Менахем Бегин: террорист, который стал лауреатом Нобелевской премии мира
«Израиль легитимен, потому что он существует». Про одного из самых значительных политиков ХХ века, уроженца Бреста Менахема Бегина, пишет Петро Борисевич.

Гэты хлопчык вырас у самым цэнтры Брэста — каля цяперашняга кінатэатра «Беларусь», які ў тыя часы быў Вялікай сінагогай. У той сінагозе і вялася метрычная кніга, дзе запісвалі ўсіх народжаных габрэяў. Сям’я Бегінаў была вельмі набожнай. Яго тата быў сакратаром габрэйскай рэлігійнай гміны. І вучыцца Бегін пачаў у хедэры — рэлігійнай школе. А пазней сур'ёзна захапіўся ідэямі сіянізму і застаўся ім верны праз усё жыццё.
Усходняя Еўропа — кузня сіянізму
Сіянізм — рух за вяртанне габрэяў на гістарычную радзіму, у Палесціну, — ад самага пачатку дзяліўся на дзве ідэалагічныя плыні, якія між сабой канкурыравалі ці часам нават ваявалі. У кожнай былі свае структуры, у тым ліку свае моладзевыя арганізацыі. Адна, сацыялістычная, спалучала марксізм і нацыянальныя ідэалы. Другая, правая, абапіралася на нацыянальныя і кансерватыўныя каштоўнасці.
Ураджэнец Моталя — гэта недалёка ад Пінска — Хаім Вейцман належаў да сацыялістычнага кірунку. Яго будучы палітычны праціўнік Менахем Бегін з Брэста— да другога.
Менахема бацька аддаў у Брэсце ў гімназію «Тахкемоне», дзе навучанне ішло часткова па-польску, а часткова — на іўрыце. Юны Бегін уступіў таксама ў моладзевую арганізацыю «Га-шамэр га-цаір» («Малады вартаўнік»). Але калі гэтая суполка стала дрэйфаваць у бок камунізму, ён перавёўся ў ваенізаваную арганізацыю «Бейтар», правага толку. Там моладзь праходзіла «пачатковую ваенную падрыхтоўку».
Тым часам Хаім Вейцман, будучы першы прэзідэнт Ізраіля, адведвае ў суседнім Пінску сацыялістычныя сіянісцкія гурткі «Сафа брура».

Бегін, студэнт юрфака Варшаўскага ўніверсітэта, мае званне падхарунжага Войска Польскага і паралельна дасягае найвышэйшага рангу ў «Бейтары». Бегін ездзіць па ўсёй Польшчы, збіраючы ахвяраванні для сіянісцкага руху. У адной з такіх паездак ён і пазнаёміўся з Аліцыяй Арнольд, дачкой нафтавага канцэсіянера з Драгобыча — гэта за Львовам. На вяселле з’ехаліся сотні актывістаў «Бейтару», а дружкам маладога быў вядомы габрэйскі дзеяч Зээў Жабатынскі. У Менахема з Аліцыяй народзяцца дзве дачкі і сын.
Яго турмы
Першы раз у турму Бегін трапіў у Польшчы — за арганізацыю масавай габрэйскай маніфестацыі ў Варшаве. Другі раз ён сеў у савецкую турму — за тое, што ў Вільні, ужо занятай саветамі, выдаваў падпольную газету. З Лукішак Бегіна адправілі ў канцлагер НКВД у Комі АССР. Яму далі 8 гадоў з распаўсюджанай у той час фармулёўкай: «агент брытанскага імперыялізму і сацыяльна небяспечны элемент». Парадоксы долі: дзякуючы гэтаму Бегін застанецца жывы. Напалі немцы, Сталіну патрэбныя былі саюзнікі — і грамадзян Польшчы сталі вызваляць і накіроўваць у армію Андэрса. Але, як толькі польскі корпус дабраўся да Палесціны, Бегін дабіўся дазволу на звальненне. У яго з’явілася магчымасць паўдзельнічаць у ажыццяўленні сваёй мары — адраджэнні габрэйскай дзяржавы.

Тым часам уся сям’я Бегіна загіне ў Брэсце, у гета.
З Савецкага Саюза на гістарычную бацькаўшчыну Бегін прывёз падвойную агіду да камунізму, а таксама слова «уркі», якое ён ужываў у іўрыце без перакладу.
«Я не заўважыў ў СССР роўнасці, — пісаў Бегін пра свае ўражанні ад «Краіны Саветаў». — У царстве НКВД адна роўнасць — роўнасць страху».
«Сустрэнемся ў Іерусаліме!»
Палесціна, былая правінцыя Асманскай імперыі, пасля яе распаду ў 1918 годзе перайшла пад кантроль Брытанскай імперыі. Ліга Нацый дала брытанцам мандат на часовае кіраванне з далейшай перадачай двум народам — габрэям і арабам — права на самавызначэнне.
Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя габрэяў у Палесціне было каля 5% насельніцтва, гэта значыць каля 25 000. У той жа час арабаў — пераважна мусульман, але таксама хрысціян, — каля 90%. Амаль усе габрэі Палесціны тады размаўлялі або па-арабску, або на ладзіна — мове сефардаў (перасяленцы з Іспаніі і паўночнага Міжземнамор’я). Усходнееўрапейскія габрэі ашкеназі пачалі пераязджаць на Святую Зямлю, у «Сіён», з 1880-х. Сіянісцкі парыў нарастаў, у 1922 годзе габрэі ўжо складалі ў Іерусаліме большасць, а па стане на 1948 год у Ізраілі сабралася ўжо 600 тысяч габрэяў.

Паралельна набіраў моц арабскі нацыянальны рух. Арабы спачатку марылі пра вызваленне ад Асманскай імперыі, а пасля — ад еўрапейскіх каланізатараў.
Арабы тады пераважна вялі патрыярхальны лад жыцця, мелі нізкі ўзровень адукацыі. А вось габрэі з Усходняй Еўропы былі носьбітамі найноўшых тэхналогій, у тым ліку сацыяльных: засноўваюцца сельскагаспадарчыя паселішчы і кааператывы — кібуцы і машавы, а таксама першыя чыста габрэйскія гарады — Тэль-Авіў і Хайфа. Рэй вядзе Партыя працы на чале з Давідам Бэн-Гурыёнам, які выступаў за моцную ролю дзяржавы ў рынкавым і нацыянальным кіраванні.
Арабы перыядычна бунтуюць, пагромнічаюць. Габрэйскія пасяленцы прыходзяць да разумення патрэбы ў стварэнні моцнай самаабароны. Такія людзі, як Бегін, з палітычным і ваенным досведам, у «ішуве», гэта значыць «пасяленні», як знаходка.
Па-над арабамі і габрэямі — брытанскія каланіяльныя ўлады, якія кіруюцца прынцыпам «падзяляй і ўладар», сутыкаючы народы лбамі. А на заходнім даляглядзе — нацысцкі афрыканскі экспедыцыйны корпус генерала Эрвіна Ромеля. Ён імкнецца выбіць англічан з Блізкага Усходу. Габрэйская супольнасць балансуе: падтрымлівае брытанцаў супраць гітлераўцаў і адначасова выбудоўвае падпольныя структуры, каб у зручны момант захапіць уладу ў Палесціне.
Бегін уліваецца ў падполле. У снежні 1943 года ён становіцца кіраўніком узброенай групоўкі «Іргун» — па-габрэйску гэта значыць «арганізацыя». Яе таксама называлі «Эцэль» па абрэвіятуры ад яе поўнай назвы. У адрозненне ад «Хаганы» (афіцыйнай самаабароны), «Іргун» абвясціў паўстанне супраць брытанцаў і перайшоў да тэрактаў.
Габрэйскае самакіраванне было катэгарычна супраць такой тактыкі, лічыла, што падчас вайны брытанцаў чапаць не варта.
«Раскол быў жахлівы», — зазначыў потым Бегін.
Выбух у гатэлі «Цар Давід»
Паваротным момантам у змаганні за незалежнасць Ізраіля стаў выбух у гатэлі «Цар Давід» у Іерусаліме — месцы працы брытанскай адміністрацыі. 22 ліпеня 1946 года іргунаўцы пранеслі праз службовы ўваход гатэля запоўненыя дынамітам бітоны з-пад малака. Магутны выбух знёс правае крыло гатэля, загінуў 91 чалавек — сярод іх 41 араб і 17 габрэяў, але пару дзясяткаў брытанцаў таксама. Пасля такіх тэрактаў адносіны габрэяў і брытанцаў не маглі быць ранейшымі. А кіраўнік габрэйскага самакіравання Бен-Гурыён назваў «Іргун» «ворагамі габрэйскага народа».

Канспіратар
Англічане прызначалі за галаву Бегіна ўзнагароду — 10 тысяч фунтаў. Хаваючыся ад паліцыі — некалькі гадоў! — Бегін маскіраваўся пад рабіна, выхадца з Емена. Дзеля гэтага ён надзеў ярмолку і адгадаваў бараду. Жонка Аліцыя і сын Зээў-Беньямін дапамагалі ў канспірацыі.
Цяжка не стаць палітыкам, калі ты расцеш у сям’і Бегіна. Сын хоць і вывучыўся на геолага, але працягнуў справу бацькі — у 90-я гады стаў палітыкам і дэпутатам ізраільскага парламента — Кнэсэта.

Чалавек ідэі
У 1948 годзе Ізраіль паспяхова згуляў на супярэчнасцях між вялікімі дзяржавамі — ЗША, СССР і Брытаніяй — і абвясціў незалежнасць. «Іргун» уліваецца ў Армію абароны Ізраіля. Кіраўніком урада становіцца сацыял-дэмакрат Давід Бен-Гурыён, а Бегін стварае правую партыю «Херут» («Воля»). «Херут» у парламент праходзіць, але набірае толькі 11,5% галасоў. Бегіна чакаюць 30 гадоў у апазіцыі. Але Ізраіль — дэмакратычная дзяржава, Бегін мог весці палітычную агітацыю. І ад выбараў да выбараў папулярнасць яго правай партыі расла.
Сабраўшы пад свае сцягі сефардскіх, ці ўсходніх, яўрэяў, Бегін пабудаваў сваю палітычную сілу на аснове артадаксальных рэлігійных вераванняў і біблейскай ідэалогіі, а не сацыялістычных ці ліберальных ідэалаў.

Бегін рос у перыяд між дзвюма войнамі. Гэта былі жорсткія часы. На светаўспрыманне Бегіна паўплываў і кашмар Халакосту. Усе да аднаго брэсцкія сваякі Менахема загінулі. «Мы не хочам нямецкіх грошай!», «Ворагу няма выкуплення!» — заявіў Бегін, калі ўлады ФРГ на знак прымірэння і «выпраўлення зла» абвесцілі пра грашовыя выплаты габрэям.
У адказ ізраільскія радыкалы — пэўна, падагрэтыя ў тым ліку і прамовамі Бегіна — адпраўляюць на імя нямецкага канцлера Конрада Адэнаўэра канверт з выбухоўкай. Да Адэнаўэра ён дайсці, ясная рэч, не мог, але гіне чалавек, які спрабаваў бомбу абясшкодзіць.
Гэты радыкалізм спалучаўся ў Бегіне з побытавым кансерватызмам. Яго палітычныя канкурэнты з Партыі працы апраналіся нефармальна, часам нават у шорты замест штаноў. Тады як Бегін нават у самую спёку заўсёды хадзіў у строгім чорным касцюме пры гальштуку. Цікава, што яго сын, Зээў-Беньямін, калі стаў дэпутатам парламента і міністрам, у адрозненне ад таты, зняў строгі пінжак і зменшыў сваё доўгае, якое патыхала еўрапейскімі хасідскімі традыцыямі, імя да народнага Бені.
Вяршыня ўлады
Гегемонія сацыялістаў, што трывала ад часоў стварэння дзяржавы ў 1948-м, скончылася ў 1977-м. Пасля чарговых выбараў Бегін стаў прэм'ерам.
У грамадстве назапасілася незадаволенасць карупцыяй. Акрамя таго, выхадцы з арабскіх краін, «мізрахі», былі ў крыўдзе на тое, што еўрапейскія габрэі глядзелі на іх звысоку.

Аднак з першых дзён прэм’ерства Бегін паводзіў сябе не так, як ад яго чакалі прыхільнікі «жалезнай рукі». На ключавую пасаду міністра замежных спраў ён паставіў аднаго са сваіх палітычных праціўнікаў — Машэ Даяна і пачаў перамовы з егіпецкім кіраўніцтвам па мірным урэгуляванні.
Яны скончыліся падпісаннем у амерыканскім Кэмп-Дэвідзе спачатку папярэдняга пагаднення 17 верасня 1978 года, а 26 сакавіка 1979-га — і паўнавартаснай мірнай дамовы. Паводле яе ўмоваў Ізраіль вяртаў Егіпту Сінайскі паўвостраў і прызнаваў «законныя правы палесцінскага народа». Краіны выходзілі са стану ўзаемнай вайны, паміж імі ўсталёўваліся дыпламатычныя і эканамічныя адносіны.
А пасля было паспяховае знішчэнне ў 1981 годзе амаль дабудаванага іракскага атамнага рэактара ля Багдада. Дзёрзкая аперацыя — і атамная праграма Садама Хусэйна была разбітая ў друз.
Была і пабудова яўрэйскіх пасяленняў на Заходнім беразе Іардана. Бегін разглядаў тэрыторыі, захопленыя падчас вайны з арабамі ў 1967 годзе, як спадчынныя землі Юдэі і Самарыі са Старога Закону. Яго ўрад лічыў іх засяленне сваім, можна сказаць, маральным і рэлігійным абавязкам. Такое спрэчнае рашэнне выклікала крытыку з боку апазіцыі і асуджэнне ААН, якая назвала пабудову пасяленняў «незаконнай». У адказ Бегін абвясціў усяму свету, што Ізраіль не мае патрэбы ні ў чыім бласлаўленні і што ён «легітымны таму, што ён існуе».

А пасля быў самы ганебны момант. Вайна ў Ліване, 14 верасня 1982 года мусульмане-палесцінцы забіваюць прэзідэнта краіны, хрысціяніна, саюзніка Ізраіля. У адказ ізраільскія войскі фактычна прапускаюць хрысціянскіх апалчэнцаў у лагеры ўцекачоў-мусульман Сабра і Шаціла. За два дні, 16 і 17 верасня 1982 года, там забілі паўтары тысячы чалавек.
Юрыдычную адказнасць за гэта традыцыйна ўскладаюць на міністра абароны Арыэля Шарона, але ж прэм’ерам быў Бегін.
Нечаканы сыход
А сышоў Бегін з пасады нечакана. Ён быў з візітам у ЗША, калі ад хранічнай эмфіземы лёгкіх памерла яго жонка. Смерць самага блізкага чалавека пагрузіла Бегіна ў глыбокую дэпрэсію. Ён так і не патлумачыў публічна прычын сваёй адстаўкі. На пасяджэнні ўрада Бегін проста сказаў: «Прычына майго паведамлення абсалютна асабістая. Ад пачатку я прашу прабачэння, перапрашаю ўсіх. Ці атрымаю я прабачэнне ад усіх — гэтага я не ведаю»…
Сем наступных гадоў ён пражыў у сваёй двухпакаёўцы каля Іерусалімскага лесу. Жыць у звычайнай кватэры было нормай для тадышніх кіраўнікоў Ізраіля. Бен-Гурыён доўгі час увогуле туліўся ў кібуцным бараку. Затое Ізраіль пры іх кіраванні ператварыўся ў адну з самых заможных краін планеты. Гэта былі людзі ідэі, грошы для іх былі нечым другасным.

Менахем Бегін памёр халоднай зімовай ноччу, перад світанкам, 9 сакавіка 1992 года, у панядзелак (4-ы дзень месяца Адар-Бет 5752 года па габрэйскім календары). Ён прасіў пахаваць сябе без ушанавання, без прамоў, як хаваюць людзей з народу, і не ў некропалі кіраўнікоў краіны, а на старажытных габрэйскіх могілках на Аліўнай гары ля муроў Старога горада ў Іерусаліме. Побач з таварышамі па падполлі з «Іргуна», якіх брытанцы асудзілі на смерць за тэрарызм. Тысячы людзей праводзілі Менахема Бегіна ў апошні шлях.
Рэдакцыя дзякуе Ірыне Ваўранюк за істотныя дапаўненні ў гэты артыкул.
Комментарии