Свет2121

Каб забіць Хаменеі, ізраільская разведка ўзламала дарожныя камеры ў Тэгеране і адключыла вышкі мабільнай сувязі

«Масад» некалькі гадоў сачыў за высокапастаўленымі іранскімі чыноўнікамі, узламаўшы амаль усе камеры відэаназірання ў Тэгеране. З падрабязнасцямі аперацыі, якая прывяла да гібелі вярхоўнага лідара Ірана Алі Хаменеі знаёміць Financial Times.

Алі Хаменеі. Фота: AP Photo / Vahid Salemi, File

Як нагадвае Financial Times, Іран стаў прыярытэтнай цэллю для Ізраіля яшчэ ў 2001 годзе па загадзе тагачаснага прэм'ер-міністра краіны Арыэля Шарона. З той пары краіны вялі няспынную тайную вайну. Ізраіль праводзіў аперацыі супраць іранскай ядзернай праграмы, забіваў навукоўцаў і вайскоўцаў, дзейнічаў супраць іранскіх саюзнікаў у рэгіёне. Іран у адказ узламваў камеры ў Іерусаліме, тэлефоны сваякоў ізраільскіх сілавікоў і нават падкупляў грамадзян Ізраіля для збору звестак.

Аднак пасля нападу ХАМАС 7 кастрычніка 2023 года Ізраіль змяніў сваю стратэгію. Калі раней забойства кіраўнікоў дзяржаў лічылася табу, то цяпер ізраільскае кіраўніцтва перайшло да больш агрэсіўных дзеянняў.

Як адзначыла былая супрацоўніца «Масада» Сіма Шайн, пасля паспяховых аперацый з пейджарамі «Хезбалы» і забойства Ісмаіла Ханіі ў ізраільскіх спецслужбаў разгарэўся апетыт, што ў выніку і прывяло да ўдару па самім аятале Хаменеі.

Тэхналогіі на службе разведкі

Паводле FT, ізраільцяне гадамі сачылі за тым, як целаахоўнікі і кіроўцы іранскіх чыноўнікаў прыбываюць у раён вуліцы Пастэра ў Тэгеране. Менавіта ў гэтым комплексе ў суботу, 28 лютага, быў забіты 86‑гадовы Алі Хаменеі.

Як паведамілі выданню дзве крыніцы, знаёмыя з аперацыяй, амаль усе дарожныя камеры ў Тэгеране на працягу некалькіх гадоў былі ўзламаныя, а зашыфраваныя выявы з іх перадаваліся на серверы ў Тэль-Авіве і на поўдні Ізраіля.

Аднак адна з камер мела асабліва ўдалы ракурс: яна дазваляла вызначыць, дзе супрацоўнікі аховы любілі паркаваць свае асабістыя аўтамабілі, і адкрыла магчымасць назіраць за паўсядзённым жыццём гэтага закрытага аб’екта пад узмоцненай аховай.

Складаныя алгарытмы апрацоўкі інфармацыі дапаўнялі дасье на супрацоўнікаў службы бяспекі такімі дэталямі, як адрасы пражывання, графік дзяжурстваў, маршруты на працу і, што самае важнае, каго менавіта яны звычайна суправаджалі і перавозілі. Такім чынам выбудоўвалася тое, што разведчыкі называюць «мадэллю ладу жыцця».

Алі Хаменеі (трэці злева) разам з прэзідэнтам Масудам Пезешкіянам (першы злева), старшынёй парламента Махамадам Багерам Галібафам і кіраўніком судовай сістэмы Махсенам Эджэі чытаюць Каран падчас пятнічнай малітвы. Фота: Iranian Leader's Press Office — Handout / Getty Images

Гэтыя магчымасці былі часткай шматгадовай разведвальнай кампаніі, якая падрыхтавала глебу для забойства аяталы. Крыніца аператыўных даных у рэжыме рэальнага часу — адна з сотняў розных плыняў разведвальнай інфармацыі — была не адзіным спосабам, з дапамогай якога Ізраіль і ЦРУ змаглі дакладна вызначыць, у які час Хаменеі будзе знаходзіцца ў сваім офісе раніцай у суботу і хто будзе разам з ім.

Як адзначае выданне, Ізраіль таксама здолеў парушыць працу асобных кампанентаў прыкладна дзясятка мабільных вышак сувязі каля вуліцы Пастэра. У выніку пры спробе выкліку тэлефоны падавалася занятымі, што не дазволіла ахове Хаменеі атрымаць магчымыя папярэджанні.

«Мы ведалі Тэгеран гэтак жа добра, як Іерусалім. А калі ты ведаеш месца гэтак жа добра, як вуліцу, на якой вырас, ты заўважаеш любую дробязь, якая знаходзіцца не на сваім месцы», — цытуе FT дзейнага ізраільскага супрацоўніка разведкі.

Дэталёвая разведвальная карціна сталіцы Ірана стала вынікам карпатлівага збору дадзеных. У ім удзельнічалі ізраільскае падраздзяленне радыёэлектроннай разведкі «Unit 8200», агентурная сетка «Масада» і ваенная разведка, якая штодня апрацоўвала масівы інфармацыі.

Ізраіль выкарыстоўваў матэматычны метад аналізу сацыяльных сетак, каб апрацоўваць мільярды адзінак інфармацыі. Гэта дазваляла выяўляць нечаканыя цэнтры прыняцця рашэнняў і вызначаць новыя мэты для назірання і ліквідацыі. Усё гэта сілкавала своеасаблівы канвеер, на выхадзе якога быў адзіны прадукт — мішэні.

«Калі палітычны кіраўнік вырашае, што кагосьці трэба ліквідаваць, культура ў Ізраілі такая: «Мы забяспечым разведку цэляў», — прыводзіць FT словы брыгаднага генерала рэзерву з 25‑гадовым стажам працы ў разведцы Ітая Шапіры.

Фатальная субота на вуліцы Пастэра

Паводле звестак FT, рашэнне аб ліквідацыі Хаменеі было палітычным. Крыніца, праінфармаваная аб сітуацыі, паведаміла, што напад на Іран планаваўся месяцамі, але чыноўнікі скарэктавалі аперацыю пасля таго, як амерыканская і ізраільская разведкі пацвердзілі, што Хаменеі і яго высокапастаўленыя паплечнікі сустрэнуцца ў рэзідэнцыі ў Тэгеране ў суботу раніцай.

Магчымасць забіць яго разам з вялікай часткай іранскага кіраўніцтва палічылі асабліва выгаднай. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны зрабіць гэта было б значна складаней: іранцы хутка перайшлі б у падземныя бункеры, недасяжныя для ізраільскіх бомбаў.

Як адзначае FT, Хаменеі, у адрозненне ад свайго саюзніка, лідара «Хезбалы» Хасана Насралы, не жыў у падполлі. Ён нават публічна разважаў пра магчымасць сваёй гібелі, заяўляючы, што яго жыццё не мае значэння для лёсу Ісламскай Рэспублікі. Тым не менш у яго было два бункеры, і калі б ён знаходзіўся ў адным з іх, Ізраіль не змог бы яго дастаць.

Нават у чэрвені 2025 года, у разгар паўнавартаснай вайны, Ізраіль не рабіў спроб бамбіць Хаменеі. Замест гэтага цэлямі станавіліся пераважна кіраўніцтва Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, ракетныя ўстаноўкі і склады, а таксама ядзерныя аб’екты і навукоўцы Ірана.

Адсочванне мішэняў раней патрабавала візуальнага пацвярджэння і адсейвання ілжывых звестак, але за апошнія гады шырокае выкарыстанне алгарытмаў у зборы дадзеных у Ізраілі дазволіла аўтаматызаваць гэтую задачу. Аднак для такой важнай мішэні, як Хаменеі, правал быў недапушчальны. Ізраільская ваенная дактрына патрабуе, каб два розныя высокапастаўленыя афіцэры, працуючы незалежна адзін ад аднаго, з высокай доляй упэўненасці пацвердзілі месцазнаходжанне цэлі для ўдару і склад яе суправаджэння.

Для гарантыі поспеху ізраільцяне выкарысталі камбінацыю дадзеных. Па-першае, ізраільская разведка мела дадзеныя радыёэлектроннага перахопу, такія як доступ да камер дарожнага руху і глыбокае пранікненне ў сеткі мабільнай сувязі. Адна з крыніц адзначыла, што гэта пацвярджала: сустрэча з Хаменеі ідзе па графіку, і высокапастаўленыя чыноўнікі накіроўваюцца да месца прызначэння.

Другім важным момантам, як паведамляюць крыніцы FT, стала інфармацыя ад агента, якую атрымала ЦРУ.

Суботнія атакі адбыліся пры дзённым святле. Фота: AP

Загад на атаку даў Дональд Трамп у пятніцу а 15:38 па часе Вашынгтона, знаходзячыся на борце прэзідэнцкага самалёта Air Force One. Амерыканскія вайскоўцы забяспечылі кіберпадтрымку, цалкам асляпіўшы іранскія сістэмы сувязі і назірання. Генерал Дэн Кейн, старшыня Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША, пацвердзіў, што кібератака парушыла здольнасць Ірана бачыць і рэагаваць.

Ізраільскія знішчальнікі выпусцілі каля 30 высокадакладных ракет па комплексе. Трамп пазней паведаміў, што іранскія лідары былі забітыя падчас сняданку. Выбар дзённага часу для атакі дазволіў дасягнуць максімальнай тактычнай нечаканасці.

Каментары21

  • Во-во
    03.03.2026
    У нас так во время инаугурации было бы классно сделать. Чтоб два раза не вставать.
  • знаёміць Financial Time
    03.03.2026
    Яшчэ раз, дзе спасылка на крыніцу?
  • Вось табе...
    03.03.2026
    Вось табе, Валет, i сетка тваiх камер вiдэоназiрання па ўсёй Беларусi. Трэба будзе - ўзламаюць i выкарыстаюць супраць цябе.

Цяпер чытаюць

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах7

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах

Усе навіны →
Усе навіны

Як цяпер выглядае Нацыянальны гістарычны музей, дзе на 80% выкананы будаўніча-мантажныя работы8

Беларускі хакеіст-мільянер Аляксей Протас другі раз стаў бацькам17

У Гродне перавярнуўся катафалк, на дарогу выпала труна

Расійскі газавоз атакаваны ў Міжземным моры. Яго стан безнадзейны3

У Беларусі абмяжоўваюць хуткасць мабільнага інтэрнэту. А якія цэны і ўмовы ў Польшчы і Літве?16

Лукашэнка: Вераломны напад Ізраіля пры падтрымцы ЗША на Іран непрымальны17

Два беларускія тэнісісты не могуць вылецець з ААЭ. Эвакуацыю прапануюць за 5 тысяч еўра5

Стаў вядомы вынік налёту дронаў на порт у Новарасійску: пашкоджаны пяць вайсковых караблёў4

Названая самая вялікая сям'я ў Беларусі, у ёй 15 дзяцей4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах7

Памерла палітзняволеная Алена Панкова. Паўгода назад яе асудзілі за ўдзел у пратэстах

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць