мовы адно аднаго, але цікавіліся брытанскай культурай, таму размаўлялі між сабой па-англійску. Менавіта гэтая мова і стала роднай для Лі.
Пры нараджэнні хлопчык атрымаў імя Куан Ю, што прыблізна перакладаецца як «яснае ззянне». Аднак, па традыцыі заможных і вестэрнізаваных кітайцаў, ён атрымаў і еўрапейскае імя — Гары. Ягоны дзед па бацькоўскай лініі, які захапляўся брытанцамі і шмат кантактаваў з імі па працы, настаяў на гэтым імені. На працягу ўсяго жыцця родныя і блізкія сябры называлі яго Гары.
Лі Куан Ю ў дзяцінстве. Фота: Wikimedia Commons
Сям’я Лі была даволі забяспечанай, хаця і не супербагатай. Бацька быў схільны да азартных гульняў і часта прайграваў грошы, патрабуючы ад жонкі закладаць каштоўнасці. Стабільнасць вялікай сям’і, дзе раслі чатыры браты і сястра, забяспечвала менавіта маці.
Калі прыйшла пара ісці ў школу, юнага Гары па настойлівым жаданні бабулі аддалі вучыцца на кітайскай мове. Але пасля таго, як хлопчык там нічога не зразумеў, яго перавялі ў англамоўную школу. Гэта быў свядомы выбар: англамоўная адукацыя адкрывала дарогу ў брытанскія ўніверсітэты і ў вышэйшыя эшалоны каланіяльнага грамадства.
Пазней, калі Лі Куан Ю пачне сваё палітычнае жыццё, ён будзе спецыяльна вучыць літаратурную кітайскую мову і розныя дыялекты для таго, каб мець зносіны са сваім электаратам.
Урокі японскай акупацыі
Да пачатку Другой сусветнай вайны Лі Куан Ю, як і многія яго аднагодкі, быў перакананы ў непераможнасці і велічы Брытанскай імперыі. Ён пісаў, што ўжо ў школе ён дакладна ведаў: любы англічанін — гэта «бос, начальнік, пан».
Японскія войскі трыумфальна маршыруюць у цэнтры Сінгапура. Люты 1942 года. Фота: Wikimedia Commons
Усё змянілася ў лютым 1942 года, калі японскія войскі правялі маланкавую аперацыю і захапілі Сінгапур. Каланіяльная ўлада, якой Лі так захапляўся, з трэскам павалілася, а брытанцы ўцяклі або трапілі ў палон.
Тры з паловай гады японскай акупацыі былі для Лі Куан Ю школай выжывання. Ён працаваў на японцаў, праслухоўваючы перахопленыя радыёпаведамленні саюзнікаў і расшыфроўваючы іх, займаўся дробным прадпрымальніцтвам і гандлем на чорным рынку.
Пазней ён назваў гэтыя гады «самымі важнымі гадамі майго жыцця». Ён зрабіў два ключавыя вывады. Па-першае, улада — гэта не святая дадзенасць, а механізм, які трэба ўмець абараняць. Па-другое, назіраючы за бязлітаснай сістэмай пакаранняў японцаў, ён адзначыў, што злачыннасць знікла, бо людзі баяліся пакарання. Гэта сфармавала ягонае перакананне, што калі кажуць, нібыта «суровыя пакаранні не змяншаюць узровень злачыннасці» — гэта міф, і што строгая ўлада можа змяняць паводзіны людзей.
Закончыўшы мясцовы «Рафлз-каледж», будучы «бацька сінгапурскай нацыі» выехаў у Вялікабрытанію, дзе вучыўся спачатку ў Лонданскай школе эканомікі, а затым у Кембрыджскім універсітэце.
Сямейнае фота напярэдадні ад’езду Лі (стаіць у другім шэрагу ў цэнтры) у Вялікабрытанію. Фота: Wikimedia Commons
Хлопец вучыўся бліскуча, але, як ён з горыччу ўспамінаў, на некалькіх экзаменах яго абагнала адзіная дзяўчына ў класе — Ква Геок Чу.
Яны таемна пажаніліся ў 1947 годзе. Ква Геок Чу ў далейшым стала не проста жонкай, а ягоным інтэлектуальным і палітычным партнёрам, даверанай асобай, якая правярала кожную важную прамову і юрыдычны дакумент. У сям'і нарадзілася тры сыны.
У сваіх мемуарах ён з выключнай цеплынёй пісаў пра яе ролю. Калі ў 2003 годзе Ква Геок Чу перанесла інсульт, які адабраў у яе магчымасці размаўляць, Лі Куан Ю штодня праводзіў каля яе ложка некалькі гадзін, чытаючы ёй услых. Ён прызнаваўся, што гэта было неабходна для яго самога, бо яна была ягоным «якарам». Пасля яе смерці ў 2010 годзе палітык адчуваў сябе «ўжо не чалавекам, а паўчалавека».
Лі і Ква на сваім вяселлі. Фота: Wikimedia Commons
Шлях да ўлады
У 1950 годзе Лі Куан Ю вярнуўся ў Сінгапур з дыпломам брытанскага адваката. Менавіта ў гэты час ён адмовіўся ад еўрапейскага імя «Гары» і стаў выключна Лі Куан Ю. Сам ён потым адзначаў:
«Лі Куан Ю — гэтае імя стала маім публічным вобразам. Яно выказвала тое, за што я змагаўся, і тое, кім я сябе бачыў: нацыяналіст з левымі поглядамі».
Лі Куан Ю пачаў юрыдычную практыку, але хутка знайшоў сваю нішу, працуючы бясплатна для прафсаюзаў, дапамагаючы ім змагацца за свае правы і вырашаць розныя праблемы. І гэта іронія лёсу, бо стаўшы прэм'ер-міністрам ён жалезнай рукой зацісне ўсе прафсаюзы ў Сінгапуры.
Таксама, узышоўшы на палітычны алімп, ён адрокся ад сваіх ранейшых левых ідэалаў. Але ў 1950‑я гады, калі ў Кітаі перамаглі камуністы і многія кітайскія дыяспары ў Сінгапуры і Малаі сімпатызавалі Мао Цзэдуну, Лі Куан Ю вымушаны быў гэта ўлічваць.
У адным інтэрв’ю ён сказаў: «Любы жыхар Сінгапура, які хоча павесці за сабой людзей, якія гавораць на кітайскай мове, не можа сабе дазволіць быць антыкамуністам. Калі б мне трэба было выбіраць паміж каланіялізмам і камунізмам, я б выбраў камунізм, і так зрабіла б пераважная большасць».
У 1954 годзе ён заснаваў Партыю народнага дзеяння (ПНД). Партыя спачатку была кааліцыяй, якая ўключала як умераных інтэлігентаў-нацыяналістаў (група Лі), так і левае пракамуністычнае крыло.
Карта Сінгапура, апублікаваная ў выданні The State of Singapore, выдадзеным Брытанскай інфармацыйнай службай у красавіку 1959 года. Фота: Wikimedia Commons
У 1959 годзе, калі Сінгапур атрымаў самакіраванне, ПНД перамагла на выбарах, і 35‑гадовы Лі Куан Ю стаў прэм’ер-міністрам. Ён не спяшаўся вызваляць з турмы сваіх таварышаў-камуністаў, а калі і вызваліў урэшце, даў ім толькі бессэнсоўныя, без аніякага ўплыву пасады.
Траўма 1965 года
Лі Куан Ю лічыў, што Сінгапур не выжыве ў адзіночку. Ягоная стратэгія была «Незалежнасць праз зліццё» з Федэрацыяй Малая. У 1963 годзе англічане абвясцілі аб незалежнасці Сінгапура, і ён становіцца часткай Малайзіі. Умовай малайзійцаў для зліцця быў арышт больш за ста камуністаў, і Лі Куан Ю на гэта пагадзіўся.
Аднак саюз быў асуджаны на развал. Лі Куан Ю выступаў за «Малайзію для малайзійцаў» (роўнасць усіх этнічных груп), што супярэчыла палітыцы малайскай кіраўнічай эліты, якая баялася кітайскага дамінавання.
Прэм’ер-міністр Сінгапура Лі Куан Ю ўзняты на руках прыхільнікаў пасля таго, як яго Партыя народнага дзеяння атрымала пераканаўчую перамогу на выбарах у Сінгапуры. 21 верасня 1963 года. Фота: AP Photo / File
Канфлікт абвастраўся. Кульмінацыяй стаў 1965 год. Малайзійскія лідары, баючыся, што папулярны Лі Куан Ю можа ўзначаліць усю Федэрацыю, прынялі рашэнне аб выключэнні Сінгапура.
9 жніўня 1965 года Сінгапур быў «выкінуты ў незалежнасць». На знакамітай прэс-канферэнцыі Лі Куан Ю не стрымаў слёз, усведамляючы, што маленькаму востраву, у якім не было вады, сыравіны, у якога не было арміі, будзе крайне цяжка выжываць. Пасля гэтага ён на шэсць тыдняў знік, заглыбіўшыся ў дэпрэсію і адначасова распрацоўваючы план выжывання.
Адмова ад дэмакратыі
Пасля 1965 года Лі Куан Ю паставіў перад сабой дзве задачы: бяспека і эканамічны росквіт, дасягнутыя праз беспрэцэдэнтны дзяржаўны кантроль.
Адна з першых рэформаў — стварэнне моцнай арміі. Калі брытанскія войскі пачалі выходзіць з Азіі, Сінгапур застаўся безабаронным. Лі Куан Ю ўвёў усеагульную вайсковую павіннасць і звярнуўся па дапамогу да Ізраіля (з якім Сінгапур таемна супрацоўнічаў, называючы ізраільскіх інструктараў «мексіканцамі», каб не раздражняць мусульманскіх суседзяў).
Армія стала прэстыжным сацыяльным ліфтам. Тыя, хто служыць у арміі, атрымліваюць велізарныя льготы, атрымліваюць магчымасці потым уладкавацца на дзяржаўную службу, пайсці вучыцца.
Каб кампенсаваць вывад брытанскіх войскаў, Сінгапур патроіў свае выдаткі на абарону, а для падтрымкі арміі былі дададзеныя вайскова-паветраныя сілы і флот. Да канца 1960‑х гадоў Сінгапур меў невялікія, але добра падрыхтаваныя ўзброеныя сілы, што дазволіла яму адчуваць сябе ўпэўнена ў рэгіёне.
У в'етнамскай вайне Лі цалкам падтрымліваў ЗША.
У 1980‑х цесныя абаронныя адносіны паміж Сінгапурам і ЗША дазволілі Сінгапуру набываць перадавыя амерыканскія ўзбраенні і сістэмы. ЗША паставілі Сінгапуру такія магутныя на той час самалёты, як F-16, і самалёт ранняга радыёлакацыйнага выяўлення (AEW) E-2C.
Прэм'ер-міністр Сінгапура Лі Куан Ю (першы злева) разам з жонкай Ква Геок Чу (першая справа) падчас сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Рональдам Рэйганам і ягонай жонкай Нэнсі Рэйган 8 кастрычніка 1985 года ў Белым доме. Фота: Wikimedia Commons
Дзеля правядзення рэформаў Лі Куан Ю паставіў пад жорсткі кантроль усе сферы жыцця краіны. Будучы перакананым антыкамуністам, Лі бязлітасна вынішчаў «камуністычную заразу». Камуністы аказваліся за кратамі без суда і следства, абмяжоўваўся доступ інфармацыі з-за мяжы.
«Свабода прэсы, свабода СМІ павінна быць падпарадкаваная галоўным патрэбам цэласнасці Сінгапура», — казаў Лі. Свае дзеянні ён апраўдваў тым, што газеты фінансавалі замежныя сілы. Палітык лічыў, што ў краіне, якая развіваецца, некаторыя свабоды павінны быць прынесеныя ў ахвяру.
У сувязі з тым, што камуністычныя ідэі былі пагібельныя для рынкавых адносінаў, што зараджаліся ў Сінгапуры, камуністычная партыя аказалася ў краіне пад забаронай, а ў парламенце застаўся толькі адзін апазіцыйны дэпутат.
Лі Куан Ю ў 1975 годзе. Фота: Wikimedia Commons
Вось, што пісаў Лі Куан Ю ў адной са сваіх кніг:
«Я не лічу, што дэмакратыя — гэта найлепшая форма кіравання для ўсіх краін і што яна распаўсюдзіцца па ўсім свеце. Калі б гэта было так, чаму заходнія краіны спрабуюць яе ўсім навязаць сілай? Калі ліберальная дэмакратыя настолькі дасканалая, яна і так атрымае верх над усім светам, як рынкавая эканоміка, якая выразна пераўзыходзіць планавую эканоміку і распаўсюджваецца па ўсім свеце.
З нагоды дэмакратыі ў мяне было шмат дыскусій з амерыканцамі. (…) Яны кажуць, што ўлада павінна мяняцца, толькі тады гэта дэмакратыя. Я адказваю: хай так будзе ў вас у Амерыцы. А нас пакіньце ў спакоі».
Лі Куан Ю не стаў капіяваць заходнюю мадэль «дзяржавы ўсеагульнага дабрабыту», а стварыў сістэму, дзе грамадзяне самі абавязаныя з заробку назапашваць сродкі на жыллё і медыцынскае абслугоўванне. Ён жалезнай рукой падпарадкаваў прафсаюзы, сцвярджаючы, што забастоўкі падарвуць эканоміку. Замест магчымасці забастоўкамі дабівацца сваіх правоў была створаная Нацыянальная рада па заробках, дзе дзяржава выступала арбітрам.
Барацьба з карупцыяй у Сінгапуры
На пачатку незалежнасці Сінгапур раз'ядала карупцыя, барацьба з якой пачалася «шляхам спрашчэння працэдур прыняцця рашэнняў і выдалення ўсялякай двухсэнсоўнасці ў законах у выніку выдання зразумелых і простых правіл, аж да адмены дазволаў і ліцэнзавання».
Улады рэзка паднялі заробкі суддзяў, на судзейскія пасады былі прыцягнутыя найлепшыя прыватныя адвакаты. Дзяржслужачым, якія займалі адказныя пасады, былі ўзнятыя заробкі да ўзроўню, характэрнага для топ-менеджараў прыватных карпарацый. Быў створаны незалежны орган з мэтай барацьбы з карупцыяй сярод найвышэйшых прадстаўнікоў улады.
«Агенцтва па барацьбе з прагнасцю» — так у народзе празвалі бюро, што расследавала выпадкі карупцыі. Ніякай прэзумпцыі невінаватасці не існавала: чыноўнік жыў не па сродках — значыць, хабарнік. З праверкамі прыходзілі і да самога прэм'ера.
Дзеля вяршэнства закона прэм'ер-міністр пасадзіў у турму блізкага сябра, калі таго злавілі на хабары, а міністр сацыяльнага развіцця, які ўзяў на лапу 315 тысяч долараў, пасля размовы з Лі Куан Ю здзейсніў самагубства.
У выніку Сінгапур стаў адной з найменш карумпаваных дзяржаў свету, і застаецца такой па сёння.
На пытанне аб сакрэце поспеху ў барацьбе з хабарніцтвам Лі адказаў так: «Пачніце з таго, што пасадзіце трох сваіх сяброў. Вы дакладна ведаеце за што, і яны ведаюць за што».
Адкрытасць Сінгапура для інвестыцый
Стратэгія эканамічнага развіцця краіны будавалася на ператварэнні Сінгапура ў фінансавы і гандлёвы цэнтр Паўднёва-Усходняй Азіі, а таксама на прыцягненні замежных інвестараў.
«Мы віталі кожнага інвестара… Мы проста са скуры вылузваліся, каб дапамагчы яму пачаць вытворчасць», — узгадваў Лі Куан Ю.
Сінгапур у 1968 годзе. Фота: AP Photo / File
Аднойчы ягоны дарадца па пытаннях эканомікі, галандзец Альберт Вінсэміус, патэлефанаваў віцэ-прэзідэнту сінгапурскага аддзялення Bank of America, які быў тады ў Лондане. «Мы хочам за наступныя 10 гадоў стаць фінансавым цэнтрам Паўднёва-Усходняй Азіі», — сказаў Вінсэміус. На гэта ён атрымаў адказ: «Добра, прыязджайце ў Лондан. Вы зможаце дамагчыся гэтага за 5 гадоў».
У Лондане госця падвялі да вялікага глобуса ў зале пасяджэнняў і расказалі наступнае. Сусветны фінансавы дзень пачынаецца ў Цюрыху, дзе банкі адкрываюцца а дзявятай раніцы. Крыху пазней адкрываюцца банкі ў Лондане. Пасля абеду банкі ў Цюрыху закрываюцца, затым закрываюцца банкі ў Лондане. У гэты час банкі ў Нью-Ёрку яшчэ адкрытыя. Такім чынам, Лондан накіроўвае фінансавыя патокі ў Нью-Ёрк. Калі закрываюцца нью-ёркскія банкі, фінансавыя патокі пераходзяць у Сан-Францыска. А вось у прамежак часу паміж закрыццём банкаў у Сан-Францыска і пачаткам новага дня ў Цюрыху ў фінансавым свеце нічога не адбываецца.
«Калі мы размесцім Сінгапур пасярэдзіне, то пасля закрыцця банкаў у Сан-Францыска Сінгапур зможа прыняць ад іх эстафету, а калі закрыюцца банкі ў Сінгапуры, яны змогуць перавесці фінансавыя патокі ў Цюрых. Такім чынам, упершыню ў гісторыі стане магчымым глабальнае кругласутачнае банкаўскае абслугоўванне», — узгадваў Лі Куан Ю ў адной са сваіх кніг словы прадстаўніка банка.
Дагэтуль важную ролю ў эканоміцы Сінгапура адыгрываюць транснацыянальныя карпарацыі, якія краіна прываблівае нізкімі падаткамі. Падатковая сістэма па сваёй прывабнасці займае пятае месца ў свеце. Усяго 4 віды імпартных тавараў абкладаюцца падаткам пры ўвозе: спіртныя напоі, тытунёвыя вырабы, нафтапрадукты і аўтамабілі. У краіне развітая вытворчасць электронікі, суднабудаванне, сектар фінансавых паслуг. Вядуцца маштабныя даследаванні ў галіне біятэхналогій.
Парад у Дзень нацыі (National Day Parade). 1971 год. Фота: AP Photo / Horst Faas
Чысціня і вада
Лі Куан Ю разумеў, што інвестарам патрэбныя не толькі грошы, але і давер. Ён прыклаў каласальныя намаганні для стварэння іміджу чыстага, зялёнага і стабільнага горада. У 1963 годзе ён распачаў кампанію па пасадцы дрэў, мэтай якой было высаджваць 10 000 саджанцаў за год, а ў 1971 годзе быў заснаваны «Дзень пасадкі дрэў».
Пазней ён сказаў, што «азеляненне — гэта самы эканамічна эфектыўны праект, які я запусціў».
Палітык таксама заняўся вырашэннем праблемы з забяспечанасцю краіны вадой. Сінгапур традыцыйна залежаў ад вады з Малайзіі. Аднак гэтая залежнасць прывяла да магчымасці павышэння цэн на ваду ў Сінгапуры і дазволіла малайзійскім чыноўнікам выкарыстоўваць залежнасць ад вады ў якасці палітычнага рычага, пагражаючы спыніць пастаўкі.
Від на раку Сінгапур з прычаленымі жылымі лодкамі. 1966 год. Фота: Keystone Features / Hulton Archive / Getty Images
Каб вырашыць гэтую праблему, Лі ў 1974 годзе пачаў рэалізоўваць праекты рэцыркуляцыі вады. У выніку такіх намаганняў Сінгапур дасягнуў самазабеспячэння ў галіне водазабеспячэння з сярэдзіны 2010‑х гадоў.
Паралельна з гэтым Лі Куан Ю выдаваў законы, каб радыкальна палепшыць пабытовыя звычкі сінгапурцаў. Стала забаронена, напрыклад, пляваць на зямлю, курыць у грамадскіх месцах, кідаць на зямлю смецце, паркаваць машыны ў цэнтры горада, а таксама, паліваючы кветкі, пакідаць ваду ў сподках пад гаршкамі, бо гэта прыцягвае камароў.
На кожную машыну ставілі сірэну, якая ўключалася, як толькі кіроўца перавышаў хуткасць у 80 км/г. Пасля шасці гадзін вечара было забаронена ездзіць у аўтамабілі аднаму — трэба было падвозіць калег па працы ці незнаёмых спадарожнікаў, каб паменшыць магчымасць узнікнення затораў.
Цялесныя пакаранні
Адным з непахісных перакананняў Лі Куан Ю была эфектыўнасць цялесных пакаранняў. Ён лічыў іх эфектыўным сродкам стрымлівання злачыннасці.
Сам Лі Куан Ю расказваў пра ўласны досвед у школьныя гады, калі атрымаў «тры незабыўныя ўдары па тым самым месцы».
«Я ніколі не разумеў, чаму заходнія педагогі-метадысты выступаюць супраць цялесных пакаранняў. Нічога страшнага ні са мной, ні з маімі аднакласнікамі не здарылася», — здзіўляўся прэм'ер-міністр.
Цялесныя пакаранні ўрад Лі атрымаў у спадчыну ад брытанскай каланіяльнай сістэмы, але значна пашырыў іх сферу прымянення. Калі пры брытанцах лупцаванне ўжывалася рэдка — толькі ў некалькіх выпадках на год за злачынствы, звязаныя з гвалтам, то пад кіраўніцтвам Лі Куан Ю гэтая мера была распаўсюджаная на ўсё большы спектр парушэнняў.
Лупцаванне розгамі як судовая мера пакарання існуе таксама ў іншых былых брытанскіх калоніях, у прыватнасці, у Малайзіі і Брунеі, а таксама практыкуецца (на аснове заканадаўства шарыяту) у інданезійскай правінцыі Ачэх. На здымку: такімі дубчыкамі лупцуюць у інданезійскай правінцыі Ачэх. Фота: AP Photo / Reza Saifullah
Да 1993 года лупцаванне стала абавязковым пакараннем за 42 віды злачынстваў і дадаткова прадугледжвалася яшчэ за 42. Сярод тых, каго пачалі рэгулярна лупіць, былі наркаманы і нелегальныя імігранты. У выніку колькасць выпадкаў лупцавання рэзка ўзрасла: з 602 у 1987 годзе да 3244 у 1993 годзе і да 6404 у 2007 годзе.
Міжнародную ўвагу да гэтай жорсткай практыкі прыцягнуў скандал 1994 года, калі ў адпаведнасці з заканадаўствам аб вандалізме (за нанясенне графіці на сцяну дома) адлупілі падлетка з амерыканскім пашпартам Майкла П. Фэя.
Лі Куан Ю захаваў і брытанскую практыку школьных цялесных пакаранняў хлопчыкаў. Яны былі замацаваныя законам у 1957 годзе. Ён таксама ўвёў пакаранне лупцоўкай у Сінгапурскіх узброеных сілах. Такім чынам, Сінгапур стаў адной з нямногіх краін у свеце, дзе цялеснае пакаранне з'яўляецца афіцыйнай мерай падтрымання вайсковай дысцыпліны.
Планаванне сям'і
Адной з самых спрэчных і неардынарных рыс кіравання Лі Куан Ю стала ягонае глыбокае і сістэмнае ўмяшанне ў прыватнае жыццё грамадзян, што ён апраўдваў неабходнасцю забеспячэння доўгатэрміновай стабільнасці і эканамічнага росту нацыі. Гэтая палітыка праяўлялася ў двух асноўных кірунках: кантролі за нараджальнасцю і спробах кіравання выбарам партнёра.
Па-першае, сутыкнуўшыся з пагрозай перанасялення на маленькім востраве, урад распачаў агрэсіўную кампанію «Спыніся на двух» (Stop at Two). Гэтая ініцыятыва выходзіла далёка за рамкі простай прапаганды.
Дзяржава ўвяла сістэму фінансавага стымулявання і дэстымулявання, каб прымусіць сем’і абмежавацца двума дзецьмі. Напрыклад, бацькі, якія нараджалі трэцяе і чацвёртае дзіця, сутыкаліся з павелічэннем платы за роды ў дзяржаўных шпіталях, пазбаўляліся падатковых ільгот, а жанчыны не атрымлівалі аплатных дэкрэтных адпачынкаў.
Наадварот, сем’і, у якіх адзін з бацькоў праходзіў добраахвотную стэрылізацыю пасля нараджэння другога дзіцяці, атрымлівалі значныя фінансавыя бонусы і, што асабліва важна, іхнія дзеці мелі прыярытэт пры паступленні ў найбольш прэстыжныя школы. Гэтыя жорсткія меры прывялі да рэзкага падзення нараджальнасці, хоць у 1990‑я гады ўраду прыйшлося рабіць адваротны ход, каб пазбегнуць дэмаграфічнага крызісу.
У духу ідэй Платона аб тым, што «лепшыя павінны злучацца з лепшымі», Лі Куан Ю з трывогай назіраў, як многія высокаадукаваныя мужчыны бралі шлюбы з жанчынамі з нізкім узроўнем адукацыі, у той час як жанчыны з універсітэцкімі дыпломамі часта заставаліся незамужнімі.
Каб выправіць гэтую сітуацыю, якая, на яго думку, вяла да зніжэння якасці генафонду і выхавання наступнага пакалення, у 1983 годзе ён стварыў Упраўленне сацыяльнага развіцця. Гэтая дзяржаўная арганізацыя функцыянавала як служба знаёмстваў, якая арганізоўвала мерапрыемствы, круізы і сустрэчы выключна для «белых каўнерыкаў» — людзей з вышэйшай адукацыяй.
Лі сцвярджаў, што адукацыйны ўзровень і інтэлект бацькоў адыгрываюць вырашальную ролю ў фарміраванні здольнасцяў іх дзяцей, і ён прасоўваў палітыку, накіраваную на заахвочванне высокаадукаваных жанчын нараджаць больш дзяцей.
Панарама сучаснага Сінгапура. Фота: Wikimedia Commons
Апошнія гады і спадчына
Усяго Лі Куан Ю атрымаў сем перамог на выбарах і пайшоў у адстаўку толькі ў 1990 годзе, паставіўшы тым самым сусветны рэкорд самага працяглага знаходжання на пасадзе прэм'ер-міністра.
Пад яго кіраўніцтвам астраўная дзяржава на працягу ўсяго аднаго пакалення ператварылася ў развітую краіну з высокадаходнай эканомікай.
Гэты беспрэцэдэнтны скачок Лі назваў пераходам «з Трэцяга свету ў Першы свет». За гэтыя тры дзесяцігоддзі валавы нацыянальны прадукт (ВНП) на душу насельніцтва вырас з 1240 долараў у 1959 годзе да 18 437 долараў у 1990 годзе; узровень беспрацоўя знізіўся з 13,5% да 1,7%; а замежны гандаль павялічыўся амаль у трыццаць разоў, дасягнуўшы 205 мільярдаў долараў.
Пасля свайго сыходу ў адстаўку Лі Куан Ю захаваў пасаду міністра-ментара і ўзначаліў кампанію па прапагандзе вывучэння сінгапурцамі кітайскай мовы нароўні з англійскай.
«Бацька сінгапурскай нацыі» Лі Куан Ю памёр вечарам 23 сакавіка 2015 года на 92‑м годзе жыцця. З 2004 года па 2024 год пасаду прэм’ер-міністра Сінгапура займаў ягоны сын Лі Сянь Лун.
Лі Куан Ю ў 2011 годзе. Фота: Wikimedia Commons
Дасягненні Сінгапура сталі крыніцай натхнення для кіраўніцтва Кітая, асабліва пры Дэн Сяапіне, які імкнуўся пераймаць сінгапурскія метады эканамічнага росту і прадпрымальніцтва, пры гэтым захоўваючы палітычны кантроль. З 1996 па 2019 год 55 000 кітайскіх чыноўнікаў прайшлі стажыроўкі ў Сінгапуры для вывучэння яго метадаў.
У 2013 годзе Сінгапур наведаў і Аляксандр Лукашэнка. Некаторыя аналітыкі спадзяваліся, што ён зможа пераняць вопыт гэтай краіны. Цяпер можна сказаць, што Лукашэнку і Лі Куан Ю збліжае тэрмін знаходжання ва ўладзе — 31 год.
Што яшчэ іх родніць, гэта нецярпімасць да іншадумства. Лі Куан Ю стаў адным з суаўтараў канцэпцыі «азіяцкіх каштоўнасцяў», якая служыла ідэалагічным апраўданнем для абмежавання індывідуальных свабод дзеля калектыўнай стабільнасці. Аднак гэта, магчыма, адзінае, што моцна родніць беларускі і сінгапурскі аўтарытарызм.
Краіна заўсёды цвёрда арыентавалася на ЗША і Вялікабрытанію, а не на СССР/Расію і не на Кітай. Хоць 70 працэнтаў насельніцтва Сінгапура складаюць кітайцы.
Кіраўнікі краіны самыя высокааплатныя ў свеце, зарабляюць некалькі мільёнаў долараў за год — але затое не запускаюць рук у дзяржаўную кішэню.
Для бізнэсу — гэта адна з самых спрыяльных тэрыторый. Ні пра якую канфіскацыю бізнэсу ці арышты з мэтай выкупу не было гаворкі. Калі ты маеш уласнасць, то ніхто ў яе ў цябе «іменем рэвалюцыі» не адбярэ.
Сінгапур хоць і быў пра Лі Куан Ю аўтарытарнай краінай, але там строга трымаліся вызначаных прававых нормаў. Ні пра якое «не да законаў», ні пра якое прымяненне закона задняй датай не магло быць і гаворкі.