История11

Моё собачье дело: о своей необычной коллекции рассказывает Александр Очеретний

У гэтай калекцыі сабраныя прадметы, так ці інакш звязаныя з сабакамі і сабакагадоўляй. Прычына такой тэматыкі вельмі простая: мая праца і мае захапленні так ці інакш звязаныя з сабакамі і паляваннем. Большасць прадметаў маёй калекцыі паходзіць з тэрыторый, якія можна гістарычна аднесці да беларускіх, незалежна ад іх цяперашняй дзяржаўнай прыналежнасці.

Гісторыю можна вывучаць па-рознаму, не толькі па кнігах. Так, адзін мой прыяцель займаецца сфрагістыкай. Ён калекцыянуе старыя пячаткі ды штампы і па іх вывучае гісторыю. Ёсць знаёмыя філабутаністы: яны займаюцца калекцыянаваннем мундзірных гузікаў, а гэта вельмі ўдзячная аснова для вывучэння войнаў, якія пракаціліся па нашай краіне. Вывучаць гісторыю роднага краю можна нават па посудзе! Калекцыянеры сталовых прыбораў распавядуць вам такое, чаго не прачытаеш ні ў якой кнізе.

Я збіраю сваю калекцыю параўнальна нядаўна, з 2011 года. Умоўна называю яе «кіналагічнай». 

Сабакі з казкі Андэрсана

На фота — дзве бронзавыя ручкі ад крэсіва. Ручка з адным сабакам адносіцца да сярэдзіны XIX стагоддзя. А тая, што з трыма сабакамі, — больш ранняя. Наколькі ранняя, сказаць складана, бо гэтыя прадметы пакуль што навукоўцамі вывучаюцца не надта скрупулёзна.

Крэсіва — металічная прылада для высякання агню з крэменю. Высечаная з крэменю іскра падпальвала цэру (маса, утвораная з вываранага і высушанага дрэвавага грыба, моху, лёну). Крэмень, крэсіва і цэру насілі звычайна ў скураным мяшэчку каля пояса з левага боку. Бытавала з эпохі жалезнага веку да ХІХ стагоддзя, калі з'явіліся запалкі.

«Самотны сабака» быў знойдзены ў пачатку 2000-х у раёне Лунінца, а ручка «з трыма галовамі» — недалёка ад горада Янава на Берасцейшчыне.

Такія ручкі, як першая, знаходзяць на велізарнай тэрыторыі ад цэнтральных раёнаў Польшчы да Урала. А вось тры сабачкі сустракаюцца куды радзей, і часцей за ўсё на тэрыторыі Беларусі і ўсходней, аж да Цэнтральнай Расіі.

Цікавы сюжэт, выяўлены на гэтай ручцы. Безумоўна, існавала нейкае агульнаеўрапейскае паданне, якое звязвала трох сабак, агонь і крэсіва. У сярэднія вякі не толькі кот, але і сабака быў увасабленнем цёмных сіл і лічыўся памочнікам сатаны. Яркі адгалосак гэтых еўрапейскіх легендаў — казка Ганса Хрысціяна Андэрсана «Крэсіва», у якой фігуруюць і старая ведзьма, і тры страшныя сабакі-ахоўнікі ў падзямеллі, уладу над якімі атрымлівае ўладар крэсіва. Ну і, канечне, спрытны салдат, які ўсіх падмануў і ажаніўся з прынцэсай. Як вядома, сюжэты для сваіх казак Андэрсан браў з народных паданняў, прычым зусім не дзіцячых. Ён толькі адаптаваў іх пад юнага чытача, прыбіраючы адтуль найбольш віртуозныя зверствы і порна-сцэнкі.

Думаю, што і ручка крэсіва з галовамі трох сабак — адгалоссе тых страшных гісторый для дарослых, з якімі ўсе тады былі знаёмыя. Што да пазнейшага сабачкі, то гэта ўжо зусім стылізаваны водгалас падання, на якое ўсе, напэўна, ужо забыліся: маўляў, сабачка сабе і сабачка.

 

Улюбёнец карчмара з-пад Смаленска

Наступны экспанат «сабачай калекцыі» — гэта ашыйнік. Гісторыя яго даволі займальная. Знойдзены ён у Смаленскай вобласці на месцы, дзе ў пачатку XIX стагоддзя стаяла карчма. Такія месцы лічацца патэнцыйна вельмі багатымі на знаходкі, аднак з масавым з’яўленнем металадэтэктараў у пачатку новага тысячагоддзя яны былі літаральна вычышчаныя аматарамі прыборнага пошуку.

Гэты ашыйнік знойдзены ў Смаленскай вобласці на месцы, дзе ў пачатку XIX стагоддзя стаяла карчма.

Але аднойчы праз месца, што раскінулася на вядомым тракце — ужо настолькі падчышчанае тысячамі скарбашукальнікаў, што шукаць там, здавалася б, няма чаго, — сталі пракладаць дарогу. Для гэтага здымалі пласт грунту ў паўметра таўшчынёй. Пра будаўнічыя работы ў такой цікавай мясцовасці даведаўся мой смаленскі прыяцель, ён і апынуўся на месцы ў ліку першых. Бульдозер адкрыў пласт вуголля. Спадарожныя знаходкі (манеты) адназначна сведчылі пра год пажару: не пазней за 1812-ы. Гэта значыць, што карчма, хутчэй за ўсё, згарэла падчас вайны з Напалеонам.

Вось у гэтым пажарышчы і быў знойдзены бронзавы ашыйнік, які калісьці насіў вельмі вялікі сабака. Прытым сабака быў не толькі вялікім, але, відаць, дарагім і любімым, бо звычайныя вясковыя сабакі тады насілі «збрую» з вяроўкі (хто прасцейшы) ці з сырамятнай скуры (больш салідныя). А бронзавы ашыйнік быў прыкметай сабачай эліты.

На ашыйніку захавалася пяцелька для замка. Асаблівым шыкам для таго часу лічылася павесіць на ашыйнік маленькі замок, ключ ад якога знаходзіўся заўсёды пры гаспадару: ён служыў доказам таго, што сабака належыць яму.

Якая парода магла насіць такі вялікі ашыйнік? Я адмыў яго ад наліплай за стагоддзі зямлі і паспрабаваў прымерыць на свайго сабаку. Сабака ў мяне буйны, але ашыйнік быў яму безнадзейна вялікі. І прыйшоўся ў самы акурат толькі сабаку бардоскага дога. А гэта, трэба сказаць, проста велізарны сабака.

Якія ж буйныя пароды былі распаўсюджаныя на Смаленшчыне да пачатку XIX стагоддзя? Адказ адназначны: медзялянскія сабакі.

Існавалі, вядома, і іншыя пароды. Але, несумненна, менавіта медзялянін быў прыкметай статусу і дастатку, мог служыць рэкламай піцейнай установе і адначасова дысцыплінаваць наведнікаў адным сваім выглядам.

Медзялянскія сабакі — парода вялікіх сабак, якія былі распаўсюджаныя ў Беларусі, але ў ХХ стагоддзі звяліся

Медзялянскія сабакі — асаблівае адгалінаванне адной з італьянскіх парод, завезенай спачатку на тэрыторыю ВКЛ, а потым і ў Расію. Калі менавіта — невядома, дакладна раней за XVIII стагоддзе. Сама назва пароды кажа пра яе паходжанне: горад Мілан па-лацінску пішацца як Mediolanum, па-польску яго таксама называюць «Мэд’ёланам».

Выдадзены ў 1882 годзе энцыклапедычны ўсенавуковы слоўнік пад рэдакцыяй Віктара Клюшнікава апісваў медзялянцаў наступным чынам: «Парода прысадзістых, тоўстых, з прытупленай пысай сабак. Медзялянкі цяжкія і няўклюдныя, але надзвычай моцныя, рашучыя і смелыя. Асабліва прыдатныя для палявання і барацьбы з дзікімі звярамі. Некаторыя асобіны бяруць мядзведзя ў адзіночку».

Да пачатку ХХ стагоддзя гэтая парода цалкам знікла.

 

Жэтон на шыі

Асноўная частка маёй сабачай калекцыі — жэтоны. Для пачатку трэба акрэсліць, чым адрозніваецца жэтон ад іншых «вісюлек», якія часам можна пабачыць на ашыйніку. Жэтон — гэта свайго роду дакумент, які нясе інфармацыю.

Жэтон можа сведчыць пра тое, каму сабака належыць (сюды можна залічыць і распаўсюджаныя сёння «адраснікі»), што сабаку зробленыя прышчэпкі ад пэўных хвароб (часцей за ўсё гаворка ідзе пра шаленства), што сабака хатні і за яго заплачаны падатак, што гэта паляўнічы сабака, за яго заплачаны падатак і яму дазволены выхад у паляўнічыя мясціны, што сабака браў удзел у выставе ці быў неяк адзначаны.

Самыя старыя ўзоры маёй калекцыі датаваныя XIX стагоддзем. Адзін з іх — круглы і літы, што вялікая рэдкасць, бо звычайна яны штампаваныя. Гэты жэтон куплены ў антыкварнай краме ў Хельсінкі, ён вісеў некалі на шыі сабакі з прыватнай псярні. Надпіс па-руску прачытаць не ўдалося, хоць, мяркуючы па ўсім, там напісана прозвішча ўладальніка.

Жэтон датаваны 1867—1868 гадамі і выдадзены сабаку з «прапіскай» у горадзе Кёнігсбергу, які належаў Усходняй Прусіі. Менавіта з Усходняй Прусіі пайшло масавае распаўсюджанне сабачых жэтонаў. Традыцыя хутка распаўсюдзілася па ўсіх астатніх нямецкіх землях, а затым перакінулася на польскія, літоўскія, беларускія і ўкраінскія землі. Сабак пачалі рэгістраваць спачатку ў Варшаве і Вільні, затым па ўсёй Беларусі і Украіне, а пасля і на ўсёй тэрыторыі імперыі.
Найстаражытнейшы сабачы жэтон адносіцца да перыяду Старажытнага Рыма і захоўваецца ў Брытанскім музеі. Надпіс на жэтоне, зроблены на вульгарнай народнай лаціне, гаворыць: «Трымай мяне, не дай уцячы і вярні майму гаспадару Вівенцію ў маёнтак Каліста».
Рэгістрацыя сабак набыла масавы маштаб у міжваеннай Польшчы. Свае асаблівыя знакі выпускаліся ў кожнай гміне. Нумарны жэтон сведчыў пра аплату штогадовага падатку за сабаку. На фота — падборка жэтонаў розных гадоў і розных мясцовасцей міжваеннай Польшчы. Былі тады і спробы ўніфікацыі. Так, у 1937 годзе майстэрня Леона Бытнера з Познані атрымала вялікую дзяржаўную замову на выраб сабачых жэтонаў для некалькіх гмін Польскай Рэспублікі. Не ведаю, як у вас, але ў мяне ў галаве зразу ж замільгалі сучасныя паняцці, такія як «тэндар», «дзяржзамова» і нават «адкат». Аднак, магчыма, я і не маю рацыі.
Характэрныя ўзоры савецкіх рэгістрацыйных сабачых жэтонаў. Гэта яскравы прыклад саўковай кандовасці і пагардлівага стаўлення да ўсяго. Танна, груба, непрыгожа. Як здзек у такім ракурсе ўспрымаюцца словы «Усё для чалавека, усё ў імя чалавека». Каб адчуць розніцу, варта параўнаць гэтыя прадметы з алюмініевымі і адным бакелітавым жэтонамі сярэдзіны ХХ стагоддзя, вырабленымі ў Германіі і Аўстрыі.
Жэтон берлінскага сабакі, знойдзены ў полі пад Мінскам (злева). Відавочна, нейкі «турыст» з Германіі ў пачатку 40-х гадоў мінулага стагоддзя прыехаў у Беларусь са сваім улюбёнцам. Прытым гэта жэтон не вайсковага сабакі, а звычайнай хатняй жывёлы. Другі жэтон выдадзены ў мястэчку Ленін Жыткавіцкага раёна. А трэці жэтон выдала ў 1900 годзе Іркуцкая гарадская ўправа. Памятаеце штамп са словам «уплочено», які булгакаўскі кот Бегемот паставіў у даведцы Мікалая Іванавіча (Вепрука) як пацвярджэнне, што той прысутнічаў на балі Сатаны? Дык вось слоўца «уплочено» — гэта не смешачкі Булгакава, як многія думаюць, а граматычная норма таго часу.
Жэтоны з назвамі беларускіх населеных пунктаў, выдадзеныя ўладамі Трэцяга Рэйха асабістым сабакам мясцовага насельніцтва. Яны сведчылі пра аплату падатку. У 1942 годзе нямецкім уладам на нашых тэрыторыях была справа да ўсяго, уключаючы нават прыватных сабак, якія сядзелі навязанымі на падворках.

Усе фота - аўтара.

Комментарии1

Сейчас читают

Бывший помощник Лукашенко Игорь Брыло признал, что набрал взяток на $2 миллиона10

Бывший помощник Лукашенко Игорь Брыло признал, что набрал взяток на $2 миллиона

Все новости →
Все новости

В Крыму впервые уничтожены два российских самолета-амфибии Бе-12 — ГУР

Министр обороны Израиля: Палестинского государства никогда не будет10

«Не можем попасть в Беларусь». Образовалась очередь на латвийской границе, автобусы стоят с вечера4

На войне погиб польский полицейский, который воевал на стороне России5

«Ты села в тюрьму и не подумала обо мне». Лариса Щирякова о чувстве вины перед сыном4

Руководитель БРСМ стал главным идеологом Минска4

Строительство метро в Шабаны признали нецелесообразным?

Каждый шестой нефтяной танкер в мире принадлежит российскому «теневому флоту»1

Продление метро, снос старой застройки. Подвели итоги обсуждения новой редакции генплана столицы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бывший помощник Лукашенко Игорь Брыло признал, что набрал взяток на $2 миллиона10

Бывший помощник Лукашенко Игорь Брыло признал, что набрал взяток на $2 миллиона

Главное
Все новости →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць