Меркаванні1313

Віктар Марціновіч: Чаму не варта было забараняць «Нумар 44»

Можа падацца, што сітуацыя са зняццем з пракату фільма «Нумар 44» звычайная і нічым не прыкметная. Уключылі ж у спіс не прыдатных для паказу не толькі смешны «Борат», але і цалкам фантастычны «V значыць вендэта».Наша «камісія па нраўственнасці» разам з ідэолагамі нават «Кін дза дза» маглі б забараніць. Лёгка! Але «Нумар 44» — зусім іншае.

Рэч у тым, што рашэнне прымалася не ў Беларусі і не беларускімі дбаўцамі пра прыгажосць і гістарычную праўду. Беларускія ідэолагі фільм прапусцілі, ягоная прэм’ера была прызначана на 16 красавіка. І не адбылося яе з той дзіўнай прычыны, што фільм прызналі шкодным ў Расіі. Кінадыстрыб’ютар «Цэнтрал Партнершып» «сур’ёзна папярэдзіў» беларускі «Кінавідэапракат» пра тое, што «Нумар» паказвацца не мусіць. І беларусы ад гэтага папярэджання склалі лапкі і стужку знялі. Нават штрафныя санкцыі не выставілі, што для нашай краіны агулам нехарактэрна.

Такім чынам, маем выпадак карціны, якую беларускі глядач не ўбачыць па званку з Масквы. Пагодзімся, гэта зусім не тое ж самае, калі рашэнне прымаюць мясцовыя ўлады.

Што за фільм «Нумар 44»? Зыходзячы з трэйлера і сінопсіса — страшэнная дурата, дзе Савецкі Саюз паказаны прыкладна так, як некалі яго паказалі ў Read Heat (памылкова перакладзеным як «Чырвоная спёка») з Арнольдам Шварцэнэгерам. На трэкерах «Нумара» пакуль няма, таму давялося расшукаць раман Тома Роба Сміта «Дзіця 44», экранізацыяй якога з’яўляецца твор.

Вычарпальнае ўражанне пра мастацкія вартасці тэксту можна атрымаць з самага першага ягонага сказу: «Теперь, когда Марья решила умереть, ее коту придется заботиться о себе самому».

Я сціснуў зубы і прагартаў 800 старонак, прысвечаных камічнаму апісанню голаду ва Украіне, «загадкавым» знішчэнням дзяцей ў 1950-я і г. д. На думку аўтара, калі чалавеку няма чаго есці, ён ляжыць на печы і глядзіць у столь; абгрызеныя косткі ўкраінскія жанчыны піхаюць у бутэлькі і змяшчаюць у лункі на рацэ, каб не дасталіся суседзям, — і ўзнікае, канечне ж, пытанне, як яны ныраюць па гэтыя бутэлькі, калі лёд растае, але гэта няправільнае пытанне: для аўтара на нашай тэрыторыі заўсёды зіма і лёд. Там ёсць яшчэ «страшныя» забойствы, «бледныя трупы», «грудзіна», якую эксперт-крыміналіст блытае з «брушынай», і іншыя наступствы таго, як кембрыджскі выпускнік, які ніколі не цярпеў галечы і ніколі як след сам не палохаўся, спрабуе выдумаць жудасны сюжэцік пра моцна збянтэжаных людзей.

У мяне з нагоды забароны фільма і таго, праз што я прайшоў, чытаючы кнігу, ёсць два тэзісы.

Першы я хацеў бы адрасаваць расійскаму міністру Мядзінскаму, другі — кіраўніцтву беларускага «Кінавідэапраката» і мясцовым органам кіравання культурай.

Дык вось, Уладзімір Расціслававіч, я не разумею, чаму вашае міністэрства ўзялося рэкламаваць творы такой сумнеўнай мастацкай вартасці. Дзякуючы вам увесь Новасібірск ужо ведае кароткі змест оперы «Тангейзер», але, разумееце, хай бы вы працягвалі ваяваць з Вагнерам, не апускаючыся да Тома Роба Сміта.

Спадар міністр, мы з вамі жывём у свеце, дзе адзіным вынікам любой забароны ёсць папулярызацыя забароненага твора. Зрабілася цалкам немагчымым любое аўтадафэ: «Нашы» ўжо зразумелі гэта, спаліўшы кнігі Сарокіна і адчуўшы, што гэта сталася найлепшай рэкламай кніг Сарокіна. Забарона цяпер — гэта піяр-спектакль, накіраваны на папулярызацыю. Калі вы не разумелі гэтага раней, вы гэта дакладна зразумелі цяпер, што вынікае з вашых словаў («У групы грамадзян узніклі падазрэнні, што мы пазбаўляем іх нечага прыгожага. Некаторыя нават дапусцілі, быццам фільм раскрывае нейкія таямніцы рускай гісторыі. Афіцыйна заяўляю: гэтыя падазрэнні беспадстаўныя»).

Вы нават паабяцалі выкласці кіно ў інтэрнэт — ці гэта было вашай першапачатковай задачай? Вы павінныя былі яго папулярызаваць? Ці забараняць? А можа, папулярызаваць вы яго ўзяліся, бо адчулі, што няма большай папулярызацыі, чым забарона? І цяпер думаеце, што кіно, якое Мінкульт выкладае ў інтэрнэт, болей не будуць глядзець?

Цяпер што тычыцца нас, беларусаў. «Такія фільмы не павінныя выходзіць у нашай краіне ў масавы пракат… ні ў 70-ю гадавіну Перамогі, ні калі яшчэ»,

— казаў Мядзінскі пра «Нумар 44» яшчэ тады, калі думаў, што гэткія ягоныя выказванні знішчаць інтарэс да стужкі, а не наадварот. — Не краіна, а Мордар, з фізічна і маральна непаўнавартаснымі недачалавекамі… Вось у такой краіне адбываецца дзея фільма ад 30-х да 50-х гадоў ХХ стагоддзя. Так паказаная нашая краіна — тая самая, якая толькі што перамагла ў Вялікай вайне, вырвалася ў лік сусветных лідараў і вось-вось запусціць першага чалавека ў космас».

Калі пільна ўгледзецца ў гэтыя выразы, можна зразумець, чым так спалохала пасрэднае кіно па абы-якой кнізе рускага міністра і таго, хто гэтага міністра прызначыў.

Абраза СССР. Непрыгожыя людзі. Салдаты-марадзёры, дэбісты-дэбілы, забойствы, якія ніхто не даследуе, страх, галеча і галадамор.

Расіі робіцца няўтульна ад усяго гэтага. Нават калі яно пададзенае ў выглядзе каструбаватага дзіцячага комікса.

Але, шаноўны «Кінавідэапракат», чаму млосна ад гэтага павінна рабіцца нам? Давайце вызначымся: мы — нашчадкі СССР? Ці, можа, тыя, хто ад СССР пацярпеў? Так, як цярпела Украіна, балтыйскія рэспублікі і іншыя? Так, мы разам перамаглі фашызм, з гэтым ніхто не будзе спрачацца, але ці варта нам падзяляць крыўду і боль рускіх з нагоды абразы савецкага?

Я не лічу сабе савецкім чалавекам. Болей за тое, я не лічу сабе чалавекам постсавецкім. Я гляджу не ў мінулае, а ў будучыню, дзе нас чакае шанец зрабіцца краінай, ідэнтычнасць якой не ўтаропленая ва ўсе гэтыя мдбшна-нквдшныя вампірскія расклады. Для мяне савецкі дэбіст — адмоўны персанаж. Мне не крыўдна, калі Галівуд крыўдзіць яго.

Мне радасна ад таго, што 70 гадоў таму быў пераможаны Гітлер, але мне прыкра ад таго, што пасля гэтага працягваўся ГУЛАГ. З адмовы ехаць у Маскву 9 траўня вынікае, што ўсё апісанае вышэй разумее нават найвышэйшае кіраўніцтва Беларусі.

Дык ці не паспяшаліся «Кінавідэапракат» і органы кіравання культурай бараніць савецкае па першым званочку Мядзінскага?

Каментары13

Цяпер чытаюць

Чаму зніклых людзей шукаюць так доўга пры вялікай колькасці камер відэаназірання па ўсёй краіне?

Чаму зніклых людзей шукаюць так доўга пры вялікай колькасці камер відэаназірання па ўсёй краіне?

Усе навіны →
Усе навіны

Анатоль Вайцяхоўскі спакойна прыехаў у Беларусь рэйсавым аўтобусам7

«Такіх скоцкіх адносін, як у баранавіцкім СІЗА, я нідзе не сустракала». Пенсіянерка Алена Гнаўк расказала, як з яе здзекаваліся за кратамі6

На БТ заявілі, што шпіён Уладзімір Усер пісаў з Польшчы ў камісію па вяртанні6

Расійскі дыпламат, які загінуў на Кіпры, хутчэй за ўсё, працаваў на ГРУ. Магчыма, ён хацеў перабегчы на Захад1

Расійская разведка рэзка наехала на канстанцінопальскага патрыярха23

Мая Санду выступіла за аб'яднанне Малдовы з Румыніяй13

Іранскія ўлады навязваюць кантакты з кіраўніцтвам ЗША2

На радзіме апошняга караля Рэчы Паспалітай прадаюць будынак былой плябаніі2

Ці не зашмат «засталічаная» Беларусь? Сяргей Навумчык дыскутуе з Адамам Глобусам26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму зніклых людзей шукаюць так доўга пры вялікай колькасці камер відэаназірання па ўсёй краіне?

Чаму зніклых людзей шукаюць так доўга пры вялікай колькасці камер відэаназірання па ўсёй краіне?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць