Мультфільм пра мужную кітаянку стане ігравым фільмам.

Натхнёная поспехам новай «Папялушкі», студыя Disney возьмецца за кінаадаптацыю мультфільма «Мулан», паведамляе The Hollywood Reporter.
На сёння вядома толькі тое, што прадзюсарамі новай «Мулан» стануць Крыс Бендэр і Дж. С. Спінк, якія працавалі над «Хлапечнікам у Вегасе» і «Мы — Мілеры», а сцэнарыстамі — Лорэн Хайнэк і Элізабэт Марцін.
Даты пачатку здымак і выхаду на экраны невядомыя.
***
Арыгінальны мультфільм «Мулан» 1998 года распавядаў гісторыю адважнай Фа Мулан (альбо Хуа Мулань), якая пераапранулася ў мужчыну, каб бараніць Радзіму ад нашэсця гунаў. З дапамогай маленькага дракона Мушу і цвыркуна Кры-Кі яна перамагае лідара гунаў Шань-Ю і становіцца адной з самых незвычайных «дыснэеўскіх прынцэс».
Мультфільм атрымаў пазітыўныя водгукі крытыкаў і пры бюджэце ў 70 млн даляраў сабраў у сусветным пракаце 300 млн даляраў. Другая частка мультфільма выйшла наўпрост на DVD і не мела шырокага поспеху.
Існуюць прынамсі шэсць кітайскіх кінаадаптацый легенды пра Мулан (найбольш вядомая — стужка 2009 года рэжысёра Ма Чушэн), але ніводная не мела поспеху на Захадзе.
Планы Disney па перазапусках сваёй спадчыны не абмяжоўваюцца «Мулан». Студыя рыхтуе перазапускі «Красуні і пачвары», «Дамба» (ім зоймецца Цім Бёртан), «Кнігі джунгляў» і «Бэмбі».
У інтрэнэце набірае папулярнасць жартаўлівы трэйлер па матывах перазапускаў дыснэеўскай класікі, дзе ролю аляняткі Бэмбі выконвае Дуэйн Джонсан.
Каментары