Літаратура77

Праханаў, Лісіцкая і «Гедройц» — трэці дзень Кніжнага кірмаша

На другім паверсе «Белэкспа» ідзе лекцыя аб правах дзяцей. На першым гэта вельмі добра чутно: часам словы лектара далятаюць уніз. Прамаўляе аб праблемах «так званай» ювенальнай юстыцыі. І са словамі «вось як з ёй змагаюцца ў Расіі» гучна ставіць песню, якую слухае адразу палова кірмаша. Прыпеў: «И реет хищною птицею ювенальная юстиция».

Праханаў і настальгія

Пад гэты псіхадэлічны акампанемент, што даносіцца аднекуль зверху, на стэндзе Расіі пачынаецца установачнае мерапрыемства выставы — сустрэча з чытачамі Аляксандра Праханава, галоўнага аматара цяперашняй беларускай улады сярод расійскіх пісьменнікаў, які «закукарэкаў» у прамым сэнсе слова Мікалая Халезіна ў эфіры НТВ.

Праханаў выбраў сабе вобраз мудрага старога. Ён спакойна, неяк стомлена прамаўляе ў мікрафон, які ледзь чутно — на выступ Праханава сабралася болей за сто чалавек, і слабенькае гукаўзмацненне не можа перамагчы гукі кірмаша. У асноўным прыйшлі пенсіянеры, некаторыя з кветкамі. Некаторыя здымаюць Праханава на мабільны тэлефон: на памяць.

Бабулька таго тыпу, які не сустрэнеш на кніжных выставах — у яшчэ савецкім чырвоным паліто і ў касынцы — праціснулася паміж калонай і калонкай: толькі тут хоць нешта можна пачуць.

«У савецкі час, якім бы галодным ён ні быў, у цэнтры ідэалогіі быў герой і творца. — кажа Праханаў. — А пасля ўсё перакулілася, і на месца героя прыйшоў купец, якога цікавіць толькі нажыва, толькі грошы, толькі як спаіць людзей і нешта прадаць».

Гэтая рыторыка паказвае асноўную лінію сустрэчы з чытачамі: «Раней людзі запускалі ракеты і бараздзілі палярныя льды, а цяпер навокал суцэльны шоў-бізнэс». За паўтары гадзіны нічога не мяняецца.

«Раней, за савецкім часам я пісаў пра магчымасць рускага рая, а цяпер пішу рускае пекла, — горка ўздыхае Праханаў тым тонам, якім камсамольцы на сходах «спачувалі» таварышам, якія «аступіліся».

Аднак цяпер, па славах Праханава, Расія пакрысе адраджаецца. «Я ездзіў да кадэтаў у карпусы, бачыў, як ім выкладаюць літаратуру найлепшыя прафесары яшчэ савецкага часу, як яны ходзяць у царкву, і я дакладна бачыў будучых нобелеўскіх лаўрэатаў».

Любоў да царквы спалучаецца ў Праханава з любоўю да Сталіна, які паставіў на ногі «рускую нацыю», а «нелюдзі ў 91-м годзе імкнуліся яе разбурыць». Паводле Праханава, разбурыць да канца не ўдалося.

Не абышлося без узгадкі «Бацькі, Аляксандра Лукашэнкі, якога я лічу эталонам палітыка».

Збор твораў Праханава выйшаў у 15 тамах, цяпер дадалося яшчэ дзесяць — прысутныя на прэзентацыі кажуць, што прачыталі ўсё. Верыцца.

Тамара Лісіцкая і яе чытачы

«Нешта Праханава зусім не чутно, а я хацела паслухаць, — кажа супрацоўніца расійскага стэнда. — Увогуле, выстава для нас няўдалая, людзі амаль нічога не купляюць, наўрад ці мы да вас яшчэ прыедзем».

З гэтымі словамі яна паварочваецца да вялікага стэнда «Кнігі Беларусі», дзе цяпер прэзентуецца Тамара Лісіцкая. Былая дыджэйка «Альфа-радыё» стала галоўным жаночым пісьменнікам краіны. Яе кнігі разыходзяцца як гарачыя піражкі, а гледачоў яна збірае амаль як Праханаў.

Стылістычна кнігі Лісіцкай слабыя, аднак чытачы нешта ў іх знаходзяць. Цяпер яна напісала кнігу «Пацалунак бусла» пра тое, як цікава ляжаць у радзільні.

Разам з Лісіцкай натоўп прыхільнікаў перамяшчаецца да стэнда выдавецтва «Рэгістр», аформленага пад палату радзільні — нават супрацоўнікі выдавецтва апрануліся санітарамі. Лісіцкая паказвае на маніторы кадры УЗІ і прапануе здагадацца, што гэта такое. На маніторы вялікая налепка «УЗІ».

Па Лісіцкай бачна, што яна былая дыджэй — калі яна пачынае размаўляць, то падаецца, што гэта дыджэйская размова «ні пра што» на камерцыйным радыё. З кнігамі тое самае. Яна ўсміхаецца і запрашае да мікрафона выкладчыка «Тата-школы» і расказвае, як здорава мець дзяцей і якія каларытныя персанажы ляжаць у радзільні. Кнігу актыўна купляюць і падпісваюць.

Глобус і Рублеўская — працяг Гедройца

На стэндзе амбасады Польшчы працягваецца прэзентацыя кніг з лонг-ліста прэміі Гедройца: сёння выступаюць Адам Глобус са зборнікам «Сказы» і Людміла Рублеўская з прыгодніцкім раманам «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега».

Першы з трох дзён, калі літаратурныя прэзентацыі падобны на звычайныя — сёння няма «адменаў», як з Някляевым ці Пашкевічам.

Адам Глобус тлумачыць, чаму ён крыўдзіць людзей.

«Яшчэ Янка Купала казаў, што беларусы нясуць сваю крыўду. Я падумаў, што людзі любяць, калі іх крыўдзяць. Я ніколі нікога не абражаю». — кажа Глобус.

«Сказы» — гэта, калі можна сказаць, зборнік зборнікаў — у яго трапілі тэксты для «Навінаў.бай», блогавыя і газетныя тэксты, а таксама апавяданні, напісаныя для часопіса «Бярозка».

Паглядзець на Глобуса сабраліся 30 чалавек — болей, чым на астатніх лонг-лістараў.

«Я не люблю жанра „фіга ў кішэні“, — кажа Глобус пасля таго, як Андрэй Хадановіч зачытвае ягоную казку „Чарнавокі хлопчык“ пра выбух 3 ліпеня 2008 года. — Я адкрыта трымаю гэтую фігу, узняўшы яе ўверх».

Глобус лічыць свае дробныя тэксты цаглінамі, з якіх пасля будуюцца кнігі. Ягоны ідэальны чытач — «школьнік, які трымае кнігу пад сталом». Узгадвае пра жанчыну, якая калісьці хацела адвезці яго ў Маскву і зрабіць «сталічнай штучкай», але ёй не ўдалося. І прапануе ўсталяваць на вуліцы Кірава шыльду ў гонар вялікай расейскай перакладчыцы Веры Маркавай, якую паважаў японскі імператар.

На прэзентацыю Людмілы Рублеўскай застаецца чалавек дзесяць — пісьменніца толькі што вярнулася з украінскага стэнда, дзе трохі сарвала голас. Тым не менш, яна ахвотна расказвае пра раман «Авантуры Пранціша Вырвіча», які, па ўласных словах, пісала для задавальнення, каб адпачыць пасля папярэдніх цяжкіх кніг.

«У мяне пытаюцца, адкуль у ХVIII стагоддзі ўзяўся паравы танк, але ж гэта выдумка, чаму б і не? Няўжо Радзівілы не маглі замовіць сабе нешта гэтакае», — усміхаецца Рублеўская.

«Пранціш Вырвіч» насамрэч успрымаецца як альтэрнатыва Аляксандру Дзюма — поўны прыгодаў раман дя падлеткаў, які, што важна, і на дарослых робіць уражанне — ад яго, па словах Хадановіча, у захапленне прыйшоў філосаф Валянцін Акудовіч.

Людміла Рублеўская кажа, што ў «Вырвіча» будзе працяг і што для яе нечакана, што на прэмію Гедройца абралі менавіта яго, раман «лёгкі». «Аднак Пранціша я люблю не меней, чым іншыя кнігі, — кажа спадарыня Рублеўская. — Хай будзе ён».

Каментары7

Цяпер чытаюць

«Не было ні гудзення, ні выбухаў». Сур’ёзныя нестыкоўкі ў версіі РФ пра атаку на рэзідэнцыю Пуціна3

«Не было ні гудзення, ні выбухаў». Сур’ёзныя нестыкоўкі ў версіі РФ пра атаку на рэзідэнцыю Пуціна

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, якая навагодняя цацка стала сёлетнім лідарам продажаў у Беларусі

У баранавіцкай дзяўчыны скралі віртуальнае сэрцайка ў тэлеграме. Яна пайшла ў міліцыю4

«Аватар» у Мінску на Новы год усё ж пакажуць

Нацбанк выпусціць манету «Бацька»4

Першага сакратара пасольства Беларусі ў ЗША пасадзілі за палітыку2

Марыя Калеснікава і Павел Латушка прыехалі ў Вільню на запіс навагодняга звароту ФОТА33

У Мінску прадалі паўпакоя ў трохпакаёўцы і амаль 11 «квадратаў» у камуналцы. Што за здзелкі?2

Гістарычны будынак прадаюць за 42 рублі ва Ушацкім раёне1

Гулец «Нафтана» Ямуса Камара патрапіў у сур’ёзнае ДТЗ, яго стан крытычны2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Не было ні гудзення, ні выбухаў». Сур’ёзныя нестыкоўкі ў версіі РФ пра атаку на рэзідэнцыю Пуціна3

«Не было ні гудзення, ні выбухаў». Сур’ёзныя нестыкоўкі ў версіі РФ пра атаку на рэзідэнцыю Пуціна

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць