Грамадства11

Лабковіч: «Адкрываецца кармушка камеры, канвойны кліча мяне і кажа: «Твайму Бяляцкаму далі Нобелеўскую прэмію»

Праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч больш за чатыры гады правёў у зняволенні. Ён прайшоў праз катаванні холадам і месяцы ў адзіночцы, але не страціў веру ў правы чалавека. У інтэрв’ю Deutsche Welle ён расказаў, як следчы ганарыўся Нобелеўскай прэміяй Алеся Бяляцкага, у якім стане вызваленых вывозілі ва Украіну, і што дае сілы працягваць праваабарону.

Уладзь Лабковіч 18 снежня 2025 года. Фота: LookByMedia

— Уладзь, ці было ў зняволенні да вас асаблівае стаўленне, бо вы праваабаронца?

Калі мяне прывезлі ў калонію ў Шклове, супрацоўнікі адразу заявілі, маўляў, калі «Вясна» хоча зрабіць з цябе сакральную ахвяру, мы ўсяляк будзем гэтаму спрыяць, будзеш у нас на асаблівым абслугоўванні. Начальнік казаў: буду адпрацоўваць Нобелеўскую прэмію Бяляцкага. І першы год я вельмі часта трапляў у штрафны ізалятар, дзе былі цяжкія ўмовы — месяцы ўтрымання ў адзіночцы, катаванні холадам. У сваім атрадзе я стаў чэмпіёнам па часе, праведзеным у ШІЗА. Агулам за ўвесь час зняволення я правеў там 150 дзён.

— Як вы даведаліся пра тое, што вашаму калегу Алесю Бяляцкаму далі Нобелеўскую прэмію?

— У той час мы з вясноўцамі знаходзіліся ў СІЗА на Валадарскага. Аднойчы адкрываецца кармушка камеры, канвойны кліча мяне па прозвішчы і кажа: «Я бачыў у навінах, што твайму Бяляцкаму далі Нобелеўскую прэмію». Я падумаў, што гэта нейкая лухта, адмовіўся верыць. Але супрацоўнік настойваў: «Усе пра гэта пішуць». Я, канешне, падзякаваў за інфармацыю.

Праз гадзіну мяне выклікалі на азнаямленне са справай, і там ужо следчы пацвердзіў тое самае. Ён быў проста агаломшаны гэтай навіной, паўтараў, што будзе з гонарам усім расказваць, што дапытваў самога нобелеўскага лаўрэата, хаця да гэтага ён на следстве трымаўся максімальна спакойна і не праяўляў эмоцый. Думаю, у яго паднялася самаацэнка, магчыма, гэта была самая яркая падзея ў ягоным жыцці.

— Якое выпрабаванне за чатыры гады зняволення было найбольш цяжкім для вас?

— Я б выдзеліў тры найбольш балючыя моманты. Мяне затрымалі разам з жонкай, і першыя дзесяць дзён яна таксама знаходзілася на Акрэсціна. Гэта было жахліва, я вельмі баяўся, што могуць забраць нашых траіх дзяцей, тым больш мне пра гэта ўвесь час казалі, маўляў, ім жа няма з кім цяпер застацца.

Другі момант — навіна пра смерць праваабаронцы Алега Гулака, вельмі важнага для мяне чалавека — настаўніка, сябра.

І трэці — бясконцае знаходжанне ў штрафным ізалятары. У Шклове я сутыкнуўся з такім свавольствам супрацоўнікаў, што, калі яны захочуць, ты наогул не выйдзеш з ШІЗА.

— У гэтай калоніі, яшчэ да вашага затрымання, памёр палітвязень Ашурак. Няўжо гэта ніяк не паўплывала на супрацоўнікаў, не напалохала іх?

— Мяне шакавала, што смерць Вітольда Ашурка аніяк не спыніла іх. Яны і далей ходзяць па тонкім лёдзе: ствараюць для палітычных зняволеных умовы, якія наўпрост пагражаюць іх жыццю. Усе праблемы са здароўем у мяне адбыліся менавіта там. І начальства адкрыта кажа, што ім пляваць на зняволеных, на тое, будуць яны жыць ці не, — я і сам гэта неаднаразова чуў.

— Як вы зразумелі, што вас вызваляюць?

— Надзея з’явілася ноччу напярэдадні вызвалення. Маіх сукамернікаў кудысьці забралі, я лёг спаць, як раптам зайшлі супрацоўнікі і загадалі выходзіць з рэчамі. У падвале, дзе звычайна праводзяць вобшук, мне прапанавалі распісацца за грошы, якія знаходзіліся на маім рахунку, а я ведаю, што іх выдаюць, толькі калі выходзіш на волю.

Да раніцы мяне пакінулі ў размеркавальнай камеры. Пасля надзелі на галаву балаклаву, каб я нічога не бачыў, нацягнулі на рукі кайданкі, пасадзілі ў легкавік і кудысьці павезлі. На ўсе мае пытанні, што адбываецца і куды мяне вязуць, ніхто не адказваў.

— Якая атмасфера была ў аўтобусе, які вёз вызваленых ва Украіну ?

— Спачатку ўсіх пагрузілі ў беларускія аўтобусы, якія везлі нас да мяжы. Там сілавікі заматалі нам рукі і вочы скотчам, каб мы нічога не бачылі і не маглі рухацца. Адзін з іх супакойваў, што хутка нам акажуць медыцынскую дапамогу і пакормяць. Другі ўвесь час бегаў і роў, што калі нехта будзе варушыцца, будзе прыменена фізічная сіла. Так мы і ехалі.

Потым у аўтобус зайшлі людзі без апазнавальных знакаў, якія пачалі здымаць нас на мабільныя тэлефоны, і мы не ведалі, хто гэта. А пасля зайшлі супрацоўнікі з украінскімі сцягамі на адзенні, зачыталі прозвішчы тых, хто быў у аўтобусе. Так я даведаўся, што са мной ехалі Бабарыка і Севярынец. Далей нам ужо дазволілі выйсці. І першы, каго я змог абняць, быў Павел Севярынец, мы даўно знаёмыя і, канешне, былі шчаслівыя ўбачыць адзін аднаго.

— Мы бачылі кароткае відэа з Украіны, дзе Марыя Калеснікава і Максім Знак спяваюць «Тры чарапахі». Гэта была нейкая вечарына?

— Так, у адзін з вечароў Маша і Макс вырашылі трошкі парадаваць былых зняволеных, бо ўсе былі ў вельмі падаўленым стане. У той установе, дзе мы жылі, у сталоўцы было піяніна. Спачатку думалі выканаць «Развітанне з Радзімай» Агінскага, але вырашылі, што гэта будзе занадта сумна, таму ў выніку спявалі NRM. Гэта я запісаў тое самае відэа. Выйшла вельмі бадзёра і абнадзейліва, і гэта песня стала своеасаблівым гімнам нашага падарожжа на свабоду.

— На першай прэс-канферэнцыі вы вельмі выразна выказалі сваю пазіцыю па Украіне. Як вы даведаліся пра пачатак вайны?

— У лютым 2022 года я быў яшчэ ў СІЗА на Валадарцы і даведаўся пра гэта з навін па дзяржТБ. За некалькі дзён да таго былі сігналы, што Пуцін здзейсніць напад, таму памятаю сваё трывожнае адчуванне, што гэты жах набліжаецца. На Валадарцы было прасцей — была інфармацыя ад адвакатаў і следчых, якія расказвалі, што адбываецца на фронце. У калоніі навіны былі па расійскім ТБ, але і так можна было зразумець парадак дня.

Ужо ў 2025 годзе, калі ў мяне пачаўся турэмны рэжым, мяне адрэзалі ад інфармацыі. Але па Украіне для мяне ад пачатку была зразумелая сітуацыя — і з маральнага, і з прававога пункту гледжання. Мне нават няёмка гэта прагаворваць і тлумачыць: Расія ажыццявіла агрэсію, праўда на баку Украіны, якая бароніць сваю зямлю.

Мне і да 2022 года было зразумела, чый Крым. Я не палітык і магу сабе дазволіць заяўляць гэта прама. І я жадаю, каб вайна як мага хутчэй скончылася. Няма нічога важнейшага за жыццё і за дзяцей, і на фоне таго, што я перажыў за апошнія чатыры гады, гэта асабліва востра адчуваецца.

— Мяне ўразіла, што першым, каму вы пазванілі з волі, была не жонка, а Бяляцкі. І ён сказаў вам, маўляў, чатыры гады адпачылі, трэба вяртацца да працы. Што дае вам сілы працягваць праваабарону пасля ўсяго перажытага?

— Я лічу, што наш маральны абавязак — працягваць працу. Мне надзвычай сорамна, што я на волі, а шмат добрых людзей, сярод якіх мае калегі Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова, Наста Лойка, працягваюць быць за кратамі. Трэба зрабіць усё магчымае, каб усе палітвязні выйшлі, і каб не было новых.

Памятаю, на Валадарцы Бяляцкі нас падбадзёрваў: «Хлопцы, трымайцеся! Нават тут, у турме, мы працягваем сваю працу». Я бязмежна паважаю Алеся, мне было важна пачуць яго голас і натхніцца.

Каментары1

  • Праўда
    30.12.2025
    Уладзь - Гонар Нацыі!

Цяпер чытаюць

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год18

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Усе навіны →
Усе навіны

Як звычайная ветлівасць выратавала жыццё мінчуку5

У Мінску з'явілася піца з пельменямі2

«Байсол» адкрыў тэрміновы збор на дапамогу ўкраінцам, вызваленым з беларускіх турмаў у лістападзе7

«Вынес апраўдальны прысуд — можаш перастаць быць суддзёй». Адвакат патлумачыў, чаму ў Беларусі так дрэнна з правасуддзем4

Аун Сан Су Чжы ўжо два гады не бачылася са сваімі адвакатамі. Невядома, ці жывая яна

Былая каманда Ціханоўскага перазапусціла сваё шоу на новым канале22

Трамп заявіў, што мірнае пагадненне па Украіне зацягвае Зяленскі, а не Пуцін11

Іран закрыў сваю паветраную прастору

На ўнікальны задыякальны коўш прэтэндавалі і літоўцы, і расіяне. А ён аказаўся з беларускага Слаўгарада17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год18

«Засяроджуся на працы з ЗША». Ціханоўскі расказаў пра свае палітычныя планы на 2026 год

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць