Зьнешні бок імпрэзы — справа другая. Галоўнае — вынік, мяркуюць у аргкамітэце Кангрэсу дэмакратычных сілаў.
Арганізатары Кангрэсу не абяцаюць палітычнай фэерыі ў стылі амэрыканскіх перадвыбарных кампаній. 1—2 кастрычніка ў Палацы культуры МАЗу (Партызанскі пр-т, 117а, станцыя мэтро «Аўтазаводзкая») будзе адбывацца ня шоў, а напружаная праца па вылучэньні адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Рэгістрацыя дэлегатаў пачнецца а 10-й, першае працоўнае пасяджэньне — а 14-й.
З прывітальным словам выступіць старшыня аргкамітэту Кангрэсу Аляксандар Бухвостаў. Весьці Кангрэс даручаць старшыню на чале адмыслова абранага прэзыдыюму. Ладную частку першага дня зоймуць выступы гасьцей i дэлегатаў. Удзельнікам Кангрэсу будуць таксама прадэманстраваны відэапрывітаньні ад П. Севярынца і М. Статкевіча.
Прэзэнтацыя кандыдатаў, іх выступы і адказы на пытаньні адбудуцца, хутчэй за ўсё, на другі дзень — каб адразу перайсьці да галасаваньня. Яно будзе праходзіць у адзін ці два туры па прынцыпе «адзін дэлегат — адзін голас». Каб перамагчы, трэ будзе набраць больш за 50% галасоў прысутных дэлегатаў. Пасьля таго як адзіны кандыдат будзе вызначаны, Кангрэс прыме палітычную плятформу аб’яднаных дэмакратычных сілаў у кампаніі-2006, зварот да беларускага народу і шэраг іншых рэзалюцый, у тым ліку пра нелегітымнасьць удзелу Лукашэнкі ў выбарах, падрыхтаваную акадэмікам Вайтовічам. Магчыма, Кангрэс будзе заканчвацца канцэртам, але гэта яшчэ дакладна не вядома — перамовы зь Менгарвыканкамам працягваюцца.
Калі Кангрэс зь нейкіх прычынаў не адбудзецца, яго правядуць праз два тыдні ў Кіеве. Аргкамітэт запатрабаваў ад уладаў правесьці перад Кангрэсам грунтоўную праверку Палацу культуры на наяўнасьць выбухоўкі. Акрамя міліцыянтаў, ахоўваць удзельнікаў Кангрэсу будуць 50 актывістаў-добраахвотнікаў з шэрагаў партый.
Ужо ў пятніцу а 16-й на ўправе Партыі БНФ пройдзе прэс-канфэрэнцыя для замежных журналістаў. Улічваючы пляны ўраду зрабіць 1 кастрычніка працоўным днём, праграма першага дня Кангрэсу будзе аблегчанай.
Айчынным тэлеканалам накіраваная прапанова выдзеліць этэрны час для інфармаваньня гледачоў пра ход Кангрэсу. Калі яны пойдуць насустрач, то атрымаюць дазвол накіраваць свае здымачныя групы ў залю Палацу культуры МАЗу. Кіраўніцтва тэлебачаньня з адказам пакуль не сьпяшаецца.
Аргкамітэт не плянуе актыўна выкарыстоўваць нацыянальную сымболіку ў аздабленьні залі, але ў сымбалі Кангрэсу — выяве чырвонага дрэва пад белым небам — праглядаюць знаёмыя колеры.
Каментары