Адміністрацыя Трампа разважае над стварэннем «Рады міру» для Украіны па прыкладзе Газы
Узначаліць яе павінен сам прэзідэнт ЗША.

Брытанская газета Financial Times паведамляе, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа разглядае магчымасць стварэння «Рады міру», якая магла б кантраляваць выкананне будучага пагаднення аб спыненні вайны ва Украіне.
«Рада міру» — гэта частка мірнага плана для сектара Газа, узгодненага пры пасярэдніцтве Трампа. Гэты орган, які павінен узначаліць сам Трамп, мусіць каардынаваць кіраванне палесцінскім анклавам у будучыні.
Як паведаміў выданню высокапастаўлены ўкраінскі чыноўнік, які ўдзельнічае ў перамовах з ЗША, стварэнне «Рады міру» для Украіны (якую таксама павінен узначаліць амерыканскі прэзідэнт) з’яўляецца «важнай часткай прапаноў, накіраваных на завяршэнне расійскай вайны».
Паводле слоў суразмоўцы FT, у раду павінны ўвайсці прадстаўнікі Украіны, Еўропы, НАТА і Расіі, а яе задачай стане гарантаванне выканання будучага мірнага плана і кантроль за яго захаваннем.
Пакуль няма ніякіх прыкмет таго, што Расія гатовая пагадзіцца — або нават сур’ёзна абмяркоўваць — мірны план з 20 пунктаў, узгоднены ЗША, Украінай і яе заходнімі саюзнікамі. Масква настойвае на тэрытарыяльных саступках з боку Украіны, у Кіеве гэтыя патрабаванні лічаць непрымальнымі.
Як піша FT са спасылкай на свае крыніцы, у адміністрацыі Трампа таксама разглядаюць ідэю прымянення схемы з «Радай міру» для завяршэння іншых канфліктаў, у тым ліку ва Украіне і Венесуэле.
Паводле звестак выдання, гэты план можа быць прадстаўлены на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, які адбудзецца на наступным тыдні.
Аднак заходнія і арабскія дыпламаты выказваюць занепакоенасць у сувязі з гэтай ідэяй, адзначаецца ў публікацыі.
Адзін з суразмоўцаў FT, знаёмы з прапановамі ЗША, заявіў, што, на думку некаторых, адміністрацыя Трампа разглядае «Раду міру» «як патэнцыйную замену ААН… своеасаблівы паралельны неафіцыйны орган для ўрэгулявання іншых канфліктаў, не толькі ў Газе».
Каментары