Упершыню ў Беларусі прааўтарытарныя палітычныя сілы выкарысталі жанр пэрформансу ў якасьці палітычнай зброі, а мы іх яшчэ крытыкуем.
Як вядома, некалькі дзён перад польскім пасольствам сябры БРСМ пілавалі бервяно. Лесапілка патрыётаў мела свой канцэптуальны наратыў. Дрэва, на якім было напісана «Дружба», сымбалізавала шматгадовую беларуска-польскую «пшыязьнь», а нажоўка са стылізаваным польскім флягам — антыбеларускія забабоны польскай дыпляматыі.
Акцыя БРСМ не набыла ў грамадзкасьці належнага рэзанансу. Па-першае, адразу было відавочна, што на Анжаліку Борыс перапіленая дзеравяка не зрабіла ніякага эфэкту. Анжаліка не пабегла ў Мін’юст кленчыць: «Прабачце. Я пабачыла, як сябры БРСМ пілуюць бервяно, і меня проста пераклінавала. Якой я была дурніцай! Натуральна, я не павінна руліць Саюзам палякаў».
Па-другое, паглядзеўшы на паводзіны ўдзельнікаў акцыі, прэса дружна зараўла: «Ня веру!» Пільшчыкі, на яе думку, проста выконвалі разнарадку. Ні драйву, ні экспрэсіі, ні глыбокай абуранасьці дзеяньнямі польскага боку ў іхных «жык-жык» не назіралася.
Аднак паглядзім на справу зь іншага пойнту. А ці не праспалі мы падзею гістарычнага маштабу: упершыню ў Беларусі прааўтарытарныя палітычныя сілы выкарысталі жанр пэрформансу ў якасьці палітычнай зброі, а мы іх яшчэ крытыкуем.
Пэрформанс, нагадаем, — жанр канцэптуальнага мастацтва постмадэрнізму. Яго сутнасьць — дэманстрацыя сацыяльна-псыхалягічных фэномэнаў і стану сьвядомасьці празь нейкія дзеяньні актораў-пэрформэраў. Нядзіўна, што першымі апосталамі пэрформансу былі аздобленыя рызомай андэрграўндшчыкі 1960—1970-х. Таксама нядзіўна, што ў Беларусі доўгі час адзінымі папулярызатарамі пэрформансу былі Алесь Пушкін плюс інтравэрты з «Бум-бам-літу». Але цяпер іх манаполіі капец. У пэрформэры падаліся бээрэсэмаўцы.
Натуральна, іх першы экспромт аказаўся комам («першы блін сабаку», як казалі даўней), аднак БРСМ ня варта ўпадаць у дэпрэсію. Трэба проста зразумець, што соль пэрформансу — перажываньне сацыяльнага як фізіялягічнага. Па сутнасьці, пэрформанс — гэта спроба ўцячы з-пад рацыянальнага, выклікаць на паверхню магму глыбінных пластоў падсьвядомасьці. Таму калі БРСМ жадае, каб яго будучыя пэрформансы сапраўды не былі мерапрыемствам «для птушачкі», трэба мэтадычна вызваляць «Яно».
Напрыклад, досьвед вядомага на ўвесь сьвет пэрформэра Алега Куліка. Вось як ён рыхтаваўся да сваёй славутай акцыі «Чалавек-сабака», калі пакусаў наведвальнікаў фэшэнэбэльнага вэрнісажу ў Амстэрдаме: «Зьняў усё адзеньне. Сеў. Трэба ўвайсьці ў вобраз — самы цяжкі момант. Таму што пакуль ты ведаеш, што ты яшчэ чалавек. Сацыяльны сорам. І я пачынаю проста выць: у-у-у-у-у-у-у-у-у».
Вось як трэба было рыхтавацца да пікетаў польскага пасольства, Паўлікі Карчагіны з Маркса, 40. Тады піяр-эфэкт ад акцыі БРСМ быў бы куды большы. Ну хіба польскія дыпляматы не афігелі б, калі б нейкая шышка з лукамолу лягла перад пасольствам у труну (як гэта любіць Вішнёў) або пачала бляваць на іх «Армані» (каронны трук Сіна). Гэта і ёсьць пэрформанс!
Каментары