«Я ўжо развітвалася з мужам, баялася больш не пабачыцца». У беларускі ў 26 гадоў здарыўся інсульт
«Людзі жывуць і не разумеюць, наколькі яны багатыя і шчаслівыя».

У Кацярыны ў 26 гадоў здарыўся інсульт. У відэа тыкток-канала Belrels дзяўчына расказала сваю гісторыю.
У той дзень, калі здарыўся інсульт, Кацярына раптоўна адчула вельмі моцны боль у галаве. Апрытомнела, калі ўжо ляжала на падлозе — яна не магла ўстаць, адна рука зусім не рухалася.
Прыехала хуткая дапамога.
«Я памятаю, як мы сазваніліся з мужам: я ўжо з ім развітвалася, баялася, што мы больш з ім не пабачымся», — згадвае Кацярына
Муж яе моцна падтрымаў і ўвесь гэты год пасля інсульту быў побач, вучыў яе хадзіць.

«Мне было так шкада яго, і я казала: «Кірыл, навошта я табе патрэбна, навошта са мной вазіцца? Ты малады яшчэ, знайдзі сабе здаровую дзяўчыну». На што ён крыўдзіўся. Ён дагэтуль жартуе, што разводу мне не дасць».
Дзяўчына прызнаецца, што жыццё кардынальна змянілася, а некаторыя людзі, у якіх яна была ўпэўнена, пакінулі яе — засталіся толькі самыя блізкія. Іх падтрымка дае ёй сілы спраўляцца з усімі цяжкасцямі.
Кацярына марыць пра домік на прыродзе.
«У мяне пастаянна былі нейкія праблемы. А цяпер у мяне толькі адна праблема — гэта маё здароўе. Такое выпрабаванне мне далі, напэўна, для таго каб паказаць, што трэба цаніць усё, што ў нас ёсць», — разважае яна.
«Людзі жывуць і не разумеюць, наколькі яны багатыя і шчаслівыя», — са слязьмі на вачах кажа дзяўчына.
Каментары
Як пазбегчы інсульта?