Меркаванні7474

Віктар Марціновіч: Краіна на літару «Ѣ»

У 1918 годзе была абвешчаная рэформа рускага правапісу, якая за 20 гадоў цалкам скасавала літары Ъ, Ѣ, Ѳ ды Ѵ. Вікіпедыя паведамляе, што стары правапіс яшчэ ўжываўся на тэрыторыях, «якія кантралявалі белыя ўрады ў Расіі, гэтаксама як і ў эмігранцкіх выданнях». І ў мяне ёсць адно пытанне, што ўзнікла пасля шматлікіх шпацыраў па Мінску, пасля чытання этыкетак, назваў і г.д.: мы што, тэрыторыя, якую кантралююць белыя ўрады Расіі? Ці, можа, уся нашая краіна – адно эмігранцкае выданне?

«Ресторанъ «У Ратуши», брэнд «Знатный продуктъ», згушчанае малако, на якім ганарыста значыцца «Рогачевъ»… я магу працягваць, але гэта бессэнсоўна: проста падыдзіце да лядоўні ды пачытайце, што і якой мовай напісана на смятане, пельменях, кефіры.

Гэта не харчаванне, гэта нейкае эмігранцкае выданне. Мой асабісты фаварыт – рэстарацыя Трактиръ «Стары Млын» у Ашмянах. Вось так прыдумаць: каб і «трактир», и пры гэтым «млын», а не «мельница», можа толькі наш мульцілінгвістычны чалавек.

У Літве ў 2011 годзе быў пачаты працэс забароны ўжывання нелітоўскай мовы на вулічных шыльдах, што пазначаюць назвы. Цяпер шыльдачкі на рускай ці польскай – па-за законам, муніцыпалітэты ладзяць іх дэмантаж. Уладальнікі самай буйной літоўскай сеткі рэстаранаў рускай кухні «Царское село» хуценька зразумелі, адкуль дзьме вецер, і канчаткова прыбралі рускую мову з меню – цяпер з пералікам страваў тут можна азнаёміцца толькі па-англійску і па-літоўску. Шыльду, дарэчы, яны змяняць не абавязаныя, бо не з’яўляюцца грамадскай установай.

У Беларусі тым часам з захапленнем гуляюцца ў дарэформенную рускую арфаграфію, атрымліваючы пякучы кайф ад атмасферы правінцыйнасці, якая такім чынам уладкоўваецца навокал.

Чаму яны ляпаюць «Ъ» ды «Ѣ» усюды? Доля прагматызму тут ёсць, бо, як спяваецца ў бессмяротным хіце,«Хімія, хімія, ты, малая, ждзі меня» з фільма «Случай з пацаном»:

«У маскалёў абычна многа дзенег,
Дзеняжныя людзi, маскалi.
Он думаў – усех лашыц у нас разьдзенет
За свае расiйскiя рублi».

Такім чынам, рэстаратары, гародзячы ўсе гэтыя мілыя сэрцу манархіста старыя літарчыкі, спадзяюцца, што да іх прыйдзе багаты-багаты рускі нафтавік і пакіне за вячэру палову бюджэту Мінскай вобласці.

Што праўда, масквічы, прыбыўшы ў Мінск, ва ўсе гэтыя пякельныя «рюскія» месцы з яцямі не асабліва суюцца, бо патыхае ад іх невыноснай другаснасцю: яны ж, рускія, едуць сюды як у Еўропу, паглядзець на «дарогі як у Швейцарыі» і пакаштаваць фламбэ з грушы на пялёстках хамона! А ім суюць у вочы ўсё той жа «Трактиръ», ад якога яны так стаміліся ў родным горадзе Новахапёрску Варонежскай вобласці.

Толькі ж у людзі выбіліся! Толькі ў Маскве зачапіліся! Толькі вось на падарожжа «ў нашую братнюю Швейцарыю» грошай адклалі! А тут – той жа самы Навахапёрск Варонежскай вобласці: «ТРАКТИРЪ», клуб «МОСКВА» ды кавярня «ЧѢХОВЪ», барані Божа!

Здараецца ў тым, як беларускі ўладальнік бізнесу трасецца над «Ѣ», і наіўна-эмацыйны нюанс. Гэта такая настальгійка па незваротна страчанай прыгожай даўніне. Па мезанінах, інстытутках, гардэмарынах, Купрыну, ларнетах, веерах ды профілю любай дзяўчыны на аметыставым intaglio.

І вось гэты матыў – ён самы цікавы, бо ўключае ў сябе цягу нашых людзей да прыгажосці. І менавіта з гэтым матывам трэба разабрацца адзін раз і назаўсёды. Справа ў тым, родныя вы мае, што калі назву «ТРАКТИРЪ» змяшчае на сваёй установе з пластыкавым посудам ды зліплымі пельменямі дзядзя Вася з Новахапёрску Варонежскай вобласці, ён такім чынам нагадвае наведнікам пра часы, калі Расія БЫЛА ІМПЕРЫЯЙ.

Калі гэта робіць беларускі рэстаратар, установа якога знаходзіцца ў самым цэнтры, ён нагадвае ўсім – у тым ліку мне асабіста – пра часы, калі мой родны кут быў ПАД ІМПЕРЫЯЙ. І я, натуральна, нічога прыемнага тут не адчуваю.

Трэба быць хворым на Стакгольмскі сіндром, каб хадзіць у такое месца. Што ў гэтых «Ъ», як не туга і сум па тых часах, калі тут запраўляў генерал-губернатар? Вас гэтая туга не пужае, таварыш Мінгарвыканкам?

Але палемікай тут не дапаможаш.

Бо, прадбачу, усе мае аргументы будуць блакаваныя меркаваннем, што кожны чалавек мае права настальгіраваць па чым заўгодна. І што аўтару варта паслухаць вельмі прыгожую песню «Как упаіцельны ў Расіі вечыра» – ён тады ўсё зразумее і супакоіцца. І што нават калі яму і надалей будзе не падабацца брэнд «Знатный продуктъ», ён можа набыць які-небудзь іншы брэнд.

Праблему можна вырашыць двума шляхамі.

Першы: можна скінуцца ўсім Сецівам і прэзентаваць дзядзькам, якія трымаюць брэнды з «Ъ», «Ѣ» у назвах, кніжку Уладзіміра Арлова пра ВКЛ, яго росквіт і заняпад (і ролю Расіі ў апошнім). Гэта трохі праветрыць ім галовы, выдзьме адтуль пыл і кашу «Сувораўскую».

Другі шлях болей эфектыўны: можна ініцыяваць заканадаўчую забарону ўжывання літар «Ъ», «Ѣ» у назвах грамадскіх, забаўляльных і харчавальных устаноў Беларусі.

А то што такое: тарашкевіцкі правапіс забаранілі – а дарэформенны рускі правапіс карыстай хто хоча. Ці не дзіўна?

Час цяпер такі, што ўсе добрыя ідэі, што агучваюцца энтузіястамі ў публічнай прасторы, імгненна падхопліваюцца дзяржаўнымі ўстановамі і рэалізуюцца так, быццам іх вынайшлі чыноўнікі. У гэтым сэнсе я не горды, мне ўсё роўна, ад імя каго будзе складзены і ўнесены такі законапраект.

Проста вельмі ж задзяўбло жыць у краіне на літару «Ѣ», у горадзе, які так проста пераблытаць з Новахапёрскам…

Каментары74

Цяпер чытаюць

Наўроцкі заявіў, што Польшча павінна распрацаваць уласную ядзерную зброю17

Наўроцкі заявіў, што Польшча павінна распрацаваць уласную ядзерную зброю

Усе навіны →
Усе навіны

Прэм’ерка Даніі: Трэба дазволіць наносіць удары ўглыб Расіі, бо ў Расіі разумеюць толькі сілу12

У Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі заліло вадой аперацыйны блок. Мінздароўя: абсталяванне не пацярпела

«Мы зрабілі памылкі разам, і разам абавязаныя іх прызнаць». Тэкст прамовы Марка Рубіа на Мюнхенскай канферэнцыі34

Шалёныя штрафы і праца нон-стоп: беларусы расказалі пра пякельныя ўмовы на складах Wildberries і Ozon27

Італьянец выпадкова выкінуў у смецце 20 залатых зліткаў2

Акіян за некалькі дзён змяніў аблічча аднаго з самых вядомых пляжаў Ісландыі4

У Лагойскім раёне перакуліўся аўтобус з 47‑мю пасажырамі1

Першыя сярод іншаземцаў на ўкраінскім фронце — калумбійцы. Чаму менавіта яны?4

Бразільскі гарналыжнік выйграў на Алімпіядзе1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Наўроцкі заявіў, што Польшча павінна распрацаваць уласную ядзерную зброю17

Наўроцкі заявіў, што Польшча павінна распрацаваць уласную ядзерную зброю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць