Культура

Парны тэніс

Самага павярхоўнага погляду на беларускую палітыку досыць, каб зразумець, якое вялікае месца займае ў ёй спорт, які значны ўплыў на нашае жыцьцё маюць дасягненьні выбітных беларускіх спартоўцаў. Марыя Мартысевіч/Андрэй Хадановіч

Самага павярхоўнага погляду на беларускую палітыку досыць, каб зразумець, якое вялікае месца займае ў ёй спорт, які значны ўплыў на нашае жыцьцё маюць дасягненьні выбітных беларускіх спартоўцаў. Так, вяртаньне Максіма Мірнага ў першую сотню найлепшых ракетак сьвету натхніла паэтку Марыю Мартысевіч на зьмешчаны ніжэй верш. Прачытаўшы яго, я таксама глыбока задумаўся пра беларускі спорт, прычым — пра значнасьць і прыярытэтнасьць яго калектыўных, камандных відаў. Таму тое, што вы прачытаеце ніжэй, ёсьць супольным паэтычным праектам і прысьвечана менавіта парнаму тэнісу. Мы з маёй суаўтаркай прапаноўваем усім беларускім паэтам далучыцца да праекту «Парны тэніс» — разьбіцца на пары і напісаць па пары вершаў, так ці іначай зьвязаных між сабою, і тым самым узяць удзел у стварэньні новага, калектыўнага, каманднага віду паэзіі. (Магчыма, з часам такую забаву ўключаць у праграму алімпійскіх альбо паралімпійскіх гульняў.) Зусім не абавязкова пісаць менавіта пра тэніс, ёсьць шмат іншых сацыяльна значных тэмаў, якія дазволілі б нашым маладым паэтам выканаць свой грама¬дзянскі абавязак перад маладой беларускай дзяржавай.

АХ

    Марыя Мартысевіч. Мірны‑хоп

    І ўвесь сёньняшні вечар з вамі на корце — Макс Мірны.
    Рукі ягоныя — золата, пот яго — ладан і сьмірна.

    Прэс ягоны — тымпан, ногі яго — кіпарысы.
    Водар навокал — сандал, што з чрэслаў ягоных выпарыўся.

    Грудзі ягоныя — узвышшы гарналыжнага комплексу «Сілічы».
    У першых радах манэжу — людзі, якіх ён вылечыў,

    Вогнішчы зь іхных мыліцаў гараць у славу яму.
    Позірк ягоны ваду зараджае і дасьпявае хурму.

    Падача яго — кубамэтар газу ў беларускія вёскі…
    …І семдзесят пяць адсоткаў нябёсных анёлаў пяюць песьні боскія,

    І хірургі вяртаюць хабар, і бясплатна возяць таксісты,
    І школьнікі на экскурсіях шыхтуюцца парамі, як тэнісісты,

    І школьнікі са скаліёзам перастаюць сутуліцца,
    І Дэвіс п’е піва з кубка проста на вуліцы,

    І ўсе міс краіны спружыняць сьпінамі, нібы пантэры,
    І маладыя сем’і знаходзяць у чыпсах крэдыт на кватэры,

    І бэтэ трансьлюе ўручэньне Нобля ў простым этэры,
    І спадарожнікі не выбухаюць больш у стратасфэры,

    Калі ён выходзіць на хуткае пакрыцьцё,
    Імгненны, як сьмерць, прыўкрасьнейшы за жыцьцё.

***

    Андрэй Хадановіч. Мікст

    Зьбіраючы пары ў каўчэг, капітан быў, відаць, у сасіску —
    інакш запрасіў бы на борт беларускага тэнісіста і тэнісістку.

    На гэтай зямлі кожны сам за сябе, у сваёй пэрсанальнай аблудзе,
    а мірныя беларусы гавораць: «мы — парныя людзі!»

    Сусьвет на краі, ды яна — аптымістка, і ён — аптыміст,
    бо прывідна ўсё ў гэтым сьвеце, і ёсьць толькі мікст.

    Хай некаму хочацца ўсунуць два пальцы й даўжэй не вымаць іх з разэткі,
    ды ўсім, хто гаворыць, што выйсьця няма, яны кажуць, што ёсьць, і выходзяць да сеткі.

    Ён ня beauty і яна ня beauty,
    паасобку б’юць і б’юць і б’юць іх,
    ды калі яны ў пары,
    яны робяць удары,
    якіх не відаць на радары!

    Зірнуўшы на іншы бок корту са шкадаваньнем і лёгкай агідаю,
    ён падае і выходзіць да сеткі, нібыта нерат закідвае.

    Ён падае другую падачу й выходзіць да сеткі наперад,
    нібыта другі раз закідвае нерат.

    Ён бы і трэці закінуў — і шчэ невядома, што ў нерат бы трапіла,
    калі б ворагі не ўвялі супраць трэцяй падачы падступнае правіла.

    Яго мячык — як муха, што на ляту набывае вагу слана,
    асабліва калі ў кароткай сукенцы зь ім побач на корце яна.

    Ён ня beauty і яна ня beauty,
    паасобку б’юць і б’юць і б’юць іх,
    ды калі яны ў пары,
    яны робяць удары,
    якіх не відаць на радары!

    Хай зараз мільёны экранаў паказваюць іх паразу,
    мільёны пасьвечаных ведаюць: цуд не прыходзіць адразу.

    І голуб апусьціцца зь неба, нібы да каўчэга, і захвалююцца сьведкі,
    убачыўшы мячык для трэцяй падачы, — і нашы зноў выйдуць да сеткі.

    У гэтай гульні не бывае канца, кожны ўдар — гэта новы пачатак,
    і, паглядзеўшы на корт, нашы мальцы іначай глядзяць на дзяўчатак.

    І, ловячы позірк, дзяўчынка абуджаецца ад зімовае сьпячкі.
    Хоць мама гаворыць: «няма чаго тут лавіць», яна ловіць і прыносіць хлопчыку мячыкі.

    Ён ня beauty і яна ня beauty,
    паасобку б’юць і б’юць і б’юць іх,
    ды калі яны ў пары,
    яны робяць удары,
    якіх не відаць на радары!

Каментары

Цяпер чытаюць

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці3

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці

Усе навіны →
Усе навіны

У Нацыянальнага мастацкага музея новая дырэктарка. Мінулай была незадаволеная Пяткевіч6

Анджаліна Джалі перайшла мяжу з Украінай пешкі2

Мінскі ГУМ прэзентаваў навагоднія вітрыны1

Грамадзянку Беларусі арыштавалі за незаконны ўвоз авіяцыйных складнікаў з ЗША ў Расію1

Luxvisage адказаў на скаргі расіянак, у якіх нібыта з-за беларускага геля масава выпадаюць бровы3

Назвалі самую бяспечную краіну свету для паездак13

«Зайшла ў залу — і людзі падняліся, пачалі пляскаць». Сем яркіх фота галоўрэда Tut.by Марыны Золатавай да яе 48-годдзя1

Ізраільскі міністр заклікаў яўрэяў пакінуць Нью-Ёрк24

На «Нафтане» ў Наваполацку адбыўся пажар2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці3

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць