Літаратура7171

Прэмію Гедройца здабыў Уладзімір Някляеў

«Наша Ніва» вядзе анлайн-рэпартаж з цырымоніі ўручэння літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца.

19.57

«Зараз спачатку грошы жонцы аддам», — пачынае з жарта Някляеў.

А пасля чытае свой верш «Апошні паэт».

«Яму плакалі ўслед берасцейскія вербы,

Белая Вежа нема глядзела ўслед,

А ён смяяўся ў будучыню, дзе ніхто не ведаў,

Што ён апошні беларускі паэт».

Някляеў прызнаўся, што сапраўды вельмі баяўся, што можа застацца апошнім беларускім паэтам. «Таму на кожны тэкст гляджу з надзеяй, што з гэтай старонкі ў свеце абудзіцца цікавасць да ўсяго беларускага», — кажа ён. І кажа, што верыць у тое, што часы зменіцца. «Тое, што робіць Бог, — гэта тое, што робім мы самі», — кажа Някляеў.

19.56

Леташні лаўрэат, празаік Павал Касцюкевіч і пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка ганаруюць пераможцу. «Я раскажу, як я правёў сённяшні дзень», — здалёк пачаў Павал Касцюкевіч… Расказвае, як узяў з сабой скалку, нёс скалку... З залы і Марыя Мартысевіч крычаць: не скалку, а качалку!.. Што за дзень моўных памылак такі?! А вынік чаканы: перамог Уладзімір Някляеў і ягоны раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без». Някляеў атрымае 10 тысяч еўра ад банка, а ягоная кніга выйдзе ў польскім перакладзе.

19.51

Барыс Пятровіч, старшыня Саюза пісьменнікаў, абвяшчае другую прэмію. «Прэмія паспяхова выконвае свае задачы, у тым ліку галоўную — ажыўленння літаратурнага жыцця ў Беларусі, — кажа Пятровіч. — Пра гэта сведчыць тое, які рэзананс выклікалі ўсе рашэнні журы». Ён выказвае спадзеў, што кнігі лаўрэатаў будуць добра разыходзіцца ў Польшчы і дзякуе амб. Шарэпку і «Ідэябанку»… А другая прэмія — паездка ў творчы адпачынак на востраў Готланд (Швецыя), уфундаваная Швецыяй, — Альгерд Бахарэвіч за кнігу «Гамбургскі рахунак Бахарэвіча». Летась Бахарэвіч таксама быў другім.

19.46

І вось нарэшце — першы хвалюючы момант. Трэцяя прэмія. Слова маюць Уладзімір Арлоў і Ян Дамброўскі. «Паколькі для аднаго з нашых фіналістаў хутка пачынаецца каменданцкая гадзіна, мы мусім быць лаканічнымі», — пачынае Арлоў, і зала ўздыхае. «Хтосьці яго любіць, хтосьці не любіць…». Трэцяя прэмія — Адам Глобус за кнігу «Сказы». Калегіум Усходняй Еўропы запрашае пана Глобуса ў паездку ва Уроцлаў. Глобус сціпла дзякуе ўсім сабраным.

19.46

Станкевіч на цырымонію не з’явіўся. Перадаў, што хварэе. Акудовіч пажадаў яму выздаравець.

19.45

Наступная — Людміла Рублеўская. «Аглядальніца вядомай газеты, — Кісліцына робіць шматзначную паўзу і зала пырскае здаровым смехам. — Муза свайго мужа».

19.40

Пасля кароткага ўручэння Бахарэвічу — чарга Някляева. Тут Акудовіч гаворыць доўга. «Яго аднолькава любяць Бог і д’ябал», — каж Акудовіч. Расказвае пакручастую біяграфію. «Някляеў-празаік не раўня Някляеву-паэту, гэта і каню бачна. Але бачна таксама, што Някляеў мае і свайго чытача», — заявіў Акудовіч пад смяшкі залы. Някляеў аддае кветкі жонцы.

19.35

Чарга Адама Глобуса. Акудовіч прыгадвае легенду пра Талстога, які адмовіўся прыняць першую Нобелеўскую прэмію, сказаўшы: «Я сам каму хочаш магу ўручыць прэмію». Акудовіч гумарыстычна расказаў пра Глобуса, пра ягоную прэмію «Залатая літара» памерам 111 еўра і пра ягоную «літаратурную імперыю», дзе «адзін імператар». Пры гэтым Акудовіч двойчы памыліўся ў націску ў слове «прЫхамаць». Упарта казаў «ПрыхамАці».

19.30

Пачынаецца сама цырымонія ўзнагароджвання. Хадановіч запрасіў на сцэну крытыка Кісліцыну і філосафа Акудовіча. Першы па алфавіце дыплом — Сяргею Балахонаву.

19.25

Чарга чытаць урывак з Някляева.

«Хай ён сам пачытае!», — прапанавалі з залы. «Хай ён сам пачытае?» — падхапіла Хітрык. «Не, ужо адрабляйце свае грошы», — адмовіўся Някляеў.

Някляева чытаюць апошнім. Гэта знак, што ён здабудзе прэмію?

19.10

У перапынках паміж чыткай іграе жывы джаз.

19.00

Каля 200 чалавек сабраліся на цырымонію. Усе месцы ў зале запоўненыя. Людзі абляпілі таксама сцены. Публіку складае пераважна моладзь — пароўну дзяўчаты й хлопцы.

Па традыцыі, на пачатку адбываецца чытанне фрагментаў твораў. Чытаюць акцёры Купалаўскага тэатра Ганна Хітрык і Павал Харланчук. Не заўжды добра чытаюць, блытаюць націскі ў рэдкіх словах. Такіх, як жамяра, напрыклад. Старабеларускую мову Балахонава яны дарма чыталі з рускім акцэнтам, імхо. Вымаўляліся ж словы тады, як і цяпер. Але чытаюць з душой, з любоўю.

18.45

Цырымонію адкрывае паэт і сябар журы Андрэй Хадановіч. Ён сёння вядоўца, як і летась. Ён канстатуе, што ў зале прысутнічаюць пяць з шасці намінантаў. І перадае слова паслу Полшчы Лешаку Шарэпку.

Пасол выказвае спадзяванне, што з часам да падтрымкі прэміі далучацца беларускія ўлады, чым выклікае вясёлы смех у зале.

* * *

Год назад цырымонія ганаравання адбывалася ў змрочнай, халоднай зале Палаца Мастацтваў. І сама атмасфера была напружанай: напярэдадні пасла Польшчы Лешака Шарэпку папрасілі пакінуць краіну. Разам з ім выехалі паслы іншых краін Еўрасаюза, а беларускія — з еўрапейскіх сталіц. У паветры насілася пагроза эскалацыі канфлікту, а разам з тым рабілася няпэўнай і будучыня беларуска-польскай прэміі.

Але пасол Польшчы вярнуўся ў Мінск. Мінуў год, прэмія засталася. Сёлета яе ўручаюць у гламурнай атмасферы гатэля «Краўн плаза» — сярод велюру і бляску маляваных пад чырвонае дрэва крэслаў.

Як і летась, вызначэнне лонг- і шорт-лістоў суправаджалася палемікай і нават запалам. Многія палічылі сенсацыяй тое, што ў шорт-ліст не трапілі раман Алены Брава, зборнікі Андрэя Федарэнкі і Паліны Качатковай. Рашэнне прымала журы, а ў яго ўваходзяць старшыні Саюза пісьменнікаў і ПЭН-Цэнтра, вядомыя пісьменнікі — сярод іх Уладзімір Арлоў, крытыкі — сярод іх Малгажата Бухалік, ды леташні лаўрэат Павал Касцюкевіч.

* * *

Прэстыжную літаратурную прэмію Гедройца сёлета прысудзяць другі раз. Гэта прэмія за найлепшую кнігу прозы. На ўзнагароду прэтэндавалі больш за 40 выданняў. Журы выбрала з іх у шорт-ліст 6.

Пераможца атрымае грашовы прыз 10 тысяч еўра. Прэмію фундуе «Ідэя-банк».

У шорт-ліст літаратурнай прэміі сёлета ўвайшлі: Сяргей Балахонаў «Зямля пад крыламі Фенікса», Альгерд Бахарэвіч «Гамбургскі рахунак Бахарэвіча», Адам Глобус «Сказы», Уладзімір Някляеў «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», Людміла Рублеўская «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега», Юры Станкевіч «Шал».

Ежы Гедройц — гэта легендарны польскі рэдактар, які адкрыў свету таленты Чэслава Мілаша і Вітальда Гамбровіча. Гедройц нарадзіўся ў Мінску, тут ягоным імем названая вуліца.

Цырымонія ганаравання пройдзе, а 18:30 у канферэнц-зале Princess гатэля Crowne Plaza (вул. Кірава, 13). Уваход вольны.

Імя лаўрэата застаецца ў таямніцы да самай цырымоніі.

Апытанка

Каментары71

Цяпер чытаюць

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў1

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

Сяргей узяў грошы за кантракт і пайшоў здавацца ў палон пры першай магчымасці. Пакручасты лёс беларуса, які падпісаўся ваяваць за Расію21

Стаў вядомы прысуд адыёзнаму функцыянеру БРСМ з педафільскім мінулым, якога судзілі за здраду дзяржаве6

Вікторыя Кульша: Рэчыцкая калонія — гэта пекла2

Стала вядома, дзе цяпер працуе Андрэй Ярмак15

Касмічную турыстку Марыну Васілеўскую назвалі выдатнай мінчанкай

На сёння запланаваны рэйс Дубай — Мінск1

У Барысаве адкрылі «разумную» аўтамыйню. Яе фішка — у незвычайнай прыбіральні3

У Мінску адмянілі ўшанаванне памяці ахвяр гета «з меркаванняў бяспекі»15

Амерыканскі актор Джым Керы здзівіў фанатаў сваёй знешнасцю4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў1

Як выглядае стылёвы дом новай рэктаркі Акадэміі мастацтваў коштам паўмільёна даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць