БЕЛ Ł РУС

Луўр значна павысіў цэны для наведвальнікаў не з Еўрасаюза

16.01.2026 / 23:51

Nashaniva.com

Парыжскі Лувр павысіў кошт уваходных квіткоў для большасці наведвальнікаў з краін па-за межамі Еўрасаюза. Цана для іх вырасла даволі значна — з 22 да 32 еўра. Кіраўніцтва музея тлумачыць гэта неабходнасцю ўмацаваць фінансавае становішча на фоне забастовак, перапоўненасці і іншых праблем, а таксама ў межах агульнанацыянальнай палітыкі дыферэнцыяванага цэнаўтварэння, піша Euronews.

Уваход у Луўр. Фота: AP Photo / Emma Da Silva

Новая сістэма прадугледжвае, што больш будуць плаціць тыя, хто не з’яўляецца грамадзянінам або рэзідэнтам ЕС, а таксама Ісландыі, Ліхтэнштэйна і Нарвегіі. Для арганізаваных груп з-за межаў Еўропы кошт складзе 28 еўра, прычым колькасць удзельнікаў экскурсій абмяжуюць да 20 чалавек.

Французскія прафсаюзы рэзка раскрытыкавалі гэтае рашэнне, заявіўшы, што яно супярэчыць ідэі роўнага доступу да культуры і ператварае нацыянальную спадчыну ў камерцыйны прадукт. Частка турыстаў таксама выказала незадаволенасць, хоць іншыя прызналіся, што ўсё адно гатовыя плаціць, бо Луўр застаецца адной з галоўных славутасцяў Парыжа.

Пры гэтым некаторыя катэгорыі наведвальнікаў, напрыклад дзеці і падлеткі да 18 гадоў, па-ранейшаму могуць трапляць у музей бясплатна.

Папярэдняе падаражанне квіткоў у Луўры адбылося ў студзені 2024 года.

Падобная сістэма «двайных цэн» уводзіцца і ў іншых знакавых месцах Францыі, у тым ліку ў Версальскім палацы, Парыжскай оперы і капэле-рэлікварыі Сэнт-Шапель. Улады і адміністрацыя аб’ектаў падкрэсліваюць, што такая практыка ўжо шырока выкарыстоўваецца ў свеце.

Напрыклад, у Венецыі турысты плацяць збор за аднадзённае наведванне горада, у Італіі многія музеі бясплатныя для мясцовых жыхароў, а ў Кеніі іншаземцы значна больш плацяць за сафары. Аналагічныя меры дзейнічаюць у ЗША, Індыі і Японіі, хоць у апошняй выпадкі павышаных цэн у рэстаранах для іншаземцаў выклікалі моцную крытыку.

Прыхільнікі двухузроўневага цэнаўтварэння сцвярджаюць, што яно дапамагае зменшыць нагрузку на інфраструктуру і забяспечыць больш справядлівы доступ да культурных і прыродных каштоўнасцяў для мясцовых жыхароў. Крытыкі ж лічаць такую практыку дыскрымінацыйнай і несправядлівай.

Чытайце таксама:

Названыя самыя пераацэненыя славутасці Еўропы

Супрацоўнікі Луўра прыпынілі страйк, нічога не дабіўшыся

Паролем ад камер відэаназірання ў абрабаваным Луўры было слова «Луўр»

Пасля выкрадання каштоўнасцей з Луўра, яго скарбы схавалі ў падземным сховішчы Банка Францыі

«Луўр абрабавалі сярод белага дня. А мяне ў Беларусі крама вылічыла за 7 хвілін па бонуснай картцы»

Францыю накрыла цэлая эпідэмія рабаванняў музеяў

Каментары да артыкула