Меркаванні66

Плач белай крыві

Піша Сяргей Ваганаў.

У цэнтры Мінска, на задворках вялікіх дамоў, сярод павуціння пратаптаных сцежак, што скарачаюць шляхі, прыляпілася да цаглянай сцяны высокая галубятня.

Кожны раз, праходзячы міма, я бачу галубоў, пасеўшых на седалах за высокай металічнай сеткай, зусім не падобных на растлусцелых сабратаў, што акупавалі плошчы і двары Мінска. Бачу, калі ўжо цёмна, свет у іх дыхтоўным, жалезным доміку, бачу мужчыну сярэдняга веку, гаспадара гэтых забытых сучасным горадам птушак.

Яшчэ нядаўна я бачыў яго з хлопчыкам, амаль падлеткам з безабаронна аблыселай, да сіняватасці, галавой. Аднойчы хлопчык нешта гаварыў галубам, і ў ягоных словах я пачуў палескую гаворку — дзіўная пявучая вязь з беларускіх, польскіх, украінскіх і ўласна палескіх выразаў і слоў. Галубы ціхім буркаваннем нешта адказвалі яму на той жа, як падалося, гаворцы. І гэта быў адзіны выпадак з мноства магчымасцяў, калі я, збочыўшы са сцежкі, мог без боязі падыйсці, каб распытаць мужчыну і хлопчыка аб іхнім папярэднім, далёкім, па ўсім, ад сталічнага, жыцці. Жыцці, ад якога, здавалася мне, толькі што і засталіся галубятня і галубы. Але не адважыўся.

Потым іх не стала, мужчыны і хлопчыка. Потым мужчына з’явіўся адзін. Я спыніўся наводдаль. «Памёр, — вымавіў мужчына, — белая кроў...»

Не, я так і не адважваюся падыйсці з размовай, калі бачу яго, нерухома і моўчкі седзячага на скрыні за металічнай сеткай. І галубоў, што таксама моўчкі і нерухома расселіся па седалы.

Калі-некалі, праўда, нехта з галубоў узмахвае крыламі ўслед...

Быў у маім жыцці яшчэ выпадак, калі я хацеў, але так і не адважыўся распытаць чалавека аб ягоным мінулым жыцці.

Той выпадак быў у 1968-м. А чалавекам была старая з вялікай вёскі Сігневічы, што ў Бярозаўскім раёне, на ўскрайку знакамітага Спораўскага балота. Дакладней, не з вёскі, а з хутара недалёка, ад якога засталіся толькі перакручаныя ствалы груш, рэшткі печы, комін ды стары, магутны, у тры абхваты, дуб.

У тыя часы ці не ўвесь народ, асабліва камсамольскі, тросся ад ліхаманкі меліярацыі. І не проста меліярацыі, а МЕЛІЯРАЦЫІ ПАЛЕССЯ. Гэта сёння страшнавата гучыць. А тады гучала натхнёна.
Вельмі ўжо карцела выблытацца з «спрадвечнай галечы і адсталасці».

Яны працавалі нібыта звяры, тыя сігневіцкія камсамольцы, развараціўшы балота з дапамогай жалезных грукоцячых страшыдлаў. Я пасяліўся ў іх па газетнай справе, дапамагаючы ўкладваць дрэнажныя трубкі, абгортваць шклопаперай швы паміж імі дзеля надзейнай фільтрацыі...

У перапынках, у цішыні чутны быў звон празрыстай вады, што імклівым ручаём сцякала ў меліяратыўны роў. А далей — Ясельдай, Прыпяццю ды Дняпром — у Чорнае мора...

А потым яны ўзяліся за хутар. Але ўпёрліся ў дуб. Я глядзеў, як катавалі яны яго бульдозерам з розных бакоў, пакідаючы толькі надрэзы ды падраную кару на ствалы.

Вось тады я і ўбачыў старую.

У нейкай непрытомнасці яна бадзялася па хутары, як бадзяюцца пагарэльцы па папялішчы, нешта вышукваючы ў рэштках ад мінулага жыцця. Я, быў, крануўся да старой паразмаўляць. Але яна, не заўважаючы мяне, павольна павярнулася да дуба і раптам бухнулася на калені, варушачы вуснамі і раз пораз асяняючы дрэва крыжом...

Ну, як тут было перашкаджаць?!

А хутка на вялікай нарадзе ў Пінску, адкуль распаўзалася тады пошасць меліярацыі, зноўку вяшчалася аб «спрадвечнай галечы і адсталасці», грымелі апладысменты, пакуль на трыбуну не падняўся нейкі вучоны арнітолаг, зусім замухрышка па выглядзе, і не заплакаў па шэрых жоравах.

«Ізноў птушкі! — абурыўся Машэраў. — Аб чым гэта вы нам ізноў?!»

Машэраў, мабыць, і падумаць не мог, што «спрадвечная галеча і адсталасць» ад кесараў, а не ад Бога — спрадвечнай палескай дрыгвы...

Сёння ім, сучасным кесарам, ізноў перашкаджаюць «птушкі», ім ізноў не церпіцца пагнаць на балоты, нават тыя, што адроджаны на сродкі ААН, жалезных страшыдлаў і ўбіць чарнобыльскі кол у самае сэрца нарачанска-астравецкага раю.

...Два табу засталіся нам ад нядаўніх беларускіх трагедый —1968 на меліярацыю Палесся і будаўніцтва АЭС. У іншых краін і народаў ёсць, мусіць, свае табу. У нас — гэтыя.

Аніякая ўлада, нават народ з рэферэндумам – ці ж толькі аб самагубстве — не валодаюць правам распараджацца Боскімі дарункамі, дзякуючы каторым народ яшчэ жывы і не згубіў канчаткова сваю гаворку, памяць і душу.

...Не, не звон празрыстай вады я чуў на Палессі амаль паўстагоддзя таму, а плач. І не вады, адфільтраванай да бела, да адсутнасці жыцця, а белай крыві.

Але і сёння даносіцца да мяне гэты плач, калі праходжу міма галубятні ў цэнтры Мінска і, не аглядваючыся, чую ўзмах галубовых крылаў услед...

Каментары6

Цяпер чытаюць

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада3

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Усе навіны →
Усе навіны

Урад вызначыўся з пераносам працоўных дзён у наступным годзе

Учора ў Мінску прапаў хлопчык, які не размаўляў

«Чаму ты адключыў рухавікі?» Папярэдні даклад аб катастрофе самалёта Air India выклікаў яшчэ больш спрэчак4

«Разам адкрывалі кантынент беларушчыны». Вінцук Вячорка згадаў пра Эдварда Зайкоўскага3

На Валыні разбіўся французскі знішчальнік Mirage4

Прэм'еру і спікеру Сейма Літвы прыпомнілі, што яны 17 гадоў таму ездзілі ў Беларусь6

Падчас урагану ў Магілёве вецер знёс сабачую будку разам з сабакам1

Памёр спявак Озі Осбарн14

Памёр Эдвард Зайкоўскі8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада3

Сусветная зорка Джэйсан Дэрула заехаў у Беларусь. Прэм’ер Турчын вадзіў яго па Доме ўрада

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць