Польскія археолагі хочуць зноў даследаваць Грунвальдскае поле
Нягледзячы на падрабязны летапіс Яна Длугаша, пра ход Грунвальдскай бітвы дагэтуль застаецца больш пытанняў, чым адказаў. Таксама пакуль што не знойдзенае пахаванне некалькі тысяч забітых.
Прайшло больш за 20 гадоў пасля заканчэння археалагічных прац на палях Грунвальда. Сёння гісторыкі хочуць аднавіць вывучэнне месца бітвы. Археолагі разлічваюць, што дзякуючы сучасным тэхналогіям атрымаецца знайсці раней невядомыя сляды бітвы.
Планам па аднаўленні даследаванняў на Грунвальдскім полі і ў іншых месцах, звязаных з летняй выправай 1410 года, будзе прысвечаная канферэнцыя, арганізаваная 23 снежня ў Музеі Грунвальдскай бітвы. У замку ў Нідзіцы сустрэнуцца навукоўцы і спецыялісты археалогіі з Торуні, Ольштына, Лодзі, Любліна і Сілезіі.
Яны збіраюцца вызначыць мэты даследаванняў на найбліжэйшыя гады і распрацаваць праграму з выкарыстаннем сучасных тэхналогій у археалогіі.
— З гэтым мы звязваем вялікія надзеі. Лічым, што выкарыстанне новых тэхналогій дазволіць зусім інакш зірнуць на тое, што адбылося пад Грунвальдам, — сказаў Шыман Дрэй, дырэктар Грунвальдскага музея.
Папярэднія археалагічныя працы на грунвальдскіх палях праводзіліся ў 1958—1990 гг.
Як падкрэсліваюць гісторыкі, з тых часоў адбылося значнае развіццё тэхналогій. Выкарыстанне сучасных геаінфарматыцыйных метадаў можа праліць новае святло на хаду бітвы.
Даследаванне будзе мець міждысцыплінарны характар. Акрамя археолагаў у ім будуць удзельнічаць гідролагі, кліматолагі і спецыялісты іншых галінаў. Яны мусілі б вызначыць, у прыватнасці, дакладнае месцазнаходжанне даліны высахлага цяпер Вялікага Ручая, дзе адбылася сярэднявечная бітва.
Паводле дырэктара музея, нягледзячы на апісанне, што захавалася ў летапісах Яна Длугаша і ананімнай «Хроніцы канфлікту», наконт ходу Грунвальдскай бітвы па-ранейшаму застаецца больш пытанняў, чым адказаў.
Праведзеныя ў мінулым археалагічныя работы не прынеслі чаканых вынікаў.
Знойдзеныя толькі 28 фрагментаў узбраення, у асноўным кавалкаў балтоў і наканечнікі стрэл, часткі халоднай зброі і пальчатак.
Знайшліся тады і парэшткі каля 300 удзельнікаў бітвы, усе недалёка ад капліцы, узведзенай пасля бітвы на месцы крыжацкага лагера. На думку археолагаў, гэта азначае тое, што па-ранейшаму не выяўленае месца пахавання некалькіх тысяч загінулых.
Новыя даследаванні ўлічаць не толькі грунвальдскія палі, але і іншыя абшары, звязаныя з вайсковымі дзеямі: шлях руху абедзвюх армій, пераправы і кірункі ўцёкаў крыжакоў.
Найперш хочуць даследаваць руіны замка ў Кужэнтніку і старажытныя броды на рацэ Дрвенцы, каля якіх 11 ліпеня 1410 сустрэліся першы раз польска-літоўскае войска і рыцары ордэна. На канферэнцыі дырэкцыя музея падпіша ліст аб намерах з гмінай Кужэнтнік пра супрацоўніцтва аб атрыманні грантаў для такіх даследаванняў.
Па словах дырэктара Шымана Дрэя,
археалагічныя даследаванні на шляху польска-літоўскага войска могуць паспрыяць падзенню «міфа Сянкевіча» пра высакароднасць рыцараў караля Ягайлы і дрэнных крыжакоў.
— Насамрэч армія, ідучы на Грунвальд, паліла крыжацкія вёскі, рабуючы і, імаверна, забіваючы цывільных жыхароў. Пра палаючыя вёскі ворага, якія згадваюць крыніцы, пацвердзілі ранейшыя археалагічныя раскопкі, — нагадаў дырэктар музея.
На брацкую магілу больш чым 70 жыхароў, што загінулі ад удараў халоднай зброі, натрапілі ва Ульнове, недалёка ад ранейшага лагера польска-літоўскіх войскаў. Паводле гісторыкаў, найбольш трагічныя падзеі адбыліся ў Дуброўна, дзе мясцовых жыхароў спалілі жыўцом у касцёле, абложаным арміяй Ягайлы.
Каментары