Меркаванні114114

Наталка Бабіна: Байкот чэмпіянату-2014!

На чэмпіянаце свету па хакеі ў Швецыі на многіх матчах трыбуны пуставалі. Даю гарантыю, што ў Мінску ў 2014-м не будзе ніводнага пустога месца. Настаўнікаў, школьнікаў, студэнтаў, курсантаў абавяжуць выкупіць усе білеты, колькі б яны ні каштавалі.
А хто адмовіцца, на таго знойдуць кару. Рэпрэсіўны апарат у Беларусі такі вялікі, што дойдзе да кожнага.

У мінулым годзе майго дзесяцігадовага пляменніка гэтакжа прымусам адправілі на «Мінск-Арэну» глядзець юніёрскае фігурнае катанне. А перад уваходам прымусілі зняць… шалік,
бо ён быў бел-чырвона-белы, і побач з перастрашаным школьнікам увесь час, пакуль на лёдзе круцілі акселі і тулупы, прасядзеў моцны тып у цывільным!

Бел-чырвона-белы сцяг — беларускі нацыянальны сцяг, забаронены ўладамі. Ён дзейнічае на іх, як чырвоная анучка на быка. Сяргей Каваленка, уся віна якога была ў тым, што ён вывесіў нацыянальны сцяг на каляднай ялінцы ў сваім горадзе, трапіў у турму.

З акна майго дома за пяць кіламетраў бачная гэтая вялізная спаруда ў выглядзе гратэскнай хакейнай шайбы — «Мінск-Арэна», візітоўка і сімвал спартовых амбіцый беларускіх уладаў.
Тут, на гэтым катку на 15 тысяч месцаў, будуць праходзіць матчы сусветнага чэмпіянату па хакеі ў 2014 годзе.

Хакей — любімы від спорту Аляксандра Лукашэнкі. Штогод ён арганізоўвае хакейныя турніры, на якіх сам жа і выйграе.
Адзін з беларускіх мультымільянераў, супраць фірмаў якога ЕС нядаўна ўвёў санкцыі, прызнаўся у інтэрв’ю, што ходзіць гуляць з Лукашэнкам у хакей як на працу.
Калі ты гуляеш з Лукашэнкам у хакей і косіш з ім траву касой у ягонай рэзідэнцыі — ты эліта Беларусі. Так што вэлкам ту Беларусь, удзельнікі чэмпіянату!

У Беларусі шмат так званых лядовых палацаў. Звычайна яны пустуюць. Але калі праводзяцца матчы, туды пад прымусам зганяюць школьнікаў і студэнтаў, каб ігралі ролю гледачоў.

Ці патрэбны будзе Каваленку чэмпіянат у Мінску?

Ці патрэбны будзе гэты чэмпіянат майму пляменніку-школьніку і ягонаму тату?

Ці патрэбны гэты чэмпіянат беларускаму мільянеру?

Лукашэнку чэмпіянат у Мінску, безумоўна, патрэбны. Спорт у Беларусі — гэта вялікая палітыка, спартовымі дасягненнямі апраўдваюць дыктатуру.

А наконт свята для беларускіх аматараў… Я не вельмі цікаўлюся прафесійным спортам і наконт хакея дакладна ведаю толькі тое, што там трэба забіць шайбу ў вароты саперніка. Па-мойму (не чытайце далей, калі вы не згодныя), грошы, якія выдаткоўваюцца на любы спартовы чэмпіянат, дзе б ён ні праводзіўся, лепш выдаткаваць на тое, каб вылечыць хворых дзяцей. Але, калі ўжо чэмпіянаты праводзяцца, яны павінны быць святам для народа краіны, дзе яны адбываюцца. Беларусі ж цяпер дакладна не да святаў.

Народ Беларусі жыве ва ўмовах пастаяннага прыніжэння. Рускі паэт Мандэльштам пісаў пра такую сітуацыю: «Мы живём, под собою не чуя страны».

Асабліва гэтае прыніжэнне адчуваецца апошнія тры гады: жорсткае, крывавае падаўленне мірных пратэстаў, бессаромная фальсіфікацыя судовых справаў пратэстоўцаў, страшны абвал цэн, незразумелы выбух у метро.

Амаральнасць, татальная хлусня, нацыянальная дыскрымінацыя — усё гэта штодзённасць беларускага жыцця.

Затрыманні, ператрусы і правакацыі — гэта штодзённасць грамадзянскіх актывістаў.

Бяспраўнасць, цёмны адчай — гэта штодзённасць народу.

Пра штодзённасць мультымільянераў пісаць не буду — я пра яе нічога не ведаю.

Я задала знаёмым пытанне: «Як вы ставіцеся да правядзення чэмпіянату па хакеі ў Мінску?» Характэрныя адказы: «Негатыўна. Для мяне хакей асацыюецца з Лукашэнкам, а гэты персанаж добрых пачуццяў не выклікае. Таму і чэмпіянат таксама». «Добра, але не сёння». «Ніяк. Мяне хвалюе, як пражыць на мізэрную пенсію, як дапамагчы дзецям, якія бядуюць на мізэрную зарплату, а хакей мяне не хвалюе».

Успамінаю размову, якая нядаўна адбылася, калі я стаяла ў чарзе ў аддзяленні банка ў пасёлку, дзе я жыву. Людзі разгаварыліся пра нядаўнюю дэвальвацыю, рост цэнаў і што рабіць з гэтым.

— Па Канстытуцыі, крыніца ўлады ў краіне — народ. Трэба мяняць уладу, — сказала я.

Усе шчыра рассмяяліся.

— Калі б’юць дубінкамі па галаве, гэта вельмі балюча, — адсмяяўшыся, сказала жанчына сярэдніх гадоў.

Вось такая паказальная размова. Народ не бачыць у сабе крыніцу ўлады, затое добра бачыць дубінкі…

Давайце разважым яго хакеем! Гэта якраз тое, што цяпер трэба народу!

Для народа Беларусі хакейны чэмпіянат будзе пасланнем ад свету: «Мараль — нішто, пустая выдумка. Светам правяць грошы і прымус. Галоўнае, што ёсць на свеце, — уласнасць і ўлада. Такую сістэму будуем мы ў Беларусі, і ўвесь свет так жыве. Увесь свет падтрымлівае нас, і нават не спрабуйце з намі змагацца».

Правядзенне чэмпіянату па хакеі ў Мінску будзе голам у вароты беларускага грамадства.

Кожны від спорту мае ў Беларусі куратараў з ліку дзяржаўных чыноўнікаў. Дэмагогіяй чыстай вады ёсць іх пастаянныя заявы пра тое, што спорт павінен быць па-за палітыкай. Не, ён чыннік ганебнай палітыкі.

Калі Міжнароднай федэрацыі хакея падаецца маральным і лагічным праводзіць тут чэмпіянат па хакеі — хай яна яго праводзіць. Але я туды не пайду.

* * *

Наталка Бабіна — маці траіх дзяцей і пісьменніца. Аўтарка рамана «Рыбін горад» і зборніка апавяданняў «Крыві не павідна быць відна». Жыве ў аграгарадку Ждановічы пад Мінскам.

Каментары114

Цяпер чытаюць

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі5

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Сістэмнага адміністратара Беларускай чыгункі і былога спецназаўца асудзілі за палітыку і абвесцілі тэрарыстам3

Іранскія шахеды прыляцелі ў Азербайджан — адзін упаў каля школы, другі выбухнуў на тэрыторыі аэрапорта11

Нявеста адправіла жаніха перад вяселлем на псіхіятрычную экспертызу7

«Пра страту $78 000 я б моцна перажывала». Беларуска своечасова адмовілася ад купляння кватэры3

«Увечары тэлефануе лекар з паліклінікі і распавядае вынікі аналізаў — гэта проста шок!» Беларусы распавялі пра медыцыну ў Літве13

Ананімы — гісторыі беларусаў, якім прыходзіцца шыфравацца, бо рэжым лічыць іх дзейнасць «крыміналам»10

Праезд у мінскай маршрутцы, што меўся падаражэць да пяці рублёў, будзе каштаваць меней

Выйшаў серыял «Малады Шэрлак» ад Гая Рычы

Мінсувязі распавяло, дзе ў Беларусі паскорыўся інтэрнэт, а дзе прыйдзецца пачакаць1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі5

Памёр паэт Уладзімір Карызна, аўтар слоў да цяперашняга дзяржаўнага гімна Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць