Грамадства

Беларускія мытнікі вярнулі «аўстралійскае» абсталяванне і плюшавага мішку

Мытня аэрапорта «Мінск-2» вярнула рэчы, якія забрала больш за год таму ў аўстралійскага тэлежурналіста Амаса Робертса.

Абсталяванне і плюшавага мядзведзіка забіраў па даверанасці ад аўстралійскага тэлеканала SBS іх беларускі калега Ілля Кузняцоў, які і паведаміў пра гэта прэс-службе ГА «БАЖ». Цяпер ён поштай перанакіруе гэтыя рэчы ў Аўстралію.

Працоўны стан абсталявання журналіст не правяраў, бо ўсе акумулятары за гэты час разрадзіліся. Ці была выдалена нейкая інфармацыя з носьбітаў і ці знайшлі мытнікі што-кольвек, што апраўдвала б вынятак, пакуль невядома.

Паводле складзенага мытнікамі пераліку рэчаў, кошт мядзведзіка яны ацанілі ўсяго ў 10 цэнтаў. Між тым, як сведчаць замежныя калегі, на чорным рынку «браты-блізняты» шведскага мішкі каштуюць па некалькі соцень долараў.

Выглядае на тое, што цацачнага мядзведзіка даглядалі вельмі пільна – з нейкіх меркаванняў у яго знялі рукавічкі і аддалі іх асобна.

Амас Робертс – журналіст аўстралійскага тэлеканала SBS, працаваў тут у верасні 2012 г. на працягу тыдня паводле афіцыйнай акрэдытацыі пры беларускім МЗС. У прыватнасці, журналіст здымаў у Беларусі сюжэт пра шведскі «плюшавы дэсант».

21 верасня Амас Робертс меў пакінуць нашу краіну, але быў спынены пры прахожданні мытнага кантролю ў аэрапорце «Мінск-2». Прадстаўнікі мытных службаў і невядомыя ў цывільным, якія прысутнічалі пры гэтым, забралі ў яго ўсю наяўную апаратуру і носьбіты інфармацыі – аж да мабільнага тэлефона. (Як паведаміў ГА «БАЖ» сам журналіст, палова апаратуры належала яму асабіста, а палова – тэлеканалу SBS.)

Назваць сябе гэтыя людзі адмовіліся. Ён, у сваю чаргу, адмовіўся падпісваць акт вынятку апаратуры, і яму не выдалі на рукі ніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі, што нешта забралі. Пазней, калі ў аэрапорт пад'ехалі перакладчык і прадстаўнік ГА «БАЖ», сп. Робертс пайшоў падпісваць паперы, але мытнікі ўжо адмаўлялі, што забіралі апаратуру. Увесь час за журналістамі сачылі невядомыя людзі ў цывільным.

На наступны дзень журналіста па тэлефоне спрабавалі запрасіць на размову ў КДБ, але ён адмовіўся і скіраваўся ў аэрапорт. У часе пашпартнага кантролю да яго падышоў невядомы чалавек у цывільным, які назваўся «прадстаўніком прэзідэнцкай адміністрацыі» і папрасіў не раздзьмуваць скандалу, паабяцаўшы, што найбліжэйшым часам яго рэчы вернуць. Пасля гэтага Амас Робертс ўсё ж сеў на самалёт і пакінуў нашу краіну.

На просьбу калегі беларускія журналісты накіравалі ў Генпракуратуру скаргу, якую ён склаў яшчэ ў Мінску. Копіі скаргі пайшлі міністру ўнутраных спраў, міністру замежных спраў і старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэту. Амас Робертс прасіў пракурораў тэрмінова правесці праверку па факце незаконнага вынятку ў яго прафесійнага абсталявання, вярнуць забраныя рэчы і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Адказы не праяснілі лёсу абсталявання. 

У лютым гэтага года Амас Робертс атрымаў электронны ліст з амбасады Аўстраліі ў Маскве. Дыпламатычнае прадстаўніцтва пісала, што «беларускія ўлады скончылі свае мытныя фармальнасці» з абсталяваннем сп-ра Робертса, і што цяпер ён сам альбо яго давераная асоба могуць забраць рэчы ў аэрапорце «Мінск-2».

Каментары

Цяпер чытаюць

«Паша, я табе не веру». Севярынец расказаў, як выпадковая дзяўчына матывавала яго назаўсёды перайсці на беларускую мову4

«Паша, я табе не веру». Севярынец расказаў, як выпадковая дзяўчына матывавала яго назаўсёды перайсці на беларускую мову

Усе навіны →
Усе навіны

Камандзір РДК Дзяніс Капусцін жывы. Яго смерць была інсцэніроўкай9

«Байсол» назваў суму, якую ўдалося сабраць за 2025 год2

Вырасла сума базавай адзінкі1

50 гадоў споўнілася культаваму беларусьфільмаўскаму «Бураціну»6

Яшчэ адна краіна перайшла на еўра7

Стала вядома імя аднаго з памілаваных 30 снежня

Агент беларускай разведкі прызнаўся, што мінулы год быў «проста п**дзяцовым»15

Заўтра будзе небяспечная завіруха, галалёдзіца на дарогах, будзьце асцярожныя

Яны пайшлі ад нас у 2025 годзе. Згадваем беларусаў, якіх мы страцілі8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Паша, я табе не веру». Севярынец расказаў, як выпадковая дзяўчына матывавала яго назаўсёды перайсці на беларускую мову4

«Паша, я табе не веру». Севярынец расказаў, як выпадковая дзяўчына матывавала яго назаўсёды перайсці на беларускую мову

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць