Акцыянеры расійскага ААТ «Уралкалій» і кіраўніцтва Беларусі рыхтуюцца да перамоў аб аднаўленні партнёрства, якія пройдуць праз месяц пры ўдзеле Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта паведамляе «Коммерсант» са спасылкай на неназваныя крыніцы.
Як стала вядома «Коммерсанту», расійскі бок прапаноўвае стварыць новага агульнага трэйдара, зарэгістраванага ў Маскве, узамен Беларускай калійнай кампаніі. У капітале новага трэйдара «Уралкалій» хоча атрымаць кантрольны пакет, але пакуль Мінск на гэта не згодны.
Новыя акцыянеры «Уралкалія» 5 сакавіка ўпершыню публічна выказаліся наконт наступных адносінаў паміж кампаніяй і ААТ «Беларуськалій», сумесны трэйдынг з якім «Уралкалій» разарваў яшчэ ў ліпені 2013 года. Кіраўнік «Анэксіма» (27,09% акцый «Уралкалія») Дзмітрый Разумаў заявіў Reuters, што аднаўленне супрацоўніцтва «сыграе на руку» абедзвюм кампаніям і «будзе карыснае для сусветнага рынку ўгнаенняў».
Як пацвердзіла крыніца «Коммерсанта», знаёмая з сітуацыяй, акцыянеры «Уралкалія» і кіраўніцтва Беларусі разглядаюць магчымасць аднаўлення супрацоўніцтва і плануюць у канцы сакавіка — пачатку красавіка правесці перамовы.
Паводле яго слоў, сустрэча пройдзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.
За перамовы выступаюць абодва ключавыя саўладальнікі «Уралкалія», якія стаяць на агульнай пазіцыі, запэўнівае іншая крыніца выдання, блізкая да кампаній.
Расійскі бок, паводле звестак крыніцаў «Коммерсанта», прапаноўвае стварыць новага адзінага пастаўшчыка для «Уралкалія» і «Беларуськалія» ў Маскве, з долямі 65% і 35% адпаведна, «але пакуль гэты варыянт беларусаў не задавальняе».
Такая схема працавала да 2005 года, нагадвае выданне. Тады «Беларуськалій» прадаваў большую частку прадукцыі праз маскоўскае ЗАТ «Міжнародная калійная кампанія» (па 33% акцый належалі беларусам, «Уралкалію» і «Сільвініту»). У 2012 годзе «Уралкалій» ужо прапаноўваў перавесці трэйдара ў іншую юрысдыкцыю або стварыць новага, каб знізіць краінавыя рызыкі і прыцягваць інвестыцыі. Бакі абмяркоўвалі праект «Саюзкалій» у Швейцарыі, але ён не быў рэалізаваны.
Пасля разрыву сумеснага трэйдынгу «Уралкалію» ўдалося захаваць значную частку рынку.
Але апошнім часам «Беларуськалій» пачаў актыўную працу па пошуку спажыўцоў. У лютым ён заключыў кантракт з Інданезіяй (па 250 тыс. тон у год цягам трох гадоў), з Кітаем (600 тыс. тон да ліпеня), з Малайзіяй і нават на расійскім рынку (з «Фасагра»). Паводле слоў аднаго з суразмоўцаў «Коммерсанта», Беларусь спрабуе выкарыстаць рост долі на рынку ў якасці аргументу для пашырэння долі ў будучым СП.
Аб'яднанне трэйдынгу па старой схеме можа ўжо не адпавядаць інтарэсам Мінска, паколькі ён сам выйшаў на перспектыўныя рынкі і нарасціў аб'ёмы продажу, мяркуе Канстанцін Юмінаў з Raiffeisenbank.
Праект можа прыцягнуць «Беларуськалій» толькі выхадам у рэгіёны традыцыйнай прысутнасці «Уралкалія», напрыклад у Лацінскую Амерыку, удакладняе аналітык. Паводле яго слоў, аднаўленне партнёрства не прывядзе да хуткага росту сусветных цэн, якія рэзка ўпалі пасля разрыву. Але кампаніі, мяркуе аналітык, хутчэй за ўсё, будуць вяртацца да адхіленай «Уралкаліем» арыентаванай на цану стратэгіі, паколькі яна садзейнічае атрыманню большай маржы.
Нагадаем, у ліпені 2013 года расійская кампанія «Уралкалій» аб'явіла пра выхад са складу сумеснага з Беларуссю ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК) у сувязі з тым, што беларускі бок пачаў экспартаваць прадукцыю «Беларуськалія» ў абыход БКК.
5 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 399 «Аб удасканаленні экспарту калійных угнаенняў», у адпаведнасці з якім створана новая гандлёвая кампанія — ААТ «Беларуская калійная кампанія». На новую кампанію ўскладзены задачы, якія дагэтуль выконвала ЗАТ «БКК», — продаж калійных угнаенняў.
Указ быў падпісаны хутка пасля таго, як у дачыненні да групы супрацоўнікаў старой кампаніі — ЗАТ «БКК» — у Беларусі распачалі крымінальную справу, а старшыня наглядальнага савета ЗАТ гендырэктар ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгертнер быў арыштаваны ў Мінску. Менеджары ЗАТ «БКК» падазраюцца ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, а таксама ў крадзяжы.
Аляксандр Лукашэнка раней абвінавачваў кіраўніцтва і ўладальнікаў «Уралкалія» ў неабгрунтаваным дэмпінгу, які ўплывае на агульную цэнавую сітуацыю на рынку калійных угнаенняў. «…Яны знішчылі прадпрыемства. 900 долараў была тона калійных угнаенняў на сусветным рынку, сёння — 230. І яны яшчэ дэмпінгуюць, і яшчэ танней прадаюць», — казаў Лукашэнка на прэс-канферэнцыі расійскім журналістам у кастрычніку.
25 лістапада 2013 года першы намеснік гендырэктара «БКК» Аляксандр Палякоў, адказваючы на пытанне аб магчымым аднаўленні супрацоўніцтва БКК з «Уралкаліем», заявіў: «Для рынку наяўнасць дамоўленасці паміж беларускім і расійскім бакамі — пазітыўная, гэтага нават чакаюць. Мы гатовыя да гэтага, не закрытыя».
Каментары