28 верасьня «НВ» атрымала лісты з саюздрукаў і друкарні «Чырвоная зорка»: адзінай штодзённай незалежнай газэце краіны адмаўляюць у друку й распаўсюдзе з 1 кастрычніка.
Паводле словаў намесьніцы рэдактара «НВ» Сьвятланы Калінкінай, лісты з «Саюздрукаў» напісаныя нібы пад капірку: «З намі разарвалі дамовы ў «сувязі з публікацыяй у СМІ матэрыялаў, якія супярэчаць заканадаўству».
Друкарня ў адмове спаслалася на запазычанасьць: «НВ» не сплаціла за друк 2 млн руб. Калінкіна лічыць гэтую падставу несур’ёзнай: «Было такое, што мы разьлічваліся з друкарняй адразу за цэлы месяц. Але тут узьнікла праблема, бо ў нас гэтымі днямі заблякавалі рахунак».
27 верасьня газэта зьвярнулася да грамадзкасьці з просьбай дапамагчы сплаціць 100 мільёнаў рублёў кампэнсацыі лідэру Лібэральна-дэмакратычнай партыі С.Гайдукевічу ў адпаведнасьці з рашэньнем суду. У адваротным выпадку газэта можа спыніць выхад. Яе маёмасьць апісаная, арыштаваная папера. Банкаўскі рахунак «НарВолі» заблякаваны. У мінулы раз, калі над газэтай навіс штраф па справе Рыбакова, яе выручылі расейскія бізнэсоўцы беларускага паходжаньня. Але тады сума была ўдвая меншая.
Паводле ацэнак праваабаронцаў, аргумэнты С.Гайдукевіча ў судзе не былі пераканаўчымі, а сума штрафу неадэкватная. Тым ня менш, абскардзіць рашэньне не ўдалося.
У выданьня ёсьць магчымасьць выйсьці ў чацьвер і пятніцу, 29 і 30 верасьня. Як сытуацыя будзе разьвівацца далей, невядома.
Улады могуць абысьціся з «Народнай воляй» па варыянце «БДГ» і па варыянце «Товарища». Першым адрэзалі ўсе варыянты распаўсюду. Другім дазволілі захаваць падпіску. Цяжка сказаць, што менш пакутліва.
Як жа ўлады збаяліся згуртаваньня апазыцыі, калі ў дзень Кангрэсу руйнуюць апошні бастыён свабоды слова ў краіне.
Каментары