Культура99

Моцарт, сын палка

17 сакавіка заля Купалаўскага тэатру ўжо ніяк не была настроеная на сур’ёзны спэктакль. Чакалі нейкую камэдыю пра генія, што зьбег з вар’ятні. Сярод гледачоў асабліва вылучалася моладзь, што жавала гумку: хлопцы з завушніцамі і дзяўчаты, нафарбаваныя пад Зелянкоўскую. Піша Аляксандар Фядута.

17 сакавіка заля Купалаўскага тэатру ўжо ніяк не была настроеная на сур’ёзны спэктакль. Чакалі нейкую камэдыю пра генія, што зьбег з вар’ятні. Сярод гледачоў асабліва вылучалася моладзь, што жавала гумку: хлопцы з завушніцамі і дзяўчаты, нафарбаваныя пад Сьвятлану Зелянкоўскую.

Найцяжэй глядзець спэктаклі паводле п’есаў сучасных аўтараў. Ідзеш на Гальдоні, Шэксьпіра, Дударава‑Марцінкевіча — і разумееш, што пабачыш усясьветную клясыку, хаця і не без рэжысэрскіх выкрутасаў. А тут — нейкая Марыя Ладо! Што нам усім гэтая Гэкуба?!

Гэтая «Гэкуба» напісала найноўшую варыяцыю нават не гогалеўскага «Рэвізора», а «Прыежджага з сталіцы» Грыцька Квіткі‑Аснаўяненкі. У таго пя’нага актора, што патрапіў у ДТЗ (паводле мерак ХІХ ст., зразумела), прымаюць за важнага чалавека. Тут за заежджага гастралёра прымаюць апантанага Моцартам юнака, што зьбег зь мясцовай вар’ятні. І дазваляюць яму кіраваць аркестрам.

У выніку выходзіць выбуховая сумесь Фэліні, Ануя (абодва мэтры вызначыліся ў «аркестравай» тэматыцы), Аснаўяненкі і дакладна ўжо Гогаля — балазе, Сяргей Краўчанка грае заключную сцэну свайго інспэктара аркестру, дакладна аднаўляючы памятны маналёг Антона Антонавіча Сквозьнік‑Дмуханоўскага: «З чаго сьмеяцеся?» І гэта б цалкам задаволіла тую моладзь, што сабралася ў залі і была гатовая спачатку рэагаваць на пацешныя жарцікі і крыўляньні, безь якіх такія асацыятыўныя альбо асучасьненыя пастаноўкі абысьціся ня могуць (прыгадваецца, на «Дэмэтрыюсе» ў РДТ неяк сьвятло пагасла, дык спадарыня Клебановіч хіба што анэкдоты не пачала расказваць — абы глядач не запанікаваў).

Тым больш што выканаўца ролі зьбеглага з вар’ятні Маэстра Раман Падаляка з самага пачатку спрабаваў дэманстраваць залі шалёныя вочы, надрыўна раўсьці і граць перапады ад брутальнага і мала чым апраўданага гневу да прыступаў настолькі ж мала апраўданага самалупцаваньня. Да антракту нават бляндынкі здагадаліся, што ён іграе вар’ята.

Не здагадаліся толькі аркестранты на сцэне. І ня толькі таму, што так прыдумала драматург Марыя Ладо. Таму што так прыдумаў рэжысэр Аляксандар Гарцуеў і сыгралі «купалаўцы».

Вось жывуць яны на сцэне гэтыя дзьве гадзіны свайго жыцьця. Вельмі розныя. Камусьці далі партнэра, зь якім яны граюць дуэт. Камусьці далі толькі адну рэпліку. Чыюсьці біяграфію (тата ў яго — прафэсар кансэрваторыі) мы пачуем. А чыюсьці — пабачым.

Вось сужонцы‑валторны (Андрэй Гладкі і Сьвятлана Зелянкоўская). Ён ажаніўся зь ёю здуру, па маладосьці: пераспаў у інтэрнаце, выпіўшы лішку. І цяпер ім наканавана ўсё жыцьцё ў адну дудку дудзець, то бок, вядома, у валторну: яна — кахаючы яго, ён — яе ненавідзячы. І дзяцей у іх няма. І яна спрабуе ўпіхнуць яму кіслы яблык (зусім наіўная біблійная асацыяцыя), кавалкі якога потым забіваюць муштук валторны і не даюць граць…

Вось цуд — глухі скрыпач (Генадзь Гарбук)! Яго трымаюць у аркестры зь літасьці: у яго нікога няма, акрамя сямігадовай унучкі, якую трэба ставіць на ногі. Але ён грае бяз фальшу, таму ягонай глухаты ніхто не заўважае. І калі ён сыходзіць, у руках у яго — аранжавы поліэтыленавы пакет: ён нешта набыў для сваёй дзяўчынкі. А што стала зь яе бацькамі, давайце ня будзем пытацца…

Вось правільны ва ўсіх сэнсах альтыст Кірпіч (бліскучая праца Аляксандра Падабеда). Ён ня п’е кавы, сьпіртнога, ня курыць — спажывае толькі зялёную гарбату. Ён ведае ўсё, што трэба ведаць да ягонага ўзросту. Ён — клясычны зануда, і таму яго ўсе ненавідзяць. І ён іх ненавідзіць. Таму што працоўны дзень мусіць скончыцца а 18.00, сонца мусіць уставаць на ўсходзе, а Волга — цячы ў Касьпійскае мора. І аркестар — гэта не сям’я, а працоўнае месца, таварышы!

Гэта такі зрэз інтэлігентнага грамадзтва. Ну, ставяць спэктакль пра музыкаў — а маглі б і пра актораў. Сярод іх ёсьць габрэй (Алег Гарбуз) і паненка, што марыць пра выгодную партыю для шлюбу (Вікторыя Чаўлытка). Ёсьць рамесьнік, абыякавы да сваёй віялянчэлі (Аляксей Чарнігін), і вясёлы балбатун, што спэцыялізуецца на анэкдотах (Павал Яскевіч). І калі яны не забываюць, што ўвесь час знаходзяцца на сцэне, то за імі так цікава назіраць. За ўсімі! Нават за флейтыстам (Аляксандар Паўлаў), што вымаўляе ўсяго адну рэпліку: «Кастаправаў». Прозьвішча ў яго такое.

І вось у сьвет гэтых людзей, кожнага зь якіх мы бачылі ў сваім жыцьці — не на сцэне, а ў рэальным жыцьці — урываецца Моцарт. Так, так, вядома, — псых, што лічыць сябе Моцартам! Але тое, як яго грае Раман Падаляка, не пакідае сумневу: і Моцарт быў псыхам! Геній псыхам проста абавязаны быць! Таму што толькі вар’ят здольны зь першай жа хвіліны пераканаць вас, такога нармальнага і звычайнага, у тым, што ён мае рацыю (гл. у Эдгара По: «Лекавы сродак доктара Смалы і прафэсара Пер’е»). Таму што вар’ят хітры, вёрткі і ператвараецца ў вас самога — стасуючыся з вамі. Увогуле, пастаўце дыягназ Моцарту — і можаце бегчы за мяжу, дзе вам, як аднаму гарадзенскаму псыхіятру, дадуць палітычны прытулак.

Яны ня проста вераць гэтаму геніяльнаму хлопчыку з вачыма, што сьвецяцца цяжкім псыхічным захворваньнем. Яны ўлюбляюцца ў яго і хіба што толькі не ўсынаўляюць яго — як узвод капітана Янакіева ўсынавіў мурзатага Ваню Сонцава, зрабіўшы яго сынам палка. Гэта бачна з таго, як мяняецца стаўленьне да яго ў супольнага «таты» — патомнага канцэртмайстра скрыпак (Уладзімер Рагаўцоў): першапачатковы скепсіс саступае месца шчырай павазе. І супольная «мама» — арфістка (вельмі цёпла грае свой эпізод Алена Іваньнікава) дае яму каву — не ад падхалімства, а ад дабрыні: хлопчык стаміўся з дарогі, а тут такія скразьнякі… І з валтарністам Юрам ён будзе гаварыць пра тое, як важна нарадзіць сына, каб усё ў цябе наладзілася ў жыцьці. А зь літаўрыстам Жорам (Павал Яскевіч) глыне каньяку з кавай, каб сьвет здаўся такім каляровым і такім душэўным…

Вось былі яны такія розныя. І яднала іх толькі месца працы. А цяпер зьявіўся супольны сын, унук, брат, любімы — няхай і вар’ят, няхай! Важна тое, што цеплыні ў жыцьці кожнага зь іх стала крыху больш! І зьявілася музыка, якой раней не было. Былі толькі нотныя знакі, адсюль дасюль. Тут граем — тут ня граем. Дысцыпліна была.

А зьявілася — музыка!!!

І толькі адзін не паддаецца — ну якая ж гісторыя пра Моцарта без свайго Сальеры?!

Альтыст Валуеў (Ігар Дзянісаў) абмаляваны акторам настолькі дакладна і пераканаўча, што самы час многім нашым сучасьнікам паглядзець у люстэрка. Вось ён стаіць, саракадзевяцігадовы здаровы мужык, у замшавай куртцы, што выйшла з моды, з фрызурай a la Джон Ленан, у акулярах‑хамэлеонах (каб ніхто ў душу ня лез бруднымі ботамі). Ён быў пяць разоў жанаты (прычым два разы — з адною і тою ж дурніцаю). Ён марыў граць у «Бітлз», ну, прынамсі, — дарасьці да вядомасьці Башмета. Ён ведае, што ён — геній! А гібее ў правінцыйным аркестры, бяз званьня і ўзнагародаў. А калі дапусьціць, што тата і мама ў яго таксама былі музыкамі, і тата граў у тым самым аркестры, а мама — у суседняй багадзельні‑філярмоніі, то, Божа, як жа ён мусіць ненавідзіць і гэтую прафэсію, і самога сябе ў прафэсіі і безь яе, і гэтага саплівага шызоіда, што разыгрывае ролю генія! Мастацтва скончылася! Моцарта — не было! Чуеце выыыыыыыыыыыыыыыыыыыыы?

Ня цыніка грае Ігар Дзянісаў, а глыбока няшчаснага чалавека. Калі ў самым пачатку спэктаклю ён зьняў кубачак з гарбатай з уласнага альта (!) — калі толькі гэта не выпадковасьць, то гэтым усё сказана…

І мастацтва праходзіць паўзь яго, і каханьне (Юлія Шпілеўская выдатная ў ролі гатовай ахвяраваць сабой віялянчэлісткі Наташы) ён ледзьве не праміргаў (дурань, дурааань…) І трэба толькі паглядзецца ў люстэрка, каб пазнаць у ім — сябе.

Кожнаму — сябе.

Вось ён — дыплямат, адкліканы з замежжа, які на старасьці год заводзіць сабе блог, каб не адчуваць сябе выкінутым на сьметнік.

Вось ён — артыст, улюбёнец публікі, на чатыры гады выбраны дэпутатам, а далей — куды вяртацца? — маладыя вырасьлі!

Вось ён — журналіст, пазбаўлены газэты, мастак, карціны якога не купляюцца, рок‑сьпявак, якому не даюць выступаць перад публікай, прафэсар, што не дамогся нават чвэрткі стаўкі лябаранта на былой катэдры, філёляг, што так і не абараніў дысэртацыю…

Гэта — мы.

Жыцьцё мінае, як быццам цябе зьвязалі і адвезьлі ў вар’ятню санітары, адзін зь якіх па чарзе з Моцартам дырыжуе гэтым утрапёным аркестрам жыцьця. А хочацца, каб паднялася заслона, выйшлі музыкі ў зялёных касьцюмах канца XVIII стагодзьдзя і малады геніяльны Маэстра загадным тонам спытаў:

— Альт! А Вам што — пэрсанальнае запрашэньне да жыцьця трэба? Жывіце ў радасьці!

…І загучыць саракавая сымфонія. Памятаеце — струнныя там, у самым пачатку?

Гэта і ёсьць — вар’яцтва любові да чалавецтва, да сьвету, да жыцьця! Жывіце ў радасьці!

Аляксандар Фядута

Наступным разам спэктакль «Маэстра» на сцэне Купалаўскага тэатру -- 18 красавіка.

Каментары9

Цяпер чытаюць

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Усе навіны →
Усе навіны

«Кава стане раскошай». Беларусы шакаваныя цэнамі ў крамах16

«Апантанасці геапалітыкай, як у Расіі, у нас сёння няма». Гісторык паразважаў, ці перажывуць беларусы «русский мир»16

Рубіа патлумачыў заяву Трампа пра зброю для Украіны за кошт НАТА

«Горад працоўнай славы 1941—1945». У Баранавічах адкрылі манумент з дзіўнай назвай9

У Беларусі і Расіі распрацуюць штучны інтэлект з традыцыйнымі каштоўнасцямі4

Асудзілі за «садзеянне экстрэмізму» былога дырэктара школы

Вучоныя знайшлі агромністае радовішча золата, якое змяшчае 99,999% усяго золата планеты8

У Польшчы адбылося ДТЗ з аўтобусам, поўным беларусаў3

Макрон заявіў пра гатоўнасць адправіць ва Украіну 50 тысяч вайскоўцаў6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж43

Спявачку Мэрыем Герасіменка на працягу двух гадоў збіваў муж

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць