Хваля выбараў дэлегатаў на кангрэс дэмакратычных сіл дакацілася нарэшце да Слуцку. Навучаныя папярэднімі падзеямі, удзельнікі сходу праводзілі яго ва ўмовах павышанай кансьпірацыі, амаль як партызаны. Больш за паўтары гадзіны заняло перамяшчэньне ад першапачатковага пункту збору да канчатковага, пакуль арганізатары звазілі людзей «на прыроду», правяраючы наяўнасьць хваста.
Не абышлося без кур’ёзнага выпадку. Першая група людзей пасьля невялічкага блуканьня нарэшце знайшла месца збору. Там ужо былі падрыхтаваны стол і лавы. Неўзабаве зьявілася яшчэ адна легкавушка, але кіроўца, мусіць, не заўважыў месца збору (яно знаходзілася ў высокай траве, амаль у чалавечы рост), пачаў разварочвацца. Каб паказаць месца збору, да машыны пабег хлопец, махаючы рукамі, каб прыцягнуць увагу. А ў гэты час непадалёку ў кустах сядзеў вартавы, перад якім паўстала такая карціна: ад месца збору ад’яжджае машына, а за ёй нехта гоніцца, размахваючы рукамі. Вартавы адразу па мабільніку зьвязаўся з гасьцямі, якія ўжо былі на падыходзе: ня едзьце, тут засада. У хуткім часе разабраліся.
У чаканьні сходу людзі размаўлялі, абмяркоўвалі сваё жыцьцё, прыгадвалі падзеі гераічнай мінуўшчыны Случчыны ад Слуцкага збройнага чыну да спаленьня суду за савецкім часам. Людзі, абмяркоўваючы палітычнае становішча, чакаючы пачатку, стараліся размаўляць менавіта па-беларуску, нават калі ў штодзённым жыцьці беларускім словам не карысталіся. Таму трохі прыкра, што сход вёўся па-расейску. Разнастайнасьць у павальную русіфікацыю ўнесьлі выступы Лябедзькі ды Вячоркі, якія свае прамовы прачыталі на цудоўнай беларускай мове. Прычым першы выступаў Лябедзька.
Ня ўсе, хто прысутнічаў, наважыліся зарэгістравацца. У душах людзей пануе страх. З сумам успаміналіся часы, калі БНФ у Слуцку налічваў больш за 100 чалавек. У галасаваньні ўзяло ўдзел 47 чалавек.
Выбралі прадстаўнікоў на кангрэс: адзін ад КХП-БНФ, другі — прадпрымальнік зь вельмі актыўнай жыцьцёвай пазіцыяй. Але, як заўважыу адзін з удзельнікаў сходу, «адна справа прыйсьці на сход, а зусім іншая — хадзіць па кватэрах і зьбіраць подпісы за адзінага ды весьці агітацыю».
Цяпер чытаюць
Пагражаў вайскоўцам раскрыць, хто з іх гомасэксуал, каб выпытаць сакрэты і прадаць Украіне. Вось за што адыёзны функцыянер БРСМ атрымаў 17 гадоў калоніі
Каментары