Спонсоры великих князей. Как евреи ВКЛ стали неотъемлемой частью общества
Евреи в ВКЛ заменяли собой банки. Евреев в Княжестве берегли и им же завидовали, пишет Андрей Шпунт.

Фота Shutterstock.com, by J.Chizhe
Пачатак гісторыі
Габрэі былі аднымі з першых іншаземцаў, якія стала аселі на нашых землях. Пераважна гэта былі купцы, выціснутыя ў канкурэнтнай барацьбе мяшчанскімі гільдыямі Еўропы. Неўзабаве да купцоў далучаліся ліхвяры і фактары, то-бок пасярэднікі ў розных здзелках.
Недахоп пісьмовых крыніц не дае нам магчымасці нешта распавесці пра гісторыю габрэяў у ВКЛ да канца XIV стагоддзя, хоць іх прысутнасць тут і ў больш раннія часы цалкам верагодная.
Але пунктам адліку ў засяленні гэтым народам тэрыторыі княства прынята лічыць 24 чэрвеня 1388 года, калі габрэі Берасця атрымалі прывілей з пацвярджэннем іх грамадзянскіх правоў ад вялікага князя Вітаўта. Неўзабаве падобныя прывілеі атрымалі таксама габрэі Трокаў і Гародні. Тым самым габрэйскія грамады фактычна не толькі легалізаваліся, але і траплялі пад велікакняжацкі пратэктарат.
Гэта было ўзаемавыгадна. Гнаны адусюль народ хацеў хоць нейкай стабільнасці і гарантый, а ўладары ВКЛ, у сваю чаргу, былі зацікаўленыя ў эканамічным развіцці дзяржавы. А гэтаму несумненна спрыялі прадпрымальны характар уцекачоў і іх грошы.
Асабістыя правы літоўскіх габрэяў сягалі далей за замацаваныя ў аналагічных заходнееўрапейскіх граматах і спачатку былі практычна роўныя з правамі шляхты. Прытым было гэта не толькі на паперы. Пры ўласным жаданні габрэі маглі служыць у войску, яны гэтак жа апраналіся і насілі тую ж зброю, што і літоўская шляхта. Уступаючы ў шчыльныя зносіны з хрысціянскім асяроддзем, яны паступова асіміляваліся, пра што сведчаць, напрыклад, такія іх славянскія мянушкі, як Зубец, Рабчык, Альшэйка, Краўчык, Глухі і падобныя.
Велікакняскія банкіры
Самыя багатыя габрэі складалі замкнёнае кола і займаліся галоўным чынам водкупамі. Гэта значыць, што за пэўную плату яны атрымлівалі ад дзяржавы права збору з насельніцтва розных дзяржаўных збораў. На гэтым рабіліся вялікія капіталы, і багацце такіх людзей рэзка кантраставала з матэрыяльным станам асноўнай габрэйскай масы. Тая вяла, як правіла, розныя дробныя гандлёвыя і фінансавыя аперацыі, пры якіх нярэдка абаротныя сумы пазычаліся пад заклад хатніх рэчаў, нават верхняй вопраткі. Неяк стачыць канцы з канцамі гэта дазваляла, але нічога асабліва зайздроснага не было.

Ну а габрэі-адкупшчыкі былі багацейшыя і за мясцовых купцоў-хрысціян. Якімі сумамі адкупшчыкі варочалі, можна ўявіць з таго, што яны маглі сабе дазволіць чакаць па тры гады і больш сплаты такіх буйных сумаў, як 300, 400 і больш коп літоўскіх грошаў, набывалі цэлыя вёскі за 100 коп. У той жа час цэлая берасцейская габрэйская грамада, самая ўплывовая і заможная ў ВКЛ, у 1571 годзе залажыла для нейкіх сваіх патрэб срэбраныя сінагагальныя рэчы і на працягу шасці год была не ў стане іх выкупіць, хоць закладная сума разам з працэнтамі складала толькі 26 коп.
Багатыя габрэі ратавалі ад фінансавага краху пераемнікаў князя Вітаўта, якія пастаянна мелі праблемы з грашыма. Яны пазычалі ім вялікія сумы, а вяртання іх пагаджаліся чакаць гадамі. І аднойчы за гэта моцна пацярпелі.
Вялікі князь Аляксандр, пры якім ВКЛ ваявала з Маскоўскай дзяржавай і праз гэта патрабавала шмат наяўных грошай, аднойчы не ўтрымаўся ад спакусы вырашыць фінансавыя праблемы радыкальным шляхам: скасаваць даўгі перад габрэямі сваіх папярэднікаў, захапіць габрэйскія грошы, нерухомасць і зямельныя ўладанні, а саміх сыноў Ізраіля «з зямлі нашай вон выбці». Гэта было ў 1495-м. Спачатку ўсе, апрача габрэяў, былі гэтым задаволеныя, асабліва даўжнікі, але хутка аказалася, што перамога гэтая была піравай.
У 1501 годзе Аляксандр стаў каралём Польшчы, але паўтарыць тое ж самае з кароннымі габрэямі ён не мог, бо тыя значна пераўзыходзілі літоўскіх па колькасці, значнасці ды багацці, а таму мелі магутных абаронцаў. Тым часам без габрэяў фінансавая сістэма ВКЛ пачала адчуваць праблемы. Немцы і шведы, якія прыйшлі на іх месца, аказаліся куды менш згаворлівымі.
Таму ў 1503 годзе эксперымент бясслаўна скончыўся. Аляксандр даў дазвол габрэям вярнуцца і атрымаць назад канфіскаванае ў іх, а таксама спагнаць грошы з даўжнікоў. Праўда, за гэта ён запатрабаваў ад грамады выставіць у войска тысячу вершнікаў, ад чаго габрэі адкупіліся грашыма.
Гады на чужыне не прайшлі для іх дарэмна. Габрэі вярнуліся з выгнання аб’яднаныя і кансалідаваныя. З нешматлікай канфесійна-этнічнай меншасці яны паступова пераўтвараюцца ў буйную частку народа ВКЛ агульнай колькасцю больш за 100 тысяч чалавек.
«Ды не адважацца насіць золата і срэбра»
У «залатым» для ВКЛ XVI стагоддзі дасягае свайго росквіту і мясцовае габрэйства. Расце ўплыў габрэйскіх капіталаў на эканоміку краіны, і ўвогуле жыць габрэям было тут дастаткова камфортна, асабліва ў параўнанні з іншымі еўрапейскімі краінамі. Папскі легат кардынал Джавані Франчэска Камендонэ пісаў у 1565 годзе, наведаўшы ВКЛ: «У гэтых землях сустракаецца яшчэ шмат габрэяў, якімі тут не так грэбуюць, як у некаторых іншых месцах. Яны тут не жывуць у няшчасным становішчы і не займаюцца толькі нізкімі промысламі, але валодаюць зямлёй, займаюцца камерцыяй, вывучаюць медыцыну і астраномію. Яны валодаюць значнымі багаццямі і не толькі стаяць у шэрагу годных людзей, але і часта нават маюць уладу над імі. Яны не носяць ніякага знаку адрознення ад хрысціян, ім нават дазваляецца насіць зброю. Наогул, яны карыстаюцца ўсімі правамі грамадзян».

Пры гэтым жыццё ў ВКЛ працякала для габрэйскай грамады куды больш спакойна, чым у суседняй Польшчы, дзе мяшчанства буйных гарадоў, асабліва на захадзе, пераймала нямецкі антысемітызм, узмоцнены ў той час Рэфармацыяй.
Але зусім ідэалізаваць сітуацыю ўсё ж не варта, бо здараліся і спробы дыскрымінацыі. Гэтым адзначыўся Другі Статут ВКЛ 1566 года з яго дванаццатым раздзелам — ініцыятывай дробнай шляхты: «Ды не адважацца габрэі хадзіць у дарагіх строях з залатымі ланцугамі, а іх жонкі ў золаце і срэбры. Ды не адважацца габрэі насіць срэбра і золата на шаблях і ножнах… Хай носяць яны жоўтыя капелюшы, а жонкі іх наміткі з жоўтага палатна, каб кожны мог адрозніць хрысціяніна ад габрэя».
Праз два дзесяцігоддзі Трэці Статут ВКЛ 1588 года, праўда, скасаваў большасць зневажальных палажэнняў, а шляхта ўжо не настойвала на тым, каб увасобіць сваю зайздрасць ці глупства ў форме закона.
Моц — у кагале
Пасля Люблінскай уніі і згасання дынастыі Ягелонаў моц каралеўскай і велікакняжацкай улады пачынае саступаць шляхецкай анархіі. Гэта стварала для габрэяў небяспечныя выклікі, таму адначасова ўзмацняецца габрэйская кагальная арганізацыя.
Кагал (са старажытнагабрэйскага «кэгіла» — суполка) — гэта свайго роду ўрад габрэяў пэўнай мясцовасці: складаная арганізацыя, якая ахоплівала сваімі паўнамоцтвамі самыя розныя сферы: рэлігійна-выхаваўчую, адміністрацыйна-фінансавую, судовую, пасрэдніцкую (паміж габрэйствам і знешнімі ўладамі). Сэрцам кагалу была сінагога. Пры ёй месціўся сінагагальны двор — малельня і вучэльня, грамадскія лазні, кагальны дом, прытулак для бяздомных. Неадрыўна ад сінагагальнага комплексу існавалі габрэйскія могілкі.
Тон у кагальным жыцці задавалі габрэйскія багацеі, яны ж бралі на сябе і асноўныя яго фінансавыя выдаткі.
Кагалы розных мясцовасцяў мелі паміж сабой сувязі. А для каардынацыі іх дзеянняў у 1580 годзе быў створаны «Ваад (з іўрыта — камітэт) абласцей», які аб’ядноўваў усе буйныя кагалы Рэчы Паспалітай.
У новых рэаліях, калі вялікі князь або кароль ужо не надта мог абараніць габрэяў ад шляхты, ролю іх абаронцаў узялі на сябе магнаты. Яны аддавалі сваю гаспадарку пад габрэйскі нагляд, а габрэй выступаў пасярэднікам у ланцужку «пан — селянін».
Натуральна, што стаўленне сялян да сваіх наглядчыкаў не заўсёды было станоўчым. З мяшчанствам, якое было канкурэнтам для габрэяў у гандлёвых і фінансавых справах, адносіны таксама складваліся часам напружана, але кароль і магнатэрыя не дазвалялі і тут пераступаць межы.
Агульная колькасць габрэяў да сярэдзіны XVI стагоддзя ў Рэчы Паспалітай дасягнула паўмільёна. Тады гэта была не закрытая каста і не аднародная гаспадарчая група, а буйная частка народа, дзейнасць якой праяўлялася ў розных сферах сацыяльна-эканамічнага жыцця. Але многае змянілася пасля вайны з Масквой 1654—1667 гадоў, пасля якой не засталася ранейшай ні сама Рэч Паспалітая, ні габрэйская грамада ў ёй.
Ад заняпаду да ўздыму
Спачатку ў 1648 годзе на Украіне выбухнула казацкае паўстанне пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага. Надпіс «А ляхам, жыдам і папам-супастатам сім бердышом заграю на іх тоўстых шыях», які «аздабляе» бердыш на адным з партрэтаў Хмяльніцкага — сціслы маніфест, у якім згаданыя тры саслоўі ўвасабляюць сабой незадаволенне казацтва ўласным палітычным, эканамічным і рэлігійным становішчам. Ахвярамі казацкага антысемітызму ў гэты час сталі многія ўкраінскія габрэі, ды і беларускім, асабліва ў паўднёвых абласцях ВКЛ, куды дабіраліся казацкія загоны, моцна дасталася. А праз шэсць гадоў пачалася трынаццацігадовая крывавая вайна з Масквой, вынікі якой сталі катастрафічнымі для ўсёй дзяржавы, беларускае габрэйства тут не склала выключэння. У многіх беларускіх мясцовасцях габрэйскія грамады былі выразаныя ледзь не пагалоўна.

Найлепшыя рабіны падчас той вайны загінулі, габрэйскія навучальныя ўстановы пуставалі пасля яе некалькі гадоў. Не стала былой кансалідацыі, што выклікала ўнутраныя спрэчкі. Па дапамогу ў іх вырашэнні кагальная старшына ўсё часцей звяртаецца да дзяржаўнай улады. Пераадольваючы вынікі вайны, габрэі вымушаныя былі рабіць пазыку за пазыкай, звычайна пад забеспячэнне кагальнай нерухомасцю. Так большая частка кагальнай маёмасці аказалася ў бестэрміновым закладзе.
Але праходзіў час, і жыццё лепшала. У XVIII стагоддзі ў гарадах ВКЛ склаліся больш спрыяльныя ўмовы для заняткаў гандлем і рамёствамі, чым гэта было ў Каралеўстве Польскім. Габрэйскі кагал, плацячы гораду падатак, знаходзіўся тут па-за юрысдыкцыяй гарадскога магістрата. Гэта стымулявала габрэяў з Польшчы і Украіны перасяляцца ў Беларусь і Літву, у выніку чаго іх колькасць імкліва расла.
Менавіта ў апошняе стагоддзе існавання Рэчы Паспалітай склалася сітуацыя, калі ў некаторых беларускіх гарадах габрэйскае насельніцтва стала складаць вельмі значны працэнт, нават да паловы насельніцтва. Так, у Менску ў 1800 годзе з 6 852 жыхароў 3 182 былі габрэямі. А ў многіх мястэчках габрэі сталі нават яўна пераважаць, прытым аж да таго, што да канца XVIII стагоддзя, напрыклад, у такіх мястэчках, як Пружаны ці Сянно, насельніцтва стала габрэйскім амаль на 100%. Такая дэмаграфічная сітуацыя прынцыпова не мянялася аж да Другой сусветнай вайны. Тым больш што яе захаванню надта спрыяла палітыка Расійскай імперыі з яе рысай аселасці для габрэяў і забаронай ім сяліцца на вёсцы ды займацца сельскай гаспадаркай.
Комментарии