Грамадства4242

«Дома больш няма». Як беларускія айцішнікі вяртаюцца на радзіму пасля жыцця за мяжой

Гісторыі людзей, якія пасля некалькіх гадоў эміграцыі ў Польшчы, Літве і Германіі вырашылі паспрабаваць жыццё нанова ў Беларусі, сабрала выданне devby.io.

Фота: LookByMedia

«Я жыла ў адной Беларусі, выехала з другой, а вярнулася — у трэцюю»

Вераніка*, тэсцiроўшчыца:

— Я пераехала ў Польшчу ў 2022 годзе разам з кампаніяй. Спачатку была эйфарыя. Божа, я ж магу ў любы момант сесці ў самалёт — і апынуцца ў Рыме, у Берліне, ды дзе заўгодна, і за смешныя грошы. Мамачкі, тут паліцэйскія на вуліцы табе ўсміхаюцца і гатовыя дапамагчы, іх не варта баяцца… І столькі розных іншых пачуццяў!

Потым эйфарыя прайшла, «ружовыя акуляры» змяніліся на «блакітныя», наступіла расчараванне і дэпрэсія: легалізацыя — тое яшчэ сада-маза, кватэру, якую зняла даволі ўдала, давялося змяніць на іншую — горшую, бо арэндадаўца падняў цану.

Плюс адзінота: знаёмых шмат — калегі, дзяўчаты з танцаў (я хадзіла ва ўкраінскую студыю), знаёмая цырульніца — але сапраўдных сяброў няма. З суседзямі толькі віталіся — і ўсё. Цэлымі днямі ў сваёй шкарлупіне.

Потым я нібы прывыкла, прыняла Польшчу з усімі яе плюсамі і мінусамі (для мяне гэта — зачыненыя крамы па нядзелях, напрыклад).

А потым мой працадаўца ўзяў і звольніў нашу каманду.

І вось я апынулася замкнутай у чатырох сценах здымнай кватэры — а дома была свая, за якую не трэба аддаваць столькі грошай. І сябры. І мама (і яна паўтарала: «Вяртайся!»). І столькі добрага. Так што, калі мне прыйшла прапанова, а потым і офер ад кампаніі з Беларусі, я нядоўга думала, нават нягледзячы на тое, што ў грошах крыху страціла (але з улікам, што здымаць жыллё не трэба, у сухой рэшце выйграла).

Калі я вярнулася, «карусель» пайшла на новы круг: спачатку эйфарыя — усе па мне засумавалі, даўно не бачыліся, сустрэчы-размовы…

А потым жах зваротнай адаптацыі. У сяброў-родных свае жыццё і побыт. З-за маразоў я амаль не выходжу — ізноў у сваёй шкарлупіне. А калі выходжу, не бачу свайго Мінска, гэта іншы горад.

Псіхолаг, з якім я займаюся (яна ўкраінка, вельмі дапамагла мне, калі я праходзіла адаптацыю ў Польшчы), кажа, што гэта нармальна — re-entry shock. Любы чалавек адчувае стрэс пры вяртанні на радзіму: і ён змяніўся за час сваёй адсутнасці, і людзі, якіх ён ведаў, і краіна.

Аднак мне здаецца, мой псіхолаг не зусім разумее: у мяне не проста дыскамфорт з-за таго, што мае чаканні не адпавядаюць рэальнасці.

Я жыла ў адной Беларусі, выехала з другой, а вярнулася — у трэцюю. «Дома» няма. Я не свой сярод чужых, і чужы сярод сваіх. Адчуваю сябе, як расліна, якую перасадзілі ў вазон прастарнейшы, але ёй там было дрэнна (хоць з чаго б?!) — а потым вярнулі ў родны гаршчок, але яна ўсё роўна чэзне і губляе лісце.

Псіхолаг кажа, што я прывыкну: адаптацыя да Польшчы заняла нейкі час, вось і да Беларусі трэба прыстасавацца.

Але мяне ўсё часцей наведваюць думкі: а што, калі я паспяшалася? Ну а раптам варта было закласці крыху больш часу на пошук працы («падушка» дазваляла, хоць не хаваю, мне было вельмі страшна, што яна скончыцца — а я так нічога і не знайду) і пачакаць варыянтаў ад польскіх рэкрутараў. Спадзяюся, гэта хутка пройдзе.

«Магчыма, трэба было пачакаць, але я пажыла ў Беларусі і вырашыла зноў выехаць»

Аксана*, жонка айцішніка:

— Мы выехалі ў 2021 годзе: спачатку ў Літву, але зусім ненадоўга, адтуль — у Польшчу, а потым у Германію.

У Літве падабалася, я люблю Вільню, але жыць учацвярых з дзецьмі там было дорага. У Польшчы — танней, таму муж знайшоў працу ў Варшаве і мы пераехалі.

Прывыкалі, здавалася, не вельмі складана: мова зразумелая, калі складана — можна па-беларуску неяк патлумачыцца. Дзецям у школе падабалася — яны хутка знайшлі рускамоўных сяброў, уліліся.

Потым на працы ў мужа пачаліся скарачэнні, ён вырашыў не чакаць, пакуль дойдзе чарга да яго — знайшоў працу ў Германіі. Зноў пераезд.

І вось там мяне накрыла: паўгода дэпрэсіі, потым пайшла на курсы — з нуля да C1 дабіралася два гады. Мова не падабалася (няма ў ёй мілагучнасці). Выкладчыца на курсах бачыла, што мне цяжка, і параіла валанцёрыць, сказала, так я хутчэй уліюся і пачну гаварыць, пазнаёміла, з кім трэба. І так, яна мела рацыю — я стала інтэгравацца, дэпрэсія адступіла.

Дзеці таксама неяк адаптаваліся, вывучылі мову (мы адразу ўзялі ім рэпетытара, плюс школьныя настаўнікі вельмі дапамагалі), у іх з’явіліся сябры, у тым ліку немцы. Але спачатку старэйшая дачка часам прачыналася па начах і плакала: «Хачу дадому ў Беларусь!» (і гэта разрывала мне сэрца).

На гэтым фоне мы з мужам неяк аддаліліся. Я нават стала задумвацца аб разводзе. Але чым я займуся? Гэта ў Беларусі ў мяне была прафесія, а тут, у Германіі, я валанцёрка і жонка айцішніка. Думала, можа, калі вярнуся, усё будзе па-іншаму. Паспрабавала гэтым летам — і зразумела, што не, не змагу больш жыць у Беларусі.

Усё не так, як раней. Мінск — чужы, людзі (нават добрыя знаёмыя) — чужыя. З сябрамі было прыемна сустрэцца, але наша сувязь з імі ўжо не такая, доўгае растанне і адлегласць зрабілі сваю справу. Рэальнасць у цэлым выявілася не такой, як я сабе ўяўляла.

Гэта як знайсці на гарышчы старыя кніжкі з малюнкамі, што ты любіў у дзяцінстве, і зразумець, што фарбы не такія ўжо і яскравыя, твары не такія ўжо і цудоўныя — і ўсё гэта толькі твае фантазіі.

Так што ўжо ў жніўні я вярнулася назад. Нават калі мы з мужам разыдземся, буду спрабаваць уладкавацца на працу ў Германіі. І так, я разумею, што гэта была зваротная адаптацыя, магчыма, трэба было пачакаць. Але я была за паўкрока ад таго, каб зноў упасці ў дэпрэсію — а гэта для мяне страшна.

«Вы не паверыце, але ў Мінску нібыта падыспадна працягваецца мяккая беларусізацыя»

Я вярталася ў Беларусь у 2025 годзе пасля чатырох гадоў за мяжой — проста таму, што адзін этап у жыцці падышоў да канца, а перспектывы другога за мяжой ніяк не праглядаліся.

Ніякіх асаблівых чаканняў у сувязі з гэтым у мяне не было — я была ў Мінску некалькі разоў наездамі і ведала, што цэнтр горада панылы, поўны сцягоў і відэакамер.

Магчыма, гэта адсутнасць чаканняў ад горада і гатоўнасць сысці ва ўнутраную міграцыю сталі прычынай таго, што мая індывідуальная рэальнасць аказалася лепшай, чым уяўлялася.

Па-першае, у Мінску засталіся сябры, якія тэхнічна ўвялі ў свой круг зносін і актыўнасцяў.

Па-другое, нейкія цікавыя актыўнасці ў горадзе аб’ектыўна жывыя. Ёсць моўныя клубы, спартыўныя супольнасці, проста пэўныя кропкі прыцягнення ў горадзе накшталт касцёлаў з цудоўнымі канцэртамі арганнай і народнай музыкі (і там аншлагі).

Па-трэцяе, вы не паверыце, але ў Мінску нібыта падыспадна працягваецца мяккая беларусізацыя. Ну, ці мне так здаецца, таму што я востра лаўлю любыя праявы беларускасці.

«Дана мол», напрыклад, у гэтым годзе збудаваў «Калядны кiрмаш» — феерычную інсталяцыю з батлейкай і лаўкамі, персанажы якіх сыпалі прыказкамі на мове. Народ два месяцы тоўпіўся вакол гэтых казачных домікаў. У асноўным, вядома, глядзелі і фоткаліся, але і слухалі таксама. А некаторыя бацькі з дзецьмі спрабавалі паўтараць за гандлярамі.

Рускамоўная сяброўка прыязджала ў госці — хацела паслухаць мову. Я растлумачыла, што акрамя як «трымайцеся за поручні» ў транспарце, без шансаў. Але рэальнасць тут жа мяне абверглa: выпадковы знаёмы аказаўся беларускамоўным, у касцёле ўдалося паслухаць службу па-беларуску, а потым і «Дана мол» пацешыў.

Такімі культурнымі адкрыццямі, дый проста прыгожымі фоткамі Мінска вельмі хочацца дзяліцца з тымі, хто сумуе па горадзе за мяжой. Падзелішся, а потым сябе асаджваеш: ці сапраўды гэта ў радасць атрымальніку, ці не наступаеш на балючы мазоль?

Што яшчэ кінулася ў вочы? З сумнага: двары і пад’езды сталі нібыта бруднейшыя, у цёплыя (і не толькі) дні вецер даносіць у горад нейкі гнаявы смурод, крамы мяняюць шыльды, і новыя назвы быццам арыентаваныя на беднага кліента.

Яшчэ вонкавая рэклама паўсюдна культывуе казіно і ваенную гісторыю, але тут усё зразумела. Зімой яна крыху згладжваецца навагоднімі дэкарацыямі: ёлкі ў гэтым годзе былі вельмі прыгожыя.

Дарогі ў маім раёне сталі навейшыя і шырэйшыя, у зонах адпачынку наставілі новых лавак і інсталяцый, а вось транспарт стаў хадзіць нібыта горш.

На вуліцах і ў крамах прыкметна дадалося мігрантаў — азіятаў і афрыканцаў (праверка для тых вяртанцаў, хто пакутаваў за мяжой ад ксенафобіі).

Беларусы? Мне здаецца, яны такія ж. Усміхаюцца рэдка, у транспарце сядзяць, уткнуўшыся ў тэлефоны, у паліклініцы ветліва паднімаюць ногі перад прыбіральшчыцай са швабрай, дзверы ў метро па-ранейшаму прытрымліваюць. Калі звяртаешся — чулыя. Прадаўцы ў крамах — сама душэўнасць. У аддзеле пасцельнай бялізны прадавачка як з родным дзеліцца з вамі сакрэтам — як танней справіць нестандартны камплект, калі на тканіну такія цэны. Сталыя жанчыны ў фітнес-клубе абмяркоўваюць паездкі да дзяцей у Польшчу, частуюць гарбатай і завуць у госці.

Увогуле, Мінск як Мінск з папраўкай на 2026-ы. Будзённы, розны, жывы. Так, гэта не Мінск 2019-га, калі культурнае жыццё віравала і ў цэлым было радасна і з запалам, але ў ім па-ранейшаму ёсць прастора для жыцця.

Здаецца, палярныя ўяўленні мігрантаў — аб тым, што іх горад такі ж цудоўны, якім яны яго запомнілі некалькі гадоў таму, ці, наадварот, пустынны і шэры — гэта перш за ўсё праекцыі іх унутраных перажыванняў. А рэальнасць сама па сабе і дзесьці пасярэдзіне.

Каментары42

  • Тутэйшы
    19.02.2026
    А я, наадварот гляджу як добра захаваліся замежныя гарады і думаю, каб не маскалі і у Беларусі захавалася сярэднявечча.
  • "Психолог, с которым я занимаюсь "
    19.02.2026
    Люди войну проходили, бардак 90-ых годов, и как-то без психологов выживали и в дурку массово не попадали, а тут при каждой смене места жительства надо психолог
  • я не вернусь
    19.02.2026
    никогда не говори никогда, но ещё до 20 года , когда я приезжал в Минск у меня были ощущения,что как на кладбище приехал. И ещё, баба без работы- горе в семье. Не важно сколько детей, пусть твой айтишник с детьми посидит, но работу хотя-бы парттайм найти нужно.

Цяпер чытаюць

Сёстры Груздзевы драматычна расказалі, як іх выкінуў за дзверы міністр культуры Руслан Чарнецкі. «Як сабак»8

Сёстры Груздзевы драматычна расказалі, як іх выкінуў за дзверы міністр культуры Руслан Чарнецкі. «Як сабак»

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі: Каб вызваляць беларускіх палітвязняў, трэба знайсці, на каго іх памяняць10

Зяленскі: Я не буду казаць, якім спосабам, але нашыя людзі займаліся тым, каб тры-чатыры рэтранслятары ўжо не працавалі на тэрыторыі Беларусі2

Выдавецтва Gutenberg Publisher прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем»3

У Маладзечне адкрываюць завод, дзе будуць выпускаць прадукт, пра які вы не чулі2

«Спробы стварыць Лукашэнку вобраз «самага чалавечнага чалавека» толькі падкрэсліваюць крайнюю нялюдскасць сістэмы»5

У Польшчы распавялі пра затрыманага беларускага шпіёна

Што рабіць бацькам, калі іх дзіця цкуюць у школе, каб булінг не скончыўся трагедыяй? Тлумачыць псіхолаг6

Кім быў Эль Менча, самы шуканы наркабарон Мексікі, якога забілі ўчора ў ходзе спецаперацыі ў штаце Халіска1

«Калі даведаліся, што да чаго, былі ў шоку». Мінская рыэлтарка цудам выратавала дзяўчыну ад страты кватэры4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сёстры Груздзевы драматычна расказалі, як іх выкінуў за дзверы міністр культуры Руслан Чарнецкі. «Як сабак»8

Сёстры Груздзевы драматычна расказалі, як іх выкінуў за дзверы міністр культуры Руслан Чарнецкі. «Як сабак»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць